*§ 20-1. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ СВЕТУ

Геаграфія запасаў энергетычных карысных выкапняў. Да асноўных энергетычных рэсурсах адносяць нафту, прыродны газ і вугаль.

Аб’ёмы разведаных запасаў нафты складаюць 240,7 млрд т. Каля паловы з іх засяроджана ў краінах Блізкага Усходу, пятая частка — у краінах Лацінскай Амерыкі і 14 % — у Паўночнай Амерыцы. Найбольшыя запасы нафты ў свеце размешчаны ў Венесуэле, Саудаўскай Аравіі і Канадзе.

Прыродны газ з’яўляецца другім па значнасці ў структуры энергетыкі свету. Разведаныя запасы прыроднага газу ў свеце складаюць 187 трлн м3. Рэгіянальная структура запасаў прыроднага газу характарызуецца вылучэннем двух асноўных рэгіёнаў. На долю Паўднёва-Заходняй Азіі прыходзіцца 43 %, Еўропы з СНД — 31 %. Найбольшыя запасы размешчаны ў Іране, Расіі, Катары.

Сучасныя разведаныя запасы вугалю ў свеце ацэньваюцца ў 891,5 млрд т. У рэгіянальнай структуры вылучаюцца тры рэгіёны — Еўропа з СНД; Усходняя, Паўднёва-Усходняя, Паўднёвая Азія, Аўстралія і Акіянія; Паўночная Амерыка. Яны характарызуюцца прыкладна роўнымі прапорцыямі ў структуры. Найбольш буйнымі запасамі валодаюць ЗША, Расія, Кітай.

Рудныя карысныя выкапні характарызуюцца больш шырокай геаграфіяй і пояснасцю залягання. Найбольшыя запасы жалезных руд сканцэнтраваны ў Аўстраліі, Расіі і Бразіліі. ПАР, Украіна і Аўстралія вылучаюцца запасамі марганцавых руд. У геаграфіі руд каляровых металаў выяўляецца высокая тэрытарыяльная канцэнтрацыя. Так, каля 30 % запасаў медных руд засяроджана ў Чылі; каля 30 % нікелевых і цынкавых руд — у Аўстраліі. 40 % запасаў свінцовых руд таксама сканцэнтраваны ў Аўстраліі. Больш за 30 % сусветных запасаў алавяных руд знаходзяцца на тэрыторыі Кітая. У Гвінеі засяроджана 26 % сусветных запасаў баксітаў.

Да асноўных нярудных карысных выкапняў адносяцца калійныя солі і фасфарыты. Геаграфія запасаў калійных соляў прадстаўлена трыма галоўнымі краінамі. У Канадзе засяроджана каля 40 % сусветных запасаў, у Рэспубліцы Беларусь — 35 % і ў Расіі — 28 %. Марока з’яўляецца ўнікальнай дзяржавай свету па запасах фасфарытаў, на долю якой прыходзіцца 77 %. Кітай і Алжыр таксама характарызуюцца значнымі запасамі фасфарытаў.

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце тры вядучыя краіны: а) па аб’ёмах разведаных запасаў нафты; б) па аб’ёмах разведаных запасаў прыроднага газу; в) па аб’ёмах разведаных запасаў вугалю; г) па аб’ёмах разведаных запасаў жалезных руд.

Праверым свае веды. 1. Па якіх прыкметах падзяляюць прыродныя рэсурсы? 2. Што такое рэсурсазабяспечанасць? 3. Да якіх тэктанічных структур прымеркаваны запасы нафты, прыроднага газу, вугалю, жалезнай руды, нярудных карысных выкапняў?