*§ 24-1. ГЕАГРАФІЯ ВЫСОКАТЭХНАЛАГІЧНЫХ ГАЛІН СВЕТУ

Міжнародная спецыялізацыя і геаграфія высокатэхналагічных відаў вытворчасцей. Найбольшае развіццё галіны і віды эканамічнай дзейнасці высокіх тэхналогій атрымліваюць у эканамічна высокаразвітых краінах (напр., ЗША, Францыя, Германія, Японія) і некаторых краінах, якія развіваюцца (напр., Рэспубліка Карэя, Кітай).

Вытворчасць самалётаў і касмічных апаратаў з’яўляецца складаным па сваёй структуры відам вытворчасці. Яна ўключае не толькі выпуск лётных апаратаў, але і вытворчасць арыгінальных рухавікоў, авіяцыйных сістэм і камплектуючых для іх, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт грамадзянскай і ваеннай лётнай тэхнікі, вытворчасць спадарожнікаў і касмічных апаратаў, вытворчасць ракет і беспілотных лётных апаратаў (мал. 172-1).

Мал.
Мал. 172-1. Беспілотны лётны апарат

Найбольшая доля прыпадае на тры віды эканамічнай дзейнасці: 1) вытворчасць лётных апаратаў і рухавікоў (28 %); 2) тэхнічнае абслугоўванне і рамонт грамадзянскай і ваеннай лётнай тэхнікі (27 %) і 3) вытворчасць авіяцыйных сістэм і камплектуючых для іх (26 %).

Вядучае месца сярод рэгіёнаў належыць Паўночнай Амерыцы (54 % аб’ёму вытворчасці). Далей ідуць краіны Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі (31 %). Доля Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна складае 15 %.

У свеце ТНК. Пазіцыю па-за канкурэнцыі сярод краін, якія лідзіруюць у аэракасмічным вытворчасці, займаюць ЗША. Доля гэтай краіны складае ў структуры падгаліны 49 %. Найбуйнейшым кампаніямі па вытворчасці з’яўляюцца Боінг (Boeing), Локхід Марцін (Lockheed Martin) і Юнайтэд Тэхноладжыс (United Technologies). Другое месца займае Францыя (8 %), трэцяе — Кітай і Вялікабрытанія (па 6 %).

Вядучымі экспарцёрамі прадукцыі аэракасмічнай падгаліны ў свеце з’яўляюцца эканамічна развітыя краіны — ЗША, Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Канада.

Фармацэўтыка — падгаліна сусветнай гаспадаркі, якая дынамічна развіваецца, характарызуецца найбольшымі сярод галін сусветнай гаспадаркі выдаткамі на НДВКП. Яны складаюць 15 %. Гэта тлумачыцца ўстойлівым ростам попыту на лекавыя сродкі ў свеце і хуткім пашырэннем асартыменту лекавых сродкаў. У пачатку XXI ст. сусветная фармацэўтыка аб’ядноўвае: 1) прадаўцоў і вытворцаў розных тавараў для аховы здароўя; 2) навукоўцаў-даследчыкаў, якія займаюцца стварэннем і ўкараненнем новых прэпаратаў для лячэння; 3) лекараў, што прызначаюць дадзеныя прадукты; 4) спажыўцоў, якія непасрэдна набываюць прадукцыю.

Павелічэнне аб’ёму вытворчасці фармацэўтычнай прамысловасці абумоўлена двума асноўнымі прычынамі: 1) агульным ростам захворвання з-за пагаршэння экалагічнага становішча і ўзмацнення ўплыву тэхнагенных фактараў; 2) старэннем насельніцтва ў развітых краінах.

Трыма галоўнымі фармацэўтычнымі рэгіёнамі планеты застаюцца Паўночная Амерыка, Еўропа і Азія, на іх прыпадае каля 80 % усяго рынку лекавых прэпаратаў. Пры гэтым асноўнай геаграфічнай тэндэнцыяй сучаснай фармацэўтыкі з’яўляецца яе зрух у краіны з эканомікай, якая фарміруецца, — Кітай, Індыю, Бразілію і Турцыю.

Вядучымі вытворцамі фармацэўтычнай прадукцыі ў свеце па аб’ёмах вытворчасці з’яўляюцца ЗША, Кітай і Японія. Найбуйнейшымі ТНК у фармацэўтыцы выступаюць Пфайзер (Pfizer, ЗША), Наварціс (Novartis, Швейцарыя) (мал. 172-2) і Рашэ Холдынг (Roche Holding, Швейцарыя).

Мал.
Мал. 172-2. Прадпрыемства ТНК Наварціс

Вядучымі экспарцёрамі фармацэўтычнай прадукцыі на сусветным рынку з’яўляюцца Германія (15 % сусветнага экспарту), ЗША (11 %) і Швейцарыя (10 %).

Найбольшы ўплыў на развіццё фармацэўтыкі ў перспектыве акажуць біятэхналагічныя распрацоўкі ў стварэнні персаналізаваных лекавых прэпаратаў («найбольш эфектыўныя лекі для дадзенага пацыента ў дадзены час»). Персаналізацыя медыцыны на базе найноўшых біятэхналагічных распрацовак будзе адным з сектараў фармацэўтыкі, якія найбольш дынамічна развіваюцца.

Вытворчасць офіснай, бухгалтарскай і камп’ютарнай тэхнікі ў інфармацыйную постындустрыяльную эпоху з’яўляецца неад’емнай часткай галіновай структуры гаспадаркі развітых краін і вялікай колькасці краін, якія развіваюцца. У сусветнай гаспадарцы вылучаюцца краіны, якія ў шмат разоў апярэджваюць па аб’ёмах вытворчасцей усе астатнія і лідзіруюць у свеце. Найбольшымі аб’ёмамі вытворчасцей офіснай, бухгалтарскай і камп’ютарнай тэхнікі характарызуюцца Кітай, ЗША і Вялікабрытанія.

Асноўныя ТНК на рынку офіснай і камп’ютарнай тэхнікі — амерыканскія: Apple (ЗША) (мал. 172-3), HP (ЗША) і Dell Technologies (ЗША).

Мал.
Мал. 172-3. Вытворчасць iPhone у Кітаі

Найбуйнейшымі экспарцёрамі офіснай і камп’ютарнай тэхнікі выступаюць Кітай, Тайланд і ЗША.

Па вытворчасці абсталявання для радыё, тэлебачання і сувязі ў свеце лідзіруюць Кітай, ЗША і Рэспубліка Карэя. Найбуйнейшымі ТНК у гэтай сферы з’яўляюцца Cisco Systems (ЗША), Nokia (Фінляндыя) і ZTE (Кітай).

У цэлым, найбольшымі аб’ёмамі экспарту ўсіх відаў высокатэхналагічнай прадукцыі ў свеце вылучаюцца Кітай, ЗША, Тайвань і Рэспубліка Карэя.

Падвядзём вынікі. Высокатэхналагічныя галіны з’яўляюцца індыкатарам высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і патрабуюць значных выдаткаў на навуковыя даследаванні. Найбольшае развіццё гэтыя віды эканамічнай дзейнасці атрымалі ў эканамічна высокаразвітых краінах свету.

Праверым свае веды. 1. Якія галіны і віды эканамічнай дзейнасці адносяць да высокатэхналагічных? 2. У якіх краінах атрымала перадавое развіццё вытворчасць касмічных лётных апаратаў? 3. Якія ТНК лідзіруюць у фармацэўтыцы? 4. Якія краіны з’яўляюцца вядучымі экспарцёрамі прадукцыі высокатэхналагічных галін?

Ад простага да складанага. Чым вы можаце патлумачыць геаграфічны падзел у ТНК Apple — iPhone: праектаванне ажыццяўляецца ў ЗША, зборка — у Кітаі?

Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы рэсурсы інтэрнэту і дадатковую літаратуру, падрыхтуйце міні-паведамленне на тэму «Геаграфія вытворчасці смартфонаў у свеце».
2. Выканайце практычную работу 28 «Параўнальная характарыстыка найбуйнейшых ТНК свету» (на прыкладзе трох кампаній на выбар) паводле тыпавога плана.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт ТНК Lockheed Martin
Сайт ТНК Apple