§ 25. ГЕАГРАФІЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧОВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Геаграфія швейнай прамысловасці. Швейная вытворчасць прадстаўлена ў большасці краін свету і мае шырокую геаграфію. Аднак з-за магчымасці выкарыстання таннай працоўнай сілы асноўнымі сусветнымі вытворцамі з’яўляюцца краіны, якія развіваюцца, з вялікай колькасцю працоўных рэсурсаў. Гэтыя ж дзяржавы выступаюць і асноўнымі сусветнымі экспарцёрамі швейнай прадукцыі.

Мал. 177. Вытворчасць швейных вырабаў
у Кітаі

У геаграфіі экспарту тэкстылю (пражы, тканін усіх відаў, адзення) на працягу другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст. адбыліся істотныя змены. Еўрапейскі і Паўночнаамерыканскі рэгіёны саступілі сваё лідарства краінам Азіі. Першае месца ў цяперашні час належыць Кітаю (36 %) (мал. 177). Сярод азіяцкіх дзяржаў высокімі аб’ёмамі экспарту характарызуюцца таксама Індыя і Турцыя. Прыкметныя пазіцыі ў сусветным экспарце тэкстылю застаюцца за ЗША і Рэспублікай Карэя.

Папрацуем з атласам. Назавіце і пакажыце дзяржавы па вытворчасці швейнай прадукцыі, якая дорага каштуе.

У геаграфіі экспарцёраў адзення вылучаюцца два асноўныя рэгіёны — Еўрапейскі і Азіяцкі. Першы спецыялізуецца на дарагім, эксклюзіўным адзенні, другі — на адзенні масавага спажывання. Доля краін Еўрапейскага саюза ў сусветным экспарце адзення складае 29 %, Кітая — 24 %. Вядучыя месцы па экспарце адзення ў свеце займаюць таксама Бангладэш (5 %), Германія і Турцыя (па 4,5), Італія (4,2 %).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Сярэдняя працягласць жыцця адзення складае каля 3 гадоў. Спадніца — найстарэйшы прадмет адзення, старэйшая толькі набедраная павязка. Больш за 2 млрд футболак прадаецца кожны год. Сацыяльны ранг чалавека і прафесія ў еўрапейскім Сярэдневякоўі вызначаліся па колеры адзення. Знаць насіла вопратку чырвонага колеру, сяляне — карычневага і шэрага, а купцы, банкіры і дваране — зялёнага.

Паразважаем. Чаму ў цяперашні час многія вядомыя кампаніі па вытворчасці спартыўнага адзення выводзяць свае прадпрыемствы з Кітая і пераносяць іх у Бангладэш, В’етнам, Камбоджу, Інданезію?