Печатать книгуПечатать книгу

§ 22. ГЕАГРАФІЯ МЕТАЛУРГІІ СВЕТУ

Успамінаем. Руды якіх металаў адносяцца да чорных металаў, якіх — да каляровых? З чаго вырабляецца першасны метал, з чаго — другасны? Якія фактары ўплываюць на размяшчэнне металургічных вытворчасцей? Як звязаны паміж сабой электраэнергетыка і вытворчасць каляровых металаў?

Для чаго мы гэта вывучаем? Ці магчыма сёння адмовіцца ад выкарыстання металаў і замяніць іх іншымі канструкцыйнымі матэрыяламі? Ці аказала ўплыў НТР на развіццё металургічнага комплексу? Для чаго насельніцтва збірае металалом?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 22. ГЕАГРАФІЯ МЕТАЛУРГІІ СВЕТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 09:05

Агульная характарыстыка металургіі. Металургія адносіцца да найстарэйшых і базавых галін апрацоўчай прамысловасці. Першыя металургічныя прадпрыемствы з’явіліся ў Германіі ў XVI ст. Доля металургіі ў структуры апрацоўчай прамысловасці свету складае 5 %, у развітых краінах — 4, у краінах, якія развіваюцца, — 7 %. Адметнымі асаблівасцямі галіны з’яўляюцца высокая матэрыялаёмістасць, многастадыйнасць тэхналагічнага працэсу, экалагічная нагрузка. Металургія забяспечвае гаспадарку краіны чыгуном, сталлю, пракатам, каляровымі металамі, іх шматлікімі сплавамі, у сувязі з чым развіццё галіны ў краіне вызначае эканамічны патэнцыял і выступае прыкметай індустрыяльнай стадыі. У склад галіны ўваходзяць чорная і каляровая металургія.

Геаграфія чорнай металургіі. Доля чорнай металургіі ў сусветнай прамысловай вытворчасці складае 10 %. Асноўнай сыравінай для вытворчасці чорных металаў служаць жалезныя руды. У свеце здабываецца 2400 млн т жалезнай руды. Вядучае месца належыць Азіі (50 %), Аўстраліі (17), Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы (16,7 %). Лідарамі ў здабычы жалезных руд выступаюць Аўстралія, дзе засяроджана 37 % сусветнай здабычы, Бразілія і Кітай.

У склад чорнай металургіі ўваходзяць жалезарудная, чыгуналіцейная, сталеплавільная і пракатная вытворчасці.

Фактары размяшчэння чорнай металургіі. На размяшчэнне металургічных вытворчасцей аказваюць уплыў розныя фактары: сыравінны, транспартны, спажывецкі, экалагічны і інш. Часам на размяшчэнне вытворчасцей чорнай металургіі дзейнічае спалучэнне некалькіх фактараў (мал. 152).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму ў канцы ХХ ст. адбылося зрушэнне металургічных прадпрыемстваў у партовыя гарады? Якая са стадый вытворчасці чорных металаў з’яўляецца найбольш «бруднай»? Як звязаны паміж сабой хімія і металургія?

Мал. 153. Дынаміка сусветнай вытворчасці
чыгуну і сталі, млн т

Сусветная дынаміка вытворчасці чыгуну характарызуецца высокімі тэмпамі. У развітых краінах гэта тлумачыцца карэннай рэканструкцыяй галіны (вытворчасцю новых відаў сплаваў, пераносам у сувязі з экалагічным заканадаўствам). У краінах, якія развіваюцца, гэта звязана з актыўнай індустрыялізацыяй. Рубеж ХХ і ХХІ стст. стаў своеасаблівым пунктам адліку новага этапу развіцця чорнай металургіі, калі сусветнае выплаўленне і чыгуну, і сталі перавысіла 1 млрд т. Сусветныя аб’ёмы вытворчасці чыгуну ў свеце складаюць 1247 млн т, сталі — 1808 млн т (мал. 153).

Геаграфія чорнай металургіі свету з канца ХХ ст. зведала кардынальныя змены. Геаграфічны цэнтр галіны перамясціўся з Еўропы і Паўночнай Амерыкі. ХХІ ст. па аб’ёмах выплаўлення чыгуну і сталі стаў стагоддзем Азіі, на долю якой прыходзіцца 59 % сусветнай вытворчасці чыгуну і 67 % — сталі (мал. 154).

Мал. 154. Рэгіянальная структура вытворчасці чыгуну і сталі, %
Мал. 155. Вытворчасць пракату
ў Кітаі

Нараўне з лідзіруючымі пазіцыямі шэрага развітых краін — традыцыйных лідараў чорнай металургіі свету (Японія, ЗША) — і краін, якія развіваюцца (Індыя, Рэспубліка Карэя), у цяперашні час 60 % сусветнага выплаўлення чыгуну і 49 % сталі прыходзіцца на Кітай (мал. 155). Вядучымі краінамі па вытворчасці і чыгуну, і сталі з’яўляюцца Кітай, Індыя, Японія.

Свет і Беларусь. Ці існуе ў Рэспубліцы Беларусь неабходнасць у будаўніцтве другога буйнога металургічнага прадпрыемства? Якія сусветныя тэндэнцыі абумоўліваюць развіццё металургічнай вытворчасці ў Беларусі?

У свеце склаліся тры рэгіёны чорнай металургіі — Еўрапейскі, Паўночнаамерыканскі і Азіяцкі. Азіяцкі рэгіён — вядучы цэнтр сусветнай чорнай металургіі, дзе маюцца розныя віды сыравіны і паліва, але пры гэтым краіны валодаюць рознай ступенню забяспечанасці. У рэгіёне прадстаўлены найстарэйшы лідар — Японія і новыя лідары, якія дынамічна развіваюцца, — Кітай, Рэспубліка Карэя, Індыя. Еўрапейскі рэгіён з’яўляецца найстарэйшым металургічным цэнтрам свету, значнасць якога не змяншаецца. Павелічэнне экалагічнай нагрузкі і пераход да постындустрыялізацыі прывялі да фарміравання ўласнай нішы ў МГПП і спецыялізацыі — вытворчасці якасных сталей. Асноўнымі вытворцамі выступаюць Германія, Францыя, Вялікабрытанія, Італія. У Паўночнаамерыканскім рэгіёне вядучая роля належыць ЗША, якія на працягу доўгага перыяду лідзіравалі ў свеце па здабычы і выплаўленні чорных металаў. У апошнія гады рэгіён змяніў сваю міжнародную спецыялізацыю на буйных металургічных камбінатах — ствараюцца невялікія заводы па вытворчасці высакаякасных сталей.

У свеце ТНК. У цяперашні час найбуйнейшымі вытворцамі чорных металаў з’яўляюцца не асобныя краіны, а транснацыянальныя карпарацыі. Найбуйнейшыя металургічныя ТНК у свеце — ArcelorMittal (Люксембург), China Baowu Group (Кітай) і Nippon Steel & Corporation (Японія).

Мал. 156. Асноўныя тэхналагічныя
цыклы ў каляровай металургіі

Геаграфія каляровай металургіі свету. Гэта падгаліна з’яўляецца другой па значнасці ў структуры металургічнай прамысловасці. Адметныя асаблівасці каляровай металургіі — наяўнасць спецыяльных тэхналагічных цыклаў (мал. 156); экалагічныя праблемы на розных тэхналагічных стадыях; дарагоўля каляровых металаў у параўнанні з чорнымі.

Роля галіны ў сусветнай гаспадарцы вызначаецца шырокімі абласцямі прымянення каляровых металаў — ад электраэнергетыкі, агульнага машынабудавання і хімічнай прамысловасці да авіябудавання (рэактыўных рухавікоў), ядзерных рэактараў, унікальных сплаваў ваеннага прызначэння.

На размяшчэнне галін каляровай металургіі ўплывае комплекс фактараў: сыравінны, энергетычны, водны, спажывецкі, экалагічны і інш. Кожны від вытворчасці характарызуецца сваім наборам фактараў. Аднак у МГПП склалася спецыялізацыя паміж групамі краін: краіны, якія развіваюцца, займаюцца сыравіннымі стадыямі і вытворчасцю першасных металаў, развітыя — рафінаваннем і другаснымі пракатнымі стадыямі.

Па аб’ёмах вытворчасці ў структуры каляровай металургіі вядучае месца належыць алюмініевай прамысловасці (58 %), далей ідуць медная (21), цынкавая (15) і свінцовая (6 %).

Паразважаем. Чаму пачынаючы з 70-х гг. ХХ ст. пачалося перамяшчэнне металургічных прадпрыемстваў з Заходняй Еўропы і ЗША ў Азіяцкі рэгіён? Чаму некаторыя каляровыя металы называюць металамі ХХІ ст.?

У свеце цікавага. Самыя дарагія сталовыя прыборы Напалеона III былі выраблены з алюмінію — новага і незвычайнага ў той час металу. Яны падаваліся на ўрачыстых абедах толькі імператару і самым ганаровым гасцям. Іншыя госці карысталіся прыборамі са звычайных золата і серабра.

Мал. 157. Стадыі вытворчасці алюмінію

Геаграфія алюмініевай прамысловасці — вядучай падгаліны каляровай металургіі — складаецца з некалькіх стадый, якія характарызуюцца розным размяшчэннем і вызначаюць спецыялізацыю ў міжнародным геаграфічным падзеле працы (мал. 157).

Здабыча баксітаў сканцэнтравана ў невялікай колькасці краін пераважна Аўстраліі і Акіяніі, Амерыкі і Азіі. Яна прымеркавана да найбуйнейшых баксітаносных радовішчаў свету. Аб’ём здабычы баксітаў у свеце складае 300 млн т, з іх 27 % прыпадае на Аўстралію, 23 — Кітай і 15 % — Гвінею. Вытворчасць гліназёму (прадукту перапрацоўкі баксітаў для наступнай выплаўкі алюмінію) складае 130 млн т. Геаграфія практычна супадае са здабычай баксітаў, але канцэнтрацыя размяшчэння больш высокая. У Кітаі прадстаўлена 55 % сусветнай вытворчасці гліназёму, у Аўстраліі — 9 %. Вялікімі аб’ёмамі вытворчасці ў сусветным маштабе вылучаюцца таксама Бразілія і Індыя. Геаграфія выплаўлення першаснага алюмінію прадстаўлена ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Пры гэтым, як і ў чорнай металургіі, назіраецца перанос вытворчасці ў краіны, якія развіваюцца.

У свеце выплаўляецца 60 млн т першаснага алюмінію, у тым ліку ў Кітаі — 53 %. Астатнія краіны-лідары — Расія, Індыя — маюць вялікі адрыў ад Кітая па аб’ёмах вытворчасці (мал. 158).

Другое месца па значнасці ў структуры каляровай металургіі займае медная прамысловасць. У свеце здабываецца 21 млн т меднай руды. Геаграфія здабычы сканцэнтравана ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы (54 %) і Азіі (21 %). Вядучай краінай свету па здабычы медных руд застаецца Чылі, доля якой у свеце складае 32 % (5,8 млн т). Далей ідуць Перу (2,4) і Кітай (1,6 млн т). У геаграфіі вытворчасці рафінаванай медзі адбыліся істотныя змены, дзе гістарычна вядучыя месцы займалі развітыя краіны. На пачатку ХХІ ст. вытворчасць стала хуткімі тэмпамі развівацца ў Кітаі, які ў цяперашні час выплаўляе 8,9 млн т рафінаванай медзі, або 38 % сусветнай вытворчасці. Другое і трэцяе месцы займаюць Чылі і Японія.

Трэцяе месца ў структуры каляровай металургіі належыць цынкава-свінцовай прамысловасці. У свеце здабываецца 12 млн т цынкавых руд, з якіх 38 % прыходзіцца на Кітай. У міжнародным падзеле працы на здабычы медных руд спецыялізуюцца таксама Перу, Аўстралія, ЗША. Геаграфія вытворчасці рафінаванага цынку прадстаўлена пераважна краінамі, якія развіваюцца (Кітай, Рэспубліка Карэя, Індыя). З 13,2 млн т сусветнай вытворчасці 45 % прыпадае на Кітай. Па здабычы свінцовых руд у свеце лідзіруюць тры краіны — Кітай, Аўстралія і ЗША. Пры гэтым з 4,6 млн т сусветнай здабычы 50 % сканцэнтравана ў Кітаі. У геаграфіі вытворчасці рафінаванага свінцу ў ХХІ ст. склаліся роўныя пазіцыі лідарства паміж краінамі, якія развіваюцца (Кітай, Рэспубліка Карэя, Індыя), і развітымі (ЗША, Германія, Вялікабрытанія).

Папрацуем з атласам. Прааналізуйце геаграфію запасаў руд і вытворчасці каляровых металаў. Зрабіце вывады.

*Найбуйнейшыя ТНК у алюмініевай прамысловасці. Транснацыяналізацыя ў алюмініевай прамысловасці адрозніваецца ад іншых галін. Абмежаванасць сыравіннай базы прыводзіць да аб’яднання або зліцця ТНК.

У цяперашні час найбуйнейшымі ТНК у алюмініевай прамысловасці з’яўляюцца Norsk Hydro (Нарвегія), China Hongqiao Group (Кітай), Chalco (Aluminum Corp. of China, Кітай).

*Геаграфія міжнароднага гандлю каляровымі металамі. Сучасныя асаблівасці сусветнага рынку каляровых металаў вызначаюцца шэрагам фактараў. Да іх адносяцца вельмі нераўнамернае геаграфічнае размеркаванне рэсурсаў, адрозненні ў геалагічных паказчыках (змесце карыснага рэчыва — руды), праблема вычарпальнасці і, адпаведна, дэфіцыту асобных відаў сыравіны, складанасць тэхналагічнай вытворчасці канчатковай прадукцыі і інш.

Сусветны гандаль каляровымі металамі складае каля 2,5 % міжнароднага гандлю таварамі. Асноўная частка гандлю прыходзіцца на медзь (45 %) і алюміній (30 %). Нашмат менш — гэта гандаль нікелем (8 %), цынкам (6 %), свінцом (3 %) і іншымі металамі.

Найбуйнейшым экспарцёрам каляровых металаў з’яўляецца Чылі. Лідзіруючыя пазіцыі займаюць таксама Аўстралія (асноўныя артыкулы экспарту — медная сыравіна, гліназём, алюміній, медзь, нікель), ЗША (лом каляровых металаў, алюміній, медзь) і Германія (медзь, алюміній, лом).

Галоўным пакупніком каляровых металаў з’яўляецца Кітай. Яго доля ў сусветным імпарце склала каля 22 %. Асноўнымі стаццямі імпарту выступаюць медзь, лом каляровых металаў і медная сыравіна. У першай тройцы імпарцёраў знаходзяцца Германія (алюміній, медзь і лом), ЗША (алюміній і медзь) і Японія (медная сыравіна і алюміній).

Найбуйнейшыя ТНК у каляровай металургіі. На рынку каляровых металаў (медзі, свінцу, цынку і інш.) дзейнічае некалькі буйных ТНК. Вядучае месца сярод іх займае швейцарская кампанія Glencore International. Яна працуе з большасцю чорных і каляровых металаў і спецыялізуецца на шырокім спектры відаў металургічных вытворчасцей (здабыча, узбагачэнне, выплаўленне).

Другое месца па значнасці на рынку каляровых металаў займае аўстралійская кампанія BHP Billiton. Яна працуе з вытворчасцямі медзі, жалезнай руды, срэбра, свінцу, цынку, малібдэну і інш. Трэцюю пазіцыю займае брытанская ТНК Rio Tinto. Кампанія спецыялізуецца як на алюмініевых вытворчасцях, так і на вытворчасці медзі, нікелю, срэбра і інш.

Геаграфія міжнароднага гандлю ў металургіі. Агульны аб’ём міжнароднага экспарту сталі ў свеце ў 2017 г. склаў 463 млн т. Асноўнымі экспарцёрамі сталі з’яўляюцца Кітай (75 млн т, або 16 % сусветнага экспарту), Японія (37) і Рэспубліка Карэя (31 млн т). Асноўныя экспарцёры чыгуну — Расія, Украіна і Бразілія.

Падвядзём вынікі. У склад металургічнага комплексу ўваходзяць ... і ... . Доля чорнай металургіі ў сусветнай прамысловай вытворчасці складае каля 10 %. У свеце склаліся тры рэгіёны чорнай металургіі: ..., ... і ... . Па аб’ёмах вытворчасці ў каляровай металургіі вядучае месца належыць ... прамысловасці, ..., ... і ... .

Праверым свае веды. 1. Якія фактары ляжаць у аснове размяшчэння прадпрыемстваў чорнай металургіі? 2. Якія фактары ляжаць у аснове размяшчэння прадпрыемстваў каляровай металургіі? 3. Якія ТНК з’яўляюцца вядучымі ў чорнай металургіі, у якіх краінах яны размешчаны? 4. Якія плюсы і мінусы маюць руды каляровых металаў у параўнанні з рудамі чорных металаў?

Ад простага да складанага. Выкарыстоўваючы гіперспасылкі з рубрыкі «Падарожнічаем па Глабальнай сетцы», падрыхтуйце прэзентацыю «Найбуйнейшыя ТНК металургіі».

Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы картаграфічны матэрыял, матэрыял вучэбнага дапаможніка і дадатковую літаратуру, запоўніце табліцу ў сшытку.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнай асацыяцыі вытворцаў сталі.
Сайт кітайскай ТНК China Baowu group.
Сайт ТНК ArcelorMittal.
Сайт ТНК Nippon Steel & Sumitomo Metal.

Ад тэорыі да практыкі. Выканайце практычныя работы.

24. «Вызначэнне геаграфічных асаблівасцей выплаўлення чыгуну і сталі» (на ўзроўні рэгіёнаў і вядучых краін).

25. «Геаграфічны аналіз алюмініевай прамысловасці свету» (праца з контурнай картай).