§ 25. ГЕАГРАФІЯ ЛЁГКАЙ І ХАРЧОВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЦІ СВЕТУ

Геаграфія тэкстыльнай прамысловасці. Тэкстыльная прамысловасць з’яўляецца адной з самых буйных па аб’ёме выпускаемай прадукцыі і колькасці занятых. У залежнасці ад тэхналогіі атрымання тэкстылю вылучаюць тры асноўныя віды вытворчасцей — тканін, нятканых матэрыялаў і трыкатажу. У развітых краінах найбольшае развіццё атрымліваюць вытворчасці дарагіх тканін верхняга трыкатажу, нятканых матэрыялаў, высакаякасных відаў натуральных тканін; у краінах, якія развіваюцца, — баваўняных тканін, тканін з хімічных валокнаў, недарагога бялізнавага трыкатажу.

У тэкстыльнай прамысловасці на вытворчасць тканін прыходзіцца каля 50 %, трыкатажную вытворчасць — 30, вытворчасць нятканых матэрыялаў — 20 %. У структуры вытворчасці тканін адбыліся значныя змены.

Калі ў 1950 г. 84 % тканін выраблялася з натуральных валокнаў і толькі 16 — з хімічных, то ў цяперашні час доля апошніх узрасла да 58 %.

Сярод натуральных тканін вядучае месца па аб’ёмах вытворчасці належыць баваўняным. Падгаліна развіваецца на мясцовай сыравіне. Вытворчасць баваўняных тканін характарызуецца зніжэннем тэмпаў і канцэнтрацыяй у краінах, якія развіваюцца. Агульны аб’ём вытворчасці складае 111 млрд м2. Геаграфія вядучых вытворцаў прадстаўлена Кітаем (26 % сусветнай вытворчасці), Індыяй (14), Расіяй (15 %), а таксама Пакістанам і Бразіліяй.

Мал. 173. Вытворчасць шарсцяных тканін

Такія вядомыя ў мінулым віды тканін, як шарсцяныя, ільняныя, шаўковыя, займаюць цяпер нязначнае месца ў структуры тэкстыльнай галіны — менш за 10 %. Вытворчасць шарсцяных тканін (мал. 173) у свеце саступае па аб’ёмах вытворчасці баваўняных. Сусветная вытворчасць складае каля 3,2 млрд м2. Асноўныя сучасныя магутнасці сканцэнтраваны ў Кітаі, Індыі, Турцыі. Аднак шэраг развітых краін (Францыя, Японія, Італія) таксама спецыялізуецца на іх выпуску.

Вытворчасць шаўковых тканін складае менш за 0,2 % у структуры тэкстыльнай прамысловасці. Аднак значнасць падгаліны ў сусветнай гаспадарцы з’яўляецца высокай, і геаграфія вытворчасці прадстаўлена больш чым 60 краінамі. Сусветная вытворчасць шаўковых тканін складае 178 млн т. Вядучымі вытворцамі выступаюць Кітай (146 млн т), Індыя (28), Узбекістан (1,1 млн т), на долю якіх прыходзіцца 98 % сусветнай вытворчасці.

Мал. 174. Вытворчасць шаўковых
тканін у Старажытным Кітаі

У свеце цікавага. З’яўленнем шоўку мы абавязаны Старажытнаму Кітаю (мал. 174). Шоўк выкарыстоўваўся там за 3 тысячы гадоў да н. э. Спачатку тканіна была ва ўжытку толькі кітайскіх імператараў. Паступова слава шоўку распаўсюдзілася па ўсёй Азіі, і купцы пачалі ажыццяўляць паўнавартасны гандаль тканінай і адзеннем з шоўку. Доўгі час кітайцы спрабавалі захаваць тэхналогію вытворчасці шоўку ў сакрэце. Але некалькі разоў лічынкі тутавага шаўкапрада ўдалося таемна вывезці ў іншыя краіны, і шаўкаводства стала распаўсюджвацца ў іншых рэгіёнах.

Трыкатажная вытворчасць займае другое месца ў структуры тэкстыльнай прамысловасці. Гістарычна лідзіруючыя пазіцыі па аб’ёмах вытворчасці належалі развітым краінам і першым чынам Італіі. У апошні час значна выраслі тэмпы і аб’ёмы вытворчасці ў краінах Азіі, якія развіваюцца, і на першыя пазіцыі выйшаў Кітай. Доля краіны ў сусветнай вытворчасці трыкатажу складае 71 %, другое месца займае Італія (8), трэцяе — Японія (4 %).

Вытворчасць нятканых матэрыялаў расце ў свеце значна хутчэй, чым тканін і трыкатажу, што звязана з павелічэннем колькасці спажыўцоў гэтага віду тэкстыльнай прадукцыі. Агульны аб’ём вытворчасці нятканых матэрыялаў дасягнуў у свеце 1,954 млн т. Найбольш шырока нятканыя матэрыялы выкарыстоўваюцца для вытворчасці сродкаў гігіены, хірургічнай экіпіроўкі (мал. 175), аднаразовага адзення, сталовай бялізны, у будаўніцтве, аўтамабільнай галіне. На тры рэгіёны свету — Азію, Еўропу і Паўночную Амерыку — прыходзіцца 85 % сусветнай вытворчасці і спажывання нятканых матэрыялаў. Сярод краін у цяперашні час вядучым удзельнікам сусветнага рынку нятканых матэрыялаў стаў Кітай (мал. 176). На яго долю прыходзіцца 30 % вытворчасці і 28 % сусветнага экспарту.