§ 25. ГЕАГРАФІЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧОВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Геаграфія харчовай прамысловасці. Харчовая прамысловасць з’яўляецца галіной, якая цесна звязана з сельскай гаспадаркай, што пастаўляе сыравіну для вытворчасці прадуктаў харчавання. Прадпрыемствы харчовай прамысловасці размяшчаюцца паўсюдна, што звязана з наяўнасцю спажыўцоў і разнастайнай сыравіннай базай. Доля галіны ў структуры апрацоўчай прамысловасці свету складае каля 9 %, у развітых краінах — 7,6, у краінах, якія развіваюцца, — 11,8 %.

Харчовая прамысловасць прадстаўлена мноствам падгалін і відаў вытворчасцей. Вылучаюць базавыя падгаліны — мукамольную, мясную, малочную, цукровую, масларобную, сыраварную, рыбную прамысловасць. Да харчовай прамысловасці таксама адносяць вытворчасць круп, крухмалу, кансерваў, піва, віна, кандытарскіх і тытунёвых вырабаў.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У залежнасці ад арыентацыі той ці іншай вытворчасці на сыравіну або спажыўца падгаліны дзеляць на тры групы. Да падгалін, якія імкнуцца да сыравіны, адносяцца цукровая, рыбная, вінакурная, масласыраробная прамысловасць. Падгалінамі, якія арыентуюцца на спажыўца, з’яўляюцца макаронная, хлебапякарная, кандытарская прамысловасць. На спажыўца і на сыравінны фактар адначасова арыентуюцца мясаперапрацоўчая, мукамольная, маргарынавая прамысловасць.

Геаграфія вытворчасці мяса ў свеце зведала істотныя зрухі за другую палову ХХ – пачатак ХХІ ст. Гэта звязана, з аднаго боку, з ростам узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця і адпаведным ростам спажывання ў краінах, якія развіваюцца, і, з другога боку, пераходам развітых краін да спажывання дыетычнага мяса і агульнага скарачэння спажывання мяса ў рацыёне.

Галоўным рэгіёнам вытворчасці мяса выступае Азія, далей ідуць дзяржавы Амерыкі. Доля еўрапейскіх дзяржаў у сусветнай структуры скарачаецца. У цяперашні час у свеце вырабляецца 334,2 млн т мяса. Вядучымі вытворцамі з’яўляюцца Кітай, ЗША і Бразілія (мал. 178).

Мал. 179. Індыя — сусветны лідар
у вытворчасці малака

Геаграфія вытворчасці малака характарызуецца шырокім распаўсюджваннем і перавагай у рэгіянальнай структуры Азіяцкага рэгіёна. Агульны аб’ём вытворчасці малака складае 828,8 млн т, з якіх 25 % прыходзіцца на тры краіны — Індыю (мал. 179), Пакістан і Кітай.

Мал. 180. Французскія сыры —
мара гурманаў

Важнае месца ў структуры харчовай прамысловасці адводзіцца масласыраробным вытворчасцям. У цяперашні час аб’ёмы вытворчасці сыроў перавышаюць аб’ёмы вытворчасці масла. Так, сусветная вытворчасць сыроў складае 42 млн т, масла — 6,1 млн т. У МГПП гістарычна вядучыя пазіцыі па вытворчасці сыроў належалі краінам Еўропы — Францыі (мал. 180), Швейцарыі і інш. Аднак з-за росту спажывання сыроў прыкметна ўзраслі пазіцыі краін Паўночнай Амерыкі. Геаграфія вядучых вытворцаў сыроў прадстаўлена ў цяперашні час ЗША, Германіяй і Францыяй. Сярод асноўных сусветных вытворцаў масла вылучаюць ЗША, Індыю і Новую Зеландыю. Геаграфія вытворчасці алею досыць шырокая і паўсюдная. Аднак найбольшая канцэнтрацыя характэрная для Азіі. Сусветная вытворчасць складае 178,3 млн т, з іх на Інданезію, Малайзію і ЗША прыходзіцца 46 %.

Мал. 181. Цукровы камбінат
у Бразіліі

Геаграфія цукровай прамысловасці гістарычна характарызавалася арыентацыяй на сыравіну, г. зн. на цукровы трыснёг і цукровыя буракі. Па аб’ёмах вытворчасці ў цяперашні час у структуры пераважае вытворчасць цукру з цукровага трыснягу. Аднак у Еўропе захоўваюцца краіны, якія займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў МГПП па вытворчасці бураковага цукру. У свеце вырабляецца 178,9 млн т цукру, з іх на Бразілію (мал. 181), Індыю і Кітай прыходзіцца 46 %.

Свет і Беларусь. Якую прадукцыю лёгкай прамысловасці вырабляюць у Беларусі? Якую прадукцыю харчовай прамысловасці вырабляюць у Беларусі? Прадукцыя якіх прадпрыемстваў нашай краіны арыентавана на экспарт?

Падвядзём вынікі. Лёгкая і харчовая прамысловасць з’яўляюцца старымі галінамі сусветнай гаспадаркі і задавальняюць базавыя патрэбы насельніцтва ў ..., ... . Асноўнымі фактарамі, якія вызначаюць размяшчэнне прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці, з’яўляюцца ..., ... і ... .

Праверым свае веды. 1. Чаму ў свеце зніжаюцца аб’ёмы вытворчасці натуральных тканін? 2. Як звязаны паміж сабой лёгкая і хімічная прамысловасць? 3. Чаму Кітай лідзіруе па выпуску прадукцыі лёгкай прамысловасці? 4. Чым адрозніваецца спецыялізацыя харчовай прамысловасці свету ў развітых краін і краінах, якія развіваюцца? 5. Чым тлумачыцца спецыялізацыя развітых краін на вытворчасці сыроў?

Ад простага да складанага. 1. Складзіце калаж на тэму «Геаграфія майго гардэроба». 2. Падрыхтуйце прэзентацыі «Найбуйнейшыя ТНК у харчовай прамысловасці».

Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы картаграфічны матэрыял і матэрыял вучэбнага дапаможніка, запоўніце табліцу ў сшытку.

2. Выканайце практычную работу «Параўнальная характарыстыка найбуйнейшых індустрыяльных ТНК свету з выяўленнем падабенстваў і адрозненняў (на прыкладзе дзвюх кампаній на выбар)».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт найбуйнейшага вытворцы адзення — ТНК Christian Dior.
Сайт найбуйнейшага вытворцы спартыўнага адзення — ТНК Nike.
Сайт найбуйнейшага вытворцы прадуктаў харчавання — ТНК Nestle.