§ 22. ГЕАГРАФІЯ МЕТАЛУРГІІ СВЕТУ

Мал. 156. Асноўныя тэхналагічныя
цыклы ў каляровай металургіі

Геаграфія каляровай металургіі свету. Гэта падгаліна з’яўляецца другой па значнасці ў структуры металургічнай прамысловасці. Адметныя асаблівасці каляровай металургіі — наяўнасць спецыяльных тэхналагічных цыклаў (мал. 156); экалагічныя праблемы на розных тэхналагічных стадыях; дарагоўля каляровых металаў у параўнанні з чорнымі.

Роля галіны ў сусветнай гаспадарцы вызначаецца шырокімі абласцямі прымянення каляровых металаў — ад электраэнергетыкі, агульнага машынабудавання і хімічнай прамысловасці да авіябудавання (рэактыўных рухавікоў), ядзерных рэактараў, унікальных сплаваў ваеннага прызначэння.

На размяшчэнне галін каляровай металургіі ўплывае комплекс фактараў: сыравінны, энергетычны, водны, спажывецкі, экалагічны і інш. Кожны від вытворчасці характарызуецца сваім наборам фактараў. Аднак у МГПП склалася спецыялізацыя паміж групамі краін: краіны, якія развіваюцца, займаюцца сыравіннымі стадыямі і вытворчасцю першасных металаў, развітыя — рафінаваннем і другаснымі пракатнымі стадыямі.

Па аб’ёмах вытворчасці ў структуры каляровай металургіі вядучае месца належыць алюмініевай прамысловасці (58 %), далей ідуць медная (21), цынкавая (15) і свінцовая (6 %).

Паразважаем. Чаму пачынаючы з 70-х гг. ХХ ст. пачалося перамяшчэнне металургічных прадпрыемстваў з Заходняй Еўропы і ЗША ў Азіяцкі рэгіён? Чаму некаторыя каляровыя металы называюць металамі ХХІ ст.?

У свеце цікавага. Самыя дарагія сталовыя прыборы Напалеона III былі выраблены з алюмінію — новага і незвычайнага ў той час металу. Яны падаваліся на ўрачыстых абедах толькі імператару і самым ганаровым гасцям. Іншыя госці карысталіся прыборамі са звычайных золата і серабра.

Мал. 157. Стадыі вытворчасці алюмінію

Геаграфія алюмініевай прамысловасці — вядучай падгаліны каляровай металургіі — складаецца з некалькіх стадый, якія характарызуюцца розным размяшчэннем і вызначаюць спецыялізацыю ў міжнародным геаграфічным падзеле працы (мал. 157).

Здабыча баксітаў сканцэнтравана ў невялікай колькасці краін пераважна Аўстраліі і Акіяніі, Амерыкі і Азіі. Яна прымеркавана да найбуйнейшых баксітаносных радовішчаў свету. Аб’ём здабычы баксітаў у свеце складае 300 млн т, з іх 27 % прыпадае на Аўстралію, 23 — Кітай і 15 % — Гвінею. Вытворчасць гліназёму (прадукту перапрацоўкі баксітаў для наступнай выплаўкі алюмінію) складае 130 млн т. Геаграфія практычна супадае са здабычай баксітаў, але канцэнтрацыя размяшчэння больш высокая. У Кітаі прадстаўлена 55 % сусветнай вытворчасці гліназёму, у Аўстраліі — 9 %. Вялікімі аб’ёмамі вытворчасці ў сусветным маштабе вылучаюцца таксама Бразілія і Індыя. Геаграфія выплаўлення першаснага алюмінію прадстаўлена ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Пры гэтым, як і ў чорнай металургіі, назіраецца перанос вытворчасці ў краіны, якія развіваюцца.

У свеце выплаўляецца 60 млн т першаснага алюмінію, у тым ліку ў Кітаі — 53 %. Астатнія краіны-лідары — Расія, Індыя — маюць вялікі адрыў ад Кітая па аб’ёмах вытворчасці (мал. 158).

Другое месца па значнасці ў структуры каляровай металургіі займае медная прамысловасць. У свеце здабываецца 21 млн т меднай руды. Геаграфія здабычы сканцэнтравана ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы (54 %) і Азіі (21 %). Вядучай краінай свету па здабычы медных руд застаецца Чылі, доля якой у свеце складае 32 % (5,8 млн т). Далей ідуць Перу (2,4) і Кітай (1,6 млн т). У геаграфіі вытворчасці рафінаванай медзі адбыліся істотныя змены, дзе гістарычна вядучыя месцы займалі развітыя краіны. На пачатку ХХІ ст. вытворчасць стала хуткімі тэмпамі развівацца ў Кітаі, які ў цяперашні час выплаўляе 8,9 млн т рафінаванай медзі, або 38 % сусветнай вытворчасці. Другое і трэцяе месцы займаюць Чылі і Японія.

Трэцяе месца ў структуры каляровай металургіі належыць цынкава-свінцовай прамысловасці. У свеце здабываецца 12 млн т цынкавых руд, з якіх 38 % прыходзіцца на Кітай. У міжнародным падзеле працы на здабычы медных руд спецыялізуюцца таксама Перу, Аўстралія, ЗША. Геаграфія вытворчасці рафінаванага цынку прадстаўлена пераважна краінамі, якія развіваюцца (Кітай, Рэспубліка Карэя, Індыя). З 13,2 млн т сусветнай вытворчасці 45 % прыпадае на Кітай. Па здабычы свінцовых руд у свеце лідзіруюць тры краіны — Кітай, Аўстралія і ЗША. Пры гэтым з 4,6 млн т сусветнай здабычы 50 % сканцэнтравана ў Кітаі. У геаграфіі вытворчасці рафінаванага свінцу ў ХХІ ст. склаліся роўныя пазіцыі лідарства паміж краінамі, якія развіваюцца (Кітай, Рэспубліка Карэя, Індыя), і развітымі (ЗША, Германія, Вялікабрытанія).

Папрацуем з атласам. Прааналізуйце геаграфію запасаў руд і вытворчасці каляровых металаў. Зрабіце вывады.