§ 23. ГЕАГРАФІЯ МАШЫНАБУДАВАННЯ СВЕТУ

Геаграфія асноўных галін машынабудавання. Вядучай падгаліной у агульным машынабудаванні з’яўляецца станкабудаванне. Яно ўключае ў сябе вытворчасць металаапрацоўчых і іншых станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, прамысловых робатаў. Гістарычна вядучыя пазіцыі ў развіцці станкабудавання займалі развітыя краіны. У цяперашні час спецыфікай геаграфіі падгаліны з’яўляецца высокая канцэнтрацыя складаных вытворчасцей у развітых краінах (выпуск складаных дарагіх станкоў) і менш складаных — у краінах, якія развіваюцца. За апошнія два дзесяцігоддзі геаграфія падгаліны зведала істотныя зрухі. У рэгіянальнай структуры 62 % станкоў вырабляецца ў Азіі, 30 — у Еўропе і 5 % — у Амерыцы. У вытворчасці станкоў варта вылучыць дзве вядучыя развітыя краіны — Японію і Германію (мал. 160) і краіну, якая развіваецца, — Кітай. На іх долю ў сукупнасці прыходзіцца больш за 50 % сусветнай вытворчасці станкоў.

Робататэхніка з’яўляецца падгаліной у структуры машынабудавання, якая дынамічна развіваецца, што звязана з попытам на робатаў у аўтамабілебудаванні, ахове здароўя, фармацэўтыцы і інш. Вытворчасць робатаў у свеце дасягнула 294 тыс. адз. Гістарычным лідарам выступае Японія (мал. 161). У цяперашні час на пяць краін — Кітай, Рэспубліку Карэя, Японію, ЗША і Германію — прыходзіцца 70 % сусветнай вытворчасці робатаў. Найбольш хуткімі тэмпамі развіваецца робататэхніка ў Кітаі, доля якога складае 30 % сусветнай вытворчасці, або 87 тыс. адз. Другое месца належыць Рэспубліцы Карэя — 41 тыс. адз., трэцяе — Японіі — 38 тыс. адз. Найбольшай патрэбай у робатах характарызуецца аўтамабілебудаванне (на 10 000 працоўных прыходзіцца ад 400 да 700 робатаў) i электронікай з электратэхнікай (на 10 000 працоўных — 100–200 робатаў).

У свеце цікавага. У свеце вылучаюцца краіны з найбольш высокім узроўнем рабатызацыі. Лідзіруе Рэспубліка Карэя — на 10 тыс. рабочых тут маецца 631 робат. Больш за ўсё машын устаноўлена на прадпрыемствах аўтамабільнай і электратэхнічнай прамысловасці. Далей ідзе Сінгапур — на 10 тыс. чалавек на заводах устаноўлена 488 робатаў. Каля 90 % машын задзейнічана ў электратэхнічнай прамысловасці. Германія — самая аўтаматызаваная краіна ў Еўропе. На 10 тыс. чалавек у вытворчасці прыходзіцца 309 робатаў. У той жа час у Вялікабрытаніі прамысловыя робаты не карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. На 10 тыс. чалавек у 2016 г. прыходзіўся 71 робат.

Найбуйнейшымі ТНК робататэхнікі з’яўляюцца японская FANUC, якая вырабляе «інтэлектуальныя» робаты; нямецкая KUKA, якая спецыялізуецца на робатах для зваркі, пагрузкі, упакоўкі, зборкі; швейцарская ABB, якая выпускае робаты для транспартнага машынабудавання (для трактароў, цягнікоў, матацыклаў, лёгкіх самалётаў і верталётаў).

Найстарэйшай галіной транспартнага машынабудавання выступае суднабудаванне. Геаграфія галіны зведала істотныя змены з часу ўзнікнення. Лідарства доўгі час належала Еўропе, дзе вядучымі суднабудаўнічымі дзяржавамі былі Вялікабрытанія, Швецыя, Германія (мал. 162) і інш. У Азіі суднабудаванне актыўна развівалася ў Японіі. У канцы ХХ ст. лідарамі па вытворчасці круізных лайнераў былі Японія, Германія і Рэспубліка Карэя. Пад уплывам НТР з’явіліся новыя віды суднаў — буйнатанажныя танкеры, атамныя ледаколы, кантэйнеравозы, навукова-даследчыя плывучыя лабараторыі і інш. У цяперашні час у геаграфіі суднабудавання адбыўся кардынальны зрух — з развітых краін у краіны, якія развіваюцца, з Еўропы ў Азію. Вядучымі вытворцамі суднаў у свеце з’яўляюцца Рэспубліка Карэя (41 % сусветнай вытворчасці), Японія (29) і Кітай (24 %).

Свет і Беларусь. У Рэспубліцы Беларусь атрымала маштабнае развіццё машынабудаванне. Найбуйнейшыя машынабудаўнічыя прадпрыемствы вырабляюць прадукцыю не толькі для задавальнення попыту на ўнутраным рынку. Значная частка прадукцыі галіны ідзе на экспарт. Вызначыце геаграфію экспартных паставак прадпрыемстваў машынабудавання. Якія змены ў развіцці машынабудавання Беларусі адбыліся ў апошні час?

Аўтамабілебудаванне — галоўная састаўная частка транспартнага машынабудавання і адна з найважнейшых галін у структуры машынабудавання. Развіццё галіны залежыць ад многіх галін сусветнай гаспадаркі (металургія, хімічная, нафтахімічная, тэкстыльная і інш.). Да ліку асноўных фактараў размяшчэння адносяцца фактар працоўных рэсурсаў, навукаёмістасць, экалагічны і інш.

Мал. 163. Дынаміка сусветнай вытворчасці
аўтамабіляў усіх відаў, млн шт.

Сусветная вытворчасць аўтамабіляў у свеце няўхільна ўзрастае. Калі ў 1950 г. выраблялася 10,5 млн аўтамабіляў, то ў цяперашні час — 95,6 млн, з іх легкавых — 70,5 млн (мал. 163).

У галіновай структуры вылучаюць чатыры групы вытворчасцей: легкавыя аўтамабілі, легкагрузныя аўтамабілі, велікагрузныя аўтамабілі, велікагрузныя аўтобусы (мал. 164). Гістарычна ў свеце існавала геаграфічная трыяда вытворцаў аўтамабіляў: краіны Еўропы — ЗША — Японія. У цяперашні час галіна характарызуецца шырокай геаграфіяй. Аўтамабілебудаванне прадстаўлена ў большасці краін свету, у ім моцна развіты міжнароднае каапераванне працы і міжнародная спецыялізацыя. У цяперашні час у рэгіянальнай структуры вытворчасці ўсіх відаў аўтамабіляў 53 % прыходзіцца на Азію, 26 — на Еўропу, 21 % — на Паўночную Амерыку.

Мал. 165. Канвеерная зборка легкавых
аўтамабіляў у Познані (Польшча)

Па вытворчасці легкавых аўтамабіляў Азіяцкі рэгіён таксама выступае лідарам, яго доля складае 52 %. Кожны трэці легкавы аўтамабіль вырабляецца ў Еўропе (32 %) (мал. 165) і 15 % сусветнай вытворчасці прыходзіцца на Паўночную Амерыку. Найбольшай колькасцю легкавых аўтамабіляў характарызуецца Кітай, далей ідуць Японія і Германія. Сярод краін, у якіх дынамічна развіваецца аўтамабілебудаванне, неабходна вылучыць Бразілію, Мексіку, Індыю, Турцыю, Тайланд і інш.

У свеце ТНК. Нягледзячы на геаграфічны зрух аўтамабілебудавання ў краіны Азіі, якія развіваюцца, большасць вядучых ТНК галіны знаходзіцца ў развітых краінах. Да іх ліку адносяцца Toyota Motor (Японія), Volkswagen Group (Германія), Daimler (Германія).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце асноўныя ТНК у аўтамабілебудаванні і краіны, у якіх размешчаны іх штаб-кватэры.

Электронная прамысловасць з’яўляецца самай навукаёмістай і інавацыйнай у сусветнай гаспадарцы. Яна характарызуецца найбольш высокімі і ўстойлівымі тэмпамі росту. Развіццё электронікі ўплывае на ўсе без выключэння галіны сусветнай гаспадаркі, што тлумачыцца масавым укараненнем яе прадукцыі.

У структуры падгаліны вылучаюць вытворчасць: 1) электронных сродкаў апрацоўкі інфармацыі; 2) электронных кампанентаў і праграмнага забеспячэння; 3) сродкаў сувязі.

Аб’ём вытворчасці электронных сродкаў апрацоўкі інфармацыі — персанальных камп’ютараў — у свеце складае 315 млн шт., з іх настольных — 137 і партатыўных — 178 млн шт. У рэгіянальнай структуры вытворчасці камп’ютараў дамінуючыя пазіцыі ў цяперашні час займаюць краіны Азіі (Кітай, Рэспубліка Карэя). Аднак у розныя перыяды значная роля належала ЗША і краінам Еўропы.

У свеце ТНК. Сярод найбуйнейшых ТНК, якія вырабляюць камп’ютары, варта вылучыць Apple (ЗША) і Hewlett-Packard (ЗША). Вытворчасць электронных кампанентаў уключае выпуск транзістараў, працэсараў, чыпсет і інш. Вядучай ТНК у гэтай галіне з’яўляецца амерыканская кампанія Intel. Самай буйной кампаніяй у свеце па вытворчасці праграмнага забеспячэння з’яўляецца амерыканская ТНК Microsoft.

Вытворчасць сродкаў сувязі (прылады для доступу ў інтэрнэт, мабільныя тэлефоны, сеткавае абсталяванне) характарызуецца самымі высокімі тэмпамі развіцця, што абумоўлена спажывецкім фактарам. Вядучыя пазіцыі ў сусветнай індустрыі мабільных тэлефонаў і смартфонаў (мал. 166) займаюць наступныя ТНК: Nokia (Фінляндыя, 33 % сусветнага рынка), Apple (ЗША, 16) і Samsung Group (Рэспубліка Карэя, 8 %). Аб’ём вытворчасці смартфонаў дасягнуў 302 млн шт., а агульная колькасць іх карыстальнікаў у свеце перавысіла 1,6 млрд чалавек.

Авіяракетна-касмічная прамысловасць (АРКП) адносіцца да найноўшых галін машынабудавання. Асноўным фактарам размяшчэння з’яўляецца прыцягненне да гарадоў, якія маюць буйныя навукова-даследчыя цэнтры. АРКП з’яўляецца найбольш навукаёмістай галіной, якая патрабуе значных капіталаўкладанняў. Таму найбольшае развіццё яна атрымлівае ў абмежаванай колькасці краін з высокім узроўнем развіцця.

У структуры галіны вылучаюць самалётабудаванне, верталётабудаванне, ракетабудаванне, вытворчасць касмічных лятальных апаратаў, вытворчасць рухавікоў і авіяцыйнае прыборабудаванне. Лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па ўсіх відах вытворчасцей АРКП займаюць ЗША, Францыя (мал. 167) і Расія. Найбуйнейшым сусветным вытворцам авіяцыйнай, касмічнай і ваеннай тэхнікі ў свеце з’яўляецца амерыканская ТНК The Boeing Company.