Печатать книгуПечатать книгу

*§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Успамінаем. Як даўно ўзнікла рыбалоўства? Якія прамысловыя віды рыб вам вядомыя? Які акіян адрозніваецца найбольшай біяразнастайнасцю? Што такое аквакультура і якія праблемы яна вырашае? Якія віды марскіх насельнікаў знаходзяцца на мяжы знікнення?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму чалавеку неабходна ўжываць у ежу рыбу і морапрадукты? Якія гатункі рыбы найбольш карысныя? Што з’яўляецца прычынай скарачэння біялагічных рэсурсаў Сусветнага акіяна? Якія праблемы існуюць у сусветным рыбалоўстве? Ці даступны занятак аквакультурай любому жыхару планеты? Якія віды рыб вырошчваюць у рыбных гаспадарках?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: *§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 11:52

Агульная характарыстыка рыбалоўства. Рыбалоўства адносіцца да першаснага сектара сусветнай гаспадаркі і выконвае важную ролю ў забеспячэнні насельніцтва свету харчаваннем і забеспячэнні занятасці мільёнаў людзей. Рыбалоўства займаецца ўловам рыбы і морапрадуктаў, вытворчасцю рыбнай мукі, пажыўных і біялагічных дабавак для фармацэўтыкі, рыбінага тлушчу і інш. Больш за 75 % улову прызначана для харчавання людзей.

У сусветнай гаспадарцы вылучаюць прамысловае, аматарскае і спартыўнае рыбалоўства. Агульны кошт прадукцыі рыбалоўства (мал. 137-15) і аквакультуры свету склаў у 2016 г. 362 млрд дол. Пры гэтым 232 млрд дол, або 64 %, прыйшліся на прадукцыю аквакультуры.

Мал.
Мал. 137-15. Марское рыбалоўства

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Прывядзіце прыклады, як глабальныя праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам, адбіліся на біялагічнай разнастайнасці Сусветнага акіяна. Як узаемазвязаны паміж сабой актыўнасць плыні Эль-Ніньё і аб’ёмы рыбалоўнага промыслу?

У сусветным рыбалоўстве заняты каля 60 млн чалавек, з якіх 32 % — у падгаліне аквакультуры. Адносная доля занятых у прамысловым рыбалоўстве скарацілася, тады як доля занятых у аквакультуры вырасла. У 2016 г. 85 % усіх работнікаў сусветнага рыбалоўства і аквакультуры пражывалі ў Азіі.

Рыбалоўны флот налічвае 4,6 млн судоў, асноўная частка якіх прыпадае на азіяцкі рэгіён (75 %).

Геаграфія і маштабы сусветнага рыбалоўства. Рыбалоўства з’яўляецца адным з самых старажытных промыслаў чалавецтва. У часы Старажытнага Рыма ім займаліся жыхары Атлантычнага ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнамор’я, а рускія мараходы выходзілі на промысел у Белае мора і да берагоў Грэнландыі ўжо ў Х–XI стст. У канцы XIX – пачатку XX ст., калі адбыўся пераход рыбалоўнага флоту ад парусных да паравых судоў, узнікла прамысловае рыбалоўства. Яно ахапіла перш за ўсё Паўночную Атлантыку, Каспійскае мора.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. «Залатым векам» рыбалоўства называюць 1950–1960-я гг. Гэта тлумачыцца вялікім попытам на жывёльныя бялкі, мадэрнізацыяй флоту, развіццём далёкай экспедыцыйнай лоўлі, а таксама натуральным аднаўленнем біялагічных рэсурсаў акіянаў за гады Другой сусветнай вайны. У перыяд «залатога стагоддзя» асноўны ўлоў рыбы забяспечвалі 10 найбольш каштоўных яе сямействаў — селядцовыя, трасковыя, стаўрыдавыя, скумбрыевыя, анчоўсавыя і інш. Але ў выніку значнага пералову ў 1970-х гг. і вычарпання менавіта найбольш каштоўных біярэсурсаў тэмпы развіцця сусветнага рыбалоўства рэзка ўпалі (менш за 1 % у год), а доля ў агульным улове гэтых сямействаў моцна скарацілася. Пераважаць ва ўлове сталі менш каштоўныя па харчовых якасцях віды рыбы (мойва, мінтай, макрэль, хек) з прычыны пералову рыбы, падрыву прадуктыўнасці многіх відаў і падаражання паліва.

Свет і Беларусь. Якая геаграфія паставак рыбнай прадукцыі ў Рэспубліку Беларусь? Якую прадукцыю рыбалоўства найбольш часта ўжываюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь?

Аб’ём вытворчасці сусветнага рыбалоўства і аквакультуры ў 2016 г. склаў 170,9 млн т. Вытворчасць прадукцыі сусветнага рыбалоўства налічвала 90,9 млн т (53 %), аквакультуры — 80 млн т (47 %). У цяперашні час назіраецца скарачэнне тэмпаў развіцця сусветнага прамысловага рыбалоўства (мал. 137-16) і хуткі рост аб’ёмаў вытворчасці аквакультуры.

Мал.
Мал. 137-16. Дынаміка аб’ёмаў прадукцыі сусветнага рыбалоўства і аквакультуры

Далейшы рост рыбалоўнай галіны будзе забяспечвацца галоўным чынам за кошт аквакультуры.

Аквакультура — гэта развядзенне і вырошчванне ў кантраляваных чалавекам (штучных) умовах водных раслін і жывёл (рыб, ракападобных, ігласкурых, малюскаў, водарасцей), якія прадстаўляюць эканамічную або эстэтычную каштоўнасць.

У свеце паступова змяняецца суадносіны паміж марскім і прэснаводным рыбалоўствам. Асноўны ўлоў прыходзіцца ў цяперашні час на марское рыбалоўства — 79,3 млн т, або 88 % у структуры. Промысел прэснаводных рыб складае 11,6 млн т.

Пры вялікай разнастайнасці арганічнага свету акіяна асноўны ўлоў забяспечваюць тры сямействы: анчоўсавыя, стаўрыдавыя і скумбрыевыя. На першым месцы па аб’ёмах уловаў у 2016 г. знаходзіўся мінтай (3,5 млн т) (мал. 137-17), другое месца займаў перуанскі анчоўс (3,2) (мал. 137-18), трэцяе — паласаты тунец (2,8 млн т) (мал. 137-19).

У першай дзясятцы знаходзяцца таксама сардзінела, стаўрыда, селядзец атлантычны, скумбрыя японская і інш.

Па аб’ёмах вытворчасці прадукцыі марскога прамысловага рыбалоўства вядучае месца належыць краінам Азіі. Лідарамі з’яўляюцца Кітай (19 % сусветнага ўлову), Інданезія і ЗША (мал. 137-20). У першай дзясятцы нароўні з азіяцкімі краінамі (Японія, Індыя, В’етнам, Філіпіны) знаходзяцца таксама Перу, Расія і Нарвегія.

Мал.
Мал. 137-20. Краіны — лідары па вытворчасці прадукцыі марскога рыбалоўства, 2016, млн т

Паразважаем. 1. Чаму краіны, якія развіваюцца, асабліва залежныя ад біярэсурснага патэнцыялу шэльфавай зоны? Адказ патлумачце. 2. 8 % вылаўленай рыбы ў свеце выкідваецца назад у мора. Растлумачце прычыны такіх страт марскога промыслу.

Галоўныя рыбапрамысловыя раёны свету. Размеркаванне ўловаў у Сусветным акіяне нераўнамернае. Атлантычны акіян на працягу многіх стагоддзяў аж да сярэдзіны ХХ ст. быў асноўным у марскім рыбалоўстве. Затым ён саступіў сваё першынство Ціхаму акіяну, якое захоўваецца за ім і цяпер. Індыйскі акіян займае трэцяе месца па ўлове і яго значнасць у сусветным рыбалоўстве павялічваецца.

Па класіфікацыі ФАО ў свеце вылучаюць пяць асноўных рыбапрамысловых раёнаў (мал. 137-21).

Мал.
Мал. 137-21. Асноўныя рыбапрамысловыя раёны свету, 2016, млн т

У Ціхім акіяне асноўнымі з’яўляюцца два галоўныя раёны. Паўночна-Заходні раён ля берагоў Азіі, дзе промысел вядуць Расія, Японія, Кітай, Паўднёвая Карэя і КНДР, у цяперашні час — найбуйнейшы не толькі ў Ціхім акіяне, але і ў свеце. Ён вылучаецца і па ўловах рыбы, і па здабычы іншых морапрадуктаў — малюскаў, ракападобных, водарасцей. Агульны аб’ём уловаў тут складае 22,4 млн т, або 24 % сусветнага ўлову.

Цэнтральна-Заходні раён займае другое месца ў свеце па ўловах. Тут вырабляецца 12,2 млн т прадукцыі прамысловага рыбалоўства, што складае 13 % сусветнага ўлову. Яны забяспечваюцца за кошт промыслу тунца. Тут вядуць промысел (у аб’ёмах больш за 1 млн т) Інданезія, Тайланд, Філіпіны, Малайзія, В’етнам.

У Атлантычным акіяне вылучаецца Паўночна-Усходні раён. Гэты раён яшчэ ў пачатку 1950-х гг. даваў трэцюю частку ўсяго сусветнага ўлову. Затым здабыча тут рэзка скарацілася з-за пералову і канкурэнцыі нафтавай прамысловасці. Зараз гэты раён займае трэцяе месца ў свеце па аб’ёмах прадукцыі — 8,3 млн т (9 % сусветнага ўлову). Вылаў рыбы забяспечваецца краінамі Еўрапейскага саюза.

Чацвёртае месца ў свеце займае Усходні раён Індыйскага акіяна, дзе вырабляецца 6,4 млн т прадукцыі рыбалоўства. У гэтым раёне ўстойлівы рост вылаву назіраецца з 1980-х гг. Аб’ёмы вылаву растуць за кошт селядцовых, сардзін, крэветак і тунца.

Паўднёва-Усходні раён Ціхага акіяна з’яўляецца пятым галоўным рыбапрамысловым раёнам свету. Ён знаходзіцца ля берагоў Перу і Чылі. Асноўным аб’ектам промыслу тут з’яўляецца перуанскі анчоўс. Аб’ём вытворчасці ў 2016 г. склаў 6,3 млн т.

У цэлым, на раёны Сусветнага акіяна з умераным кліматам прыпадае прыкладна ў два разы больш уловаў у параўнанні з раёнамі трапічнага клімату.

Геаграфія міжнароднага гандлю прадукцыяй рыбалоўства. Гандлі рыбай і рыбапрадукцыяй належыць найважнейшая роля ў нарошчванні спажывання рыбы і дасягненні глабальнай харчовай бяспекі. Мільёнам людзей, работнікам многіх галін па ўсім свеце, і ў першую чаргу ў краінах, якія развіваюцца, гандаль забяспечвае занятасць і фарміраванне даходаў. Найважнейшую ролю гандаль рыбай і рыбапрадукцыяй адыгрывае ў эканоміцы многіх краін, размешчаных па берагах мораў, рэк, азёр і на астравах.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У Грэнландыі і на Фарэрскіх астравах, у Ісландыі, Каба-Вердэ, Мальдыўскай Рэспубліцы, на Сейшэльскіх астравах і ў Вануату на рыбу і рыбную прадукцыю даводзіцца больш за 40 % агульнага аб’ёму гандлю таварамі.

Попыт на рыбу і рыбную прадукцыю залежыць ад узроўню даходаў спажыўца, таму тэндэнцыі ў развіцці міжнароднага рыбнага гандлю (мал. 137-22) у значнай меры вызначаюцца станам глабальнай эканомікі.

Мал.
Мал. 137-22. Гандаль рыбай

Сёння рыба і рыбная прадукцыя занялі ў сусветным гандлі найважнейшае месца. Агульны аб’ём сусветнага экспарту рыбы ў 2016 г. склаў 60 млн т. На працягу апошніх сарака гадоў краіны, якія развіваюцца, характарызаваліся больш высокімі тэмпамі росту экспарту, чым развітыя. Пачынаючы з 1990-х гг. гандаль рыбай набыў, у асноўным, рэгіянальны характар. Гандлёвыя патокі, накіраваныя ўнутр рэгіёнаў, раслі хутчэй, чым накіраваныя вонкі.

Кітай з’яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам рыбы і рыбнай прадукцыі ў свеце. На яго прыходзіцца 14 % сусветнага экспарту. За ім ідуць Нарвегія, В’етнам, Тайланд і ЗША.

Найбуйнейшым адзіным рынкам збыту рыбы з’яўляецца Еўрапейскі саюз. У разрэзе краін вядучымі імпарцёрамі з’яўляюцца ЗША (15 % сусветнага імпарту), Японія і Кітай.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. 1. Самым буйным экспарцёрам рыбы і рыбнай прадукцыі з’яўляецца Кітай. Ён таксама з’яўляецца буйным імпарцёрам з прычыны аўтсорсінгу перапрацоўкі з іншых краін, а таксама спажывання, якое расце, на ўнутраным рынку тых відаў, што не вырабляюцца ў краіне. Аднак у 2015 г. пасля некалькіх гадоў устойлівага росту гандаль рыбнай прадукцыяй у Кітаі запаволіўся. Растлумачце прычыны зніжэння гандлю рыбнай прадукцыяй у вышэйназванай дзяржаве. 2. Які рэгіён у свеце стаў найбуйнейшым імпарцёрам морапрадуктаў і чаму?

Геаграфія і тыпы аквакультуры. Прэснаводная і марская аквакультуры. Аквакультура пачала найбольш хутка развівацца ў свеце з 1970-х гг. Пачынаючы з 2000 г. сусветная аквакультура не паказвае высокіх тэмпаў росту, якія былі характэрныя для 1980-х і 1990-х гг. Тым не менш яна развіваецца хутчэй, чым іншыя найважнейшыя харчовыя сектары.

Доля аквакультуры ў агульнай вытворчасці прадукцыі сусветнага рыбалоўства пастаянна павялічваецца і складае зараз 46,8 %. Доля аквакультуры ў вытворчасці харчовай рыбы ў 2016 г. склала каля 30 %. У Афрыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Еўропе гэты паказчык роўны 18 %, у Азіі без уліку Кітая — 41 %.

У відавой структуры аквакультуры найбольшая доля прыпадае на рыбу і малюскаў (мал. 137-23). Найбольшае распаўсюджванне ў свеце атрымала развядзенне амура белага, таўсталобіка белага, карпа звычайнага і ціляпіі нільскай.

Мал.
Мал. 137-23. Відавая структура аквакультуры, 2016, %

Рост аб’ёмаў штучнага развядзення (мал. 137-24) адбываецца пераважна ва ўнутраных вадаёмах, у большасці краін, як правіла, прэснаводных.

Мал.
Мал. 137-24. Штучнае развядзенне рыбы

Часцей за ўсё рыбу разводзяць у выкапаных у зямлі сажалках. Для гэтых мэт таксама шырока прымяняюцца ўкапаныя ёмістасці, наземныя ёмістасці, абгароджаныя ўчасткі вадаёмаў і садкі. У раёнах, для якіх такі спосаб традыцыйны, рыба вырошчваецца ў рысавых чэках. Яны ўяўляюць сабой участкі рысавых палёў, абнесеныя земляным валам і запоўненыя вадой глыбінёй 15–25 см.

Сёння маштабы ўжывання падобнай практыкі хутка пашыраюцца, у першую чаргу ў Азіі (мал. 137-25). У 2016 г. ва ўнутраных вадаёмах было вырашчана 51,4 млн т харчовай рыбы, што склала 64,2 % ад агульнага аб’ёму вытворчасці харчовай рыбы ў свеце.

Мал.
Мал. 137-25. Рысавыя чэкі ў Інданезіі

Марская аквакультура — марыкультура — займаецца развядзеннем рыбы ў марскім асяроддзі. У 2016 г. вытворчасць рыбы ў аквакультуры склала 28,7 млн т. У відавой марской аквакультуры вядучае становішча займаюць малюскі (59 % агульнага аб’ёму вытворчасці). На рыбу і ракападобных прыходзіцца 40 %.

У цяперашні час аквакультура прысутнічае ў большасці краін. У геаграфічным размеркаванні аквакультуры па рэгіёнах і па краінах існуе значная нераўнамернасць. На працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў 89 % сусветнай вытворчасці аквакультуры прыходзілася на Кітай. Нягледзячы на некаторае зніжэнне долі краіны ў сусветнай вытворчасці ў апошнія гады, роля кітайскай аквакультуры ў свеце застанецца моцнай у найбліжэйшай будучыні. Афрыка, Паўночная і Паўднёвая Амерыка некалькі павялічылі ўласныя долі ў агульнасусветнай вытворчасці. Еўропа і Акіянія — нязначна скарацілі (мал. 137-26).

Мал.
Мал. 137-26. Рэгіянальная структура аквакультуры, 2016, %

Найбуйнейшымі вытворцамі аквакультуры ў свеце з’яўляюцца Кітай (49,2 млн т), Індыя (5,7), Інданезія (5,0 млн т) (мал. 137-27), В’етнам і Бангладэш.

Мал.
Мал. 137-27. Найбуйнейшыя вытворцы аквакультуры, 2016, млн т

Вядучыя экспарцёры і імпарцёры аквакультуры. Вядучымі экспарцёрамі аквакультуры ў свеце выступаюць Кітай, Нарвегія і В’етнам. Галоўнымі спажыўцамі аквакультуры з’яўляюцца ЗША, Японія, Кітай, краіны Еўропы.

Падвядзём вынікі. Рыбалоўства з’яўляецца важным складнікам сусветнай гаспадаркі, забяспечвае насельніцтва планеты рыбай і морапрадуктамі. Асноўнымі раёнамі рыбнай здабычы з’яўляюцца ..., ..., ..., ..., .... Штогод растуць аб’ёмы міжнароднага гандлю прадукцыяй рыбалоўства. Існуюць адрозненні ў спажыванні прадукцыі рыбалоўства ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. Асноўнымі імпарцёрамі рыбы і морапрадуктаў з’яўляюцца развітыя краіны. Аквакультура мае сваю гісторыю развіцця. Яе асноўная задача — забеспячэнне насельніцтва рыбай і морапрадуктамі. Асноўным раёнам развіцця аквакультуры з’яўляецца Азія. Існуюць марская і прэснаводная аквакультуры.

Праверым свае веды. 1. У якіх раёнах Сусветнага акіяна ідзе актыўна рыбны промысел? 2. Чаму адбыліся змены ў геаграфіі і маштабах сусветнага рыбалоўства? 3. Якія краіны з’яўляюцца найбуйнейшымі экспарцёрамі, а якія — імпарцёрамі прадукцыі сусветнага рыбалоўства? 4. Якія дзяржавы з’яўляюцца сусветнымі лідарамі па аб’ёмах вытворчасці аквакультуры? 5. Якія тыпы аквакультуры існуюць? 6. Якую прадукцыю пастаўляе на рынак прэснаводная аквакультура?

Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце выступленне на тэму «Аб карысці морапрадуктаў». 2. Прадстаўце міні-праект «Захаванне біяразнастайнасці Сусветнага акіяна». 3. Падрыхтуйце выступленне на тэму «Аквакультура: за і супраць».

Ад тэорыі да практыкі. 1. Правядзіце ў класе даследаванне аб аб’ёмах ужывання рыбы і морапрадуктаў. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, зрабіце выснову даследавання, параўнайце атрыманыя вынікі з рэкамендаванымі нормамі спажывання рыбы і морапрадуктаў. 2. Уявіце, што вам даручана адкрыццё фермерскай гаспадаркі па вырошчванні рыбы. Распрацуйце бізнес-план па рэалізацыі гэтага праекта. 3. Выканайце практычную работу 21 «Параўнальны аналіз рыбалоўства Атлантычнага і Ціхага акіянаў» (паводле тыпавога плана).

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Дэпартамента рыбалоўства і аквакультуры ФАО.
Справаздача ФАО пра стан марскога рыбалоўства і аквакультуры.