*§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Геаграфія і тыпы аквакультуры. Прэснаводная і марская аквакультуры. Аквакультура пачала найбольш хутка развівацца ў свеце з 1970-х гг. Пачынаючы з 2000 г. сусветная аквакультура не паказвае высокіх тэмпаў росту, якія былі характэрныя для 1980-х і 1990-х гг. Тым не менш яна развіваецца хутчэй, чым іншыя найважнейшыя харчовыя сектары.

Доля аквакультуры ў агульнай вытворчасці прадукцыі сусветнага рыбалоўства пастаянна павялічваецца і складае зараз 46,8 %. Доля аквакультуры ў вытворчасці харчовай рыбы ў 2016 г. склала каля 30 %. У Афрыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Еўропе гэты паказчык роўны 18 %, у Азіі без уліку Кітая — 41 %.

У відавой структуры аквакультуры найбольшая доля прыпадае на рыбу і малюскаў (мал. 137-23). Найбольшае распаўсюджванне ў свеце атрымала развядзенне амура белага, таўсталобіка белага, карпа звычайнага і ціляпіі нільскай.

Мал.
Мал. 137-23. Відавая структура аквакультуры, 2016, %

Рост аб’ёмаў штучнага развядзення (мал. 137-24) адбываецца пераважна ва ўнутраных вадаёмах, у большасці краін, як правіла, прэснаводных.

Мал.
Мал. 137-24. Штучнае развядзенне рыбы

Часцей за ўсё рыбу разводзяць у выкапаных у зямлі сажалках. Для гэтых мэт таксама шырока прымяняюцца ўкапаныя ёмістасці, наземныя ёмістасці, абгароджаныя ўчасткі вадаёмаў і садкі. У раёнах, для якіх такі спосаб традыцыйны, рыба вырошчваецца ў рысавых чэках. Яны ўяўляюць сабой участкі рысавых палёў, абнесеныя земляным валам і запоўненыя вадой глыбінёй 15–25 см.

Сёння маштабы ўжывання падобнай практыкі хутка пашыраюцца, у першую чаргу ў Азіі (мал. 137-25). У 2016 г. ва ўнутраных вадаёмах было вырашчана 51,4 млн т харчовай рыбы, што склала 64,2 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці харчовай рыбы ў свеце.

Мал.
Мал. 137-25. Рысавыя чэкі ў Інданезіі

Марская аквакультура — марыкультура — займаецца развядзеннем рыбы ў марскім асяроддзі. У 2016 г. вытворчасць рыбы ў аквакультуры склала 28,7 млн т. У відавой марской аквакультуры вядучае становішча займаюць малюскі (59 % агульнага аб’ёму вытворчасці). На рыбу і ракападобных прыходзіцца 40 %.

У цяперашні час аквакультура прысутнічае ў большасці краін. У геаграфічным размеркаванні аквакультуры па рэгіёнах і па краінах існуе значная нераўнамернасць. На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў 89 % сусветнай вытворчасці аквакультуры прыходзілася на Кітай. Нягледзячы на некаторае зніжэнне долі краіны ў сусветнай вытворчасці ў апошнія гады, роля кітайскай аквакультуры ў свеце застанецца моцнай у найбліжэйшай будучыні. Афрыка, Паўночная і Паўднёвая Амерыка некалькі павялічылі ўласныя долі ў агульнасусветнай вытворчасці. Еўропа і Акіянія — нязначна скарацілі (мал. 137-26).

Мал.
Мал. 137-26. Рэгіянальная структура аквакультуры, 2016, %

Найбуйнейшымі вытворцамі аквакультуры ў свеце з’яўляюцца Кітай (49,2 млн т), Індыя (5,7), Інданезія (5,0 млн т) (мал. 137-27), В’етнам і Бангладэш.

Мал.
Мал. 137-27. Найбуйнейшыя вытворцы аквакультуры, 2016, млн т