*§ 24-1. ГЕАГРАФІЯ ВЫСОКАТЭХНАЛАГІЧНЫХ ГАЛІН СВЕТУ
Успамінаем. Якія змены адбываюцца ў галіновай структуры сусветнай гаспадаркі пад уплывам навукова-тэхнічнага прагрэсу? Прывядзіце прыклады новых відаў хімічнай прадукцыі, прадукцыі харчовай прамысловасці, якія з’явіліся ў выніку развіцця навукі. Які ўплыў аказала трэцяя НТР на развіццё сферы паслуг? Якія падгаліны і віды эканамічнай дзейнасці адносяць да высокатэхналагічных? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | *§ 24-1. ГЕАГРАФІЯ ВЫСОКАТЭХНАЛАГІЧНЫХ ГАЛІН СВЕТУ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 15 Январь 2025, 21:04 |
Высокатэхналагічныя вытворчасці ў сусветнай гаспадарцы. Развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу прывяло да фарміравання ў сусветнай гаспадарцы высокатэхналагічных галін і новых відаў эканамічнай дзейнасці. У эпоху постындустрыялізму менавіта яны становяцца своеасаблівымі індыкатарамі высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця. Віды эканамічнай дзейнасці, якія патрабуюць у цяперашні час найбольшых выдаткаў на навуковыя распрацоўкі, увайшлі ў групу высокатэхналагічных галін.
Міжнародная спецыялізацыя і геаграфія высокатэхналагічных відаў вытворчасцей. Найбольшае развіццё галіны і віды эканамічнай дзейнасці высокіх тэхналогій атрымліваюць у эканамічна высокаразвітых краінах (напр., ЗША, Францыя, Германія, Японія) і некаторых краінах, якія развіваюцца (напр., Рэспубліка Карэя, Кітай).
Вытворчасць самалётаў і касмічных апаратаў з’яўляецца складаным па сваёй структуры відам вытворчасці. Яна ўключае не толькі выпуск лётных апаратаў, але і вытворчасць арыгінальных рухавікоў, авіяцыйных сістэм і камплектуючых для іх, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт грамадзянскай і ваеннай лётнай тэхнікі, вытворчасць спадарожнікаў і касмічных апаратаў, вытворчасць ракет і беспілотных лётных апаратаў (мал. 172-1).
Найбольшая доля прыпадае на тры віды эканамічнай дзейнасці: 1) вытворчасць лётных апаратаў і рухавікоў (28 %); 2) тэхнічнае абслугоўванне і рамонт грамадзянскай і ваеннай лётнай тэхнікі (27 %) і 3) вытворчасць авіяцыйных сістэм і камплектуючых для іх (26 %).
Вядучае месца сярод рэгіёнаў належыць Паўночнай Амерыцы (54 % аб’ёму вытворчасці). Далей ідуць краіны Еўропы, Блізкага Усходу і Афрыкі (31 %). Доля Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна складае 15 %.
У свеце ТНК. Пазіцыю па-за канкурэнцыі сярод краін, якія лідзіруюць у аэракасмічным вытворчасці, займаюць ЗША. Доля гэтай краіны складае ў структуры падгаліны 49 %. Найбуйнейшым кампаніямі па вытворчасці з’яўляюцца Боінг (Boeing), Локхід Марцін (Lockheed Martin) і Юнайтэд Тэхноладжыс (United Technologies). Другое месца займае Францыя (8 %), трэцяе — Кітай і Вялікабрытанія (па 6 %). |
Вядучымі экспарцёрамі прадукцыі аэракасмічнай падгаліны ў свеце з’яўляюцца эканамічна развітыя краіны — ЗША, Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Канада.
Фармацэўтыка — падгаліна сусветнай гаспадаркі, якая дынамічна развіваецца, характарызуецца найбольшымі сярод галін сусветнай гаспадаркі выдаткамі на НДВКП. Яны складаюць 15 %. Гэта тлумачыцца ўстойлівым ростам попыту на лекавыя сродкі ў свеце і хуткім пашырэннем асартыменту лекавых сродкаў. У пачатку XXI ст. сусветная фармацэўтыка аб’ядноўвае: 1) прадаўцоў і вытворцаў розных тавараў для аховы здароўя; 2) навукоўцаў-даследчыкаў, якія займаюцца стварэннем і ўкараненнем новых прэпаратаў для лячэння; 3) лекараў, што прызначаюць дадзеныя прадукты; 4) спажыўцоў, якія непасрэдна набываюць прадукцыю.
Павелічэнне аб’ёму вытворчасці фармацэўтычнай прамысловасці абумоўлена двума асноўнымі прычынамі: 1) агульным ростам захворвання з-за пагаршэння экалагічнага становішча і ўзмацнення ўплыву тэхнагенных фактараў; 2) старэннем насельніцтва ў развітых краінах.
Трыма галоўнымі фармацэўтычнымі рэгіёнамі планеты застаюцца Паўночная Амерыка, Еўропа і Азія, на іх прыпадае каля 80 % усяго рынку лекавых прэпаратаў. Пры гэтым асноўнай геаграфічнай тэндэнцыяй сучаснай фармацэўтыкі з’яўляецца яе зрух у краіны з эканомікай, якая фарміруецца, — Кітай, Індыю, Бразілію і Турцыю.
Вядучымі вытворцамі фармацэўтычнай прадукцыі ў свеце па аб’ёмах вытворчасці з’яўляюцца ЗША, Кітай і Японія. Найбуйнейшымі ТНК у фармацэўтыцы выступаюць Пфайзер (Pfizer, ЗША), Наварціс (Novartis, Швейцарыя) (мал. 172-2) і Рашэ Холдынг (Roche Holding, Швейцарыя).
Вядучымі экспарцёрамі фармацэўтычнай прадукцыі на сусветным рынку з’яўляюцца Германія (15 % сусветнага экспарту), ЗША (11 %) і Швейцарыя (10 %).
Найбольшы ўплыў на развіццё фармацэўтыкі ў перспектыве акажуць біятэхналагічныя распрацоўкі ў стварэнні персаналізаваных лекавых прэпаратаў («найбольш эфектыўныя лекі для дадзенага пацыента ў дадзены час»). Персаналізацыя медыцыны на базе найноўшых біятэхналагічных распрацовак будзе адным з сектараў фармацэўтыкі, якія найбольш дынамічна развіваюцца.
Вытворчасць офіснай, бухгалтарскай і камп’ютарнай тэхнікі ў інфармацыйную постындустрыяльную эпоху з’яўляецца неад’емнай часткай галіновай структуры гаспадаркі развітых краін і вялікай колькасці краін, якія развіваюцца. У сусветнай гаспадарцы вылучаюцца краіны, якія ў шмат разоў апярэджваюць па аб’ёмах вытворчасцей усе астатнія і лідзіруюць у свеце. Найбольшымі аб’ёмамі вытворчасцей офіснай, бухгалтарскай і камп’ютарнай тэхнікі характарызуюцца Кітай, ЗША і Вялікабрытанія.
Асноўныя ТНК на рынку офіснай і камп’ютарнай тэхнікі — амерыканскія: Apple (ЗША) (мал. 172-3), HP (ЗША) і Dell Technologies (ЗША).
Найбуйнейшымі экспарцёрамі офіснай і камп’ютарнай тэхнікі выступаюць Кітай, Тайланд і ЗША.
Па вытворчасці абсталявання для радыё, тэлебачання і сувязі ў свеце лідзіруюць Кітай, ЗША і Рэспубліка Карэя. Найбуйнейшымі ТНК у гэтай сферы з’яўляюцца Cisco Systems (ЗША), Nokia (Фінляндыя) і ZTE (Кітай).
У цэлым, найбольшымі аб’ёмамі экспарту ўсіх відаў высокатэхналагічнай прадукцыі ў свеце вылучаюцца Кітай, ЗША, Тайвань і Рэспубліка Карэя.
Падвядзём вынікі. Высокатэхналагічныя галіны з’яўляюцца індыкатарам высокага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і патрабуюць значных выдаткаў на навуковыя даследаванні. Найбольшае развіццё гэтыя віды эканамічнай дзейнасці атрымалі ў эканамічна высокаразвітых краінах свету. |
Праверым свае веды. 1. Якія галіны і віды эканамічнай дзейнасці адносяць да высокатэхналагічных? 2. У якіх краінах атрымала перадавое развіццё вытворчасць касмічных лётных апаратаў? 3. Якія ТНК лідзіруюць у фармацэўтыцы? 4. Якія краіны з’яўляюцца вядучымі экспарцёрамі прадукцыі высокатэхналагічных галін? |
Ад простага да складанага. Чым вы можаце патлумачыць геаграфічны падзел у ТНК Apple — iPhone: праектаванне ажыццяўляецца ў ЗША, зборка — у Кітаі? |
Ад тэорыі да практыкі. 1. Выкарыстоўваючы рэсурсы інтэрнэту і дадатковую літаратуру, падрыхтуйце міні-паведамленне на тэму «Геаграфія вытворчасці смартфонаў у свеце». |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт ТНК Lockheed Martin |
||
Сайт ТНК Apple |