§ 23. ГЕАГРАФІЯ МАШЫНАБУДАВАННЯ СВЕТУ

Лінейка робатаў ТНК FANUC уключае самага «моцнага» з прамысловых робатаў, якія серыйна выпускаюцца ў свеце, з максімальнай грузападымальнасцю 1350 кг; высокадакладныя і хуткасныя зварачныя робаты; серыю грузападымальных робатаў з магчымасцю ўпакоўкі гатовай прадукцыі. Дзейнасць вядучага нямецкага вытворцы прамысловых робатаў KUKA сканцэнтравана на вытворчасці робатаў, якія ўжываюцца ў розных галінах: ад аўтамабільнай і металургічнай да харчовай. Нямецкая кампанія была заснавана ў 1898 г. у Аўгсбургу. Сёння ў асартыменце кампаніі ёсць шмат відаў робатаў, якія выконваюць розныя задачы. Робатаў KUKA выкарыстоўваюць ва ўсім свеце на заводах: для аперацый па зварцы, пагрузцы, упакоўцы, апрацоўцы, зборцы і інш. Машыны KUKA класіфікуюць па ўзроўні грузападымальнасці: малы (5–16 кг), сярэдні (30–60 кг) і вялікі (90–300 кг).

Спецыялізацыя ТНК ABB — гэта электратэхніка, энергетычнае машынабудаванне, робататэхніка. ABB з’явілася ў 1988 г. і сёння займае лідзіруючыя пазіцыі ў вытворчасці прамысловых робатаў (агульная колькасць перавышае 20 000).

Кампанія вырабляе прамысловыя робаты, спецыяльнае абсталяванне і інструменты, праграмнае забеспячэнне для мадэлявання робататэхнічных комплексаў, спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для зваркі і апрацоўкі пластыка, вытворчыя ячэйкі, комплексныя сістэмы для аўтамабільнай прамысловасці.