§ 25. ГЕАГРАФІЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧОВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Геаграфія лёгкай і харчовай прамысловасці. Лёгкая і харчовая прамысловасць з’яўляюцца старымі галінамі сусветнай гаспадаркі, якія задавальняюць базавыя патрэбы насельніцтва ў вопратцы, абутку, тканінах, прадуктах харчавання і інш. Па меры развіцця постындустрыялізацыі доля гэтых галін у структуры апрацоўчай прамысловасці свету скарачаецца, аднак геаграфічна яны маюць паўсюднае распаўсюджванне. У цяперашні час доля галіны складае каля 5 %. Акрамя таго, у сувязі з патрэбамі насельніцтва, якія растуць, і перш за ўсё краін, што развіваюцца, аб’ёмы вытворчасці прадукцыі лёгкай і харчовай прамысловасці няўхільна растуць.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. У постындустрыяльных краінах доля лёгкай прамысловасці скарачаецца. Аднак у гэтых краінах усё больш маштабна развіваецца індустрыя моды. Кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю, продажам і абслугоўваннем моднай прадукцыі, уяўляюць з сябе гіганцкую індустрыю, што дае шматмільярдныя прыбыткі. Чаму дадзены напрамак атрымаў развіццё ў постындустрыяльных краінах на фоне скарачэння долі лёгкай прамысловасці? Прывядзіце прыклады такіх кампаній.

Асноўнымі фактарамі, якія аказваюць уплыў на размяшчэнне лёгкай і харчовай прамысловасці, з’яўляюцца спажывецкі, сыравінны, узровень тэхналогій вытворчасці, фактар працоўных рэсурсаў.

Лёгкая прамысловасць уключае вялікую колькасць падгалін, што забяспечваюць насельніцтва прадукцыяй шырокага прызначэння, — тэкстыльную, абутковую, швейную, ювелірную, футравую, мэблевую, дывановую, фарфоравую і шэраг іншых. Вядучымі сярод іх выступаюць тэкстыльная і швейная прамысловасць.