*§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Геаграфія міжнароднага гандлю прадукцыяй рыбалоўства. Гандлі рыбай і рыбапрадукцыяй належыць найважнейшая роля ў нарошчванні спажывання рыбы і дасягненні глабальнай харчовай бяспекі. Мільёнам людзей, работнікам многіх галін па ўсім свеце, і ў першую чаргу ў краінах, якія развіваюцца, гандаль забяспечвае занятасць і фарміраванне даходаў. Найважнейшую ролю гандаль рыбай і рыбапрадукцыяй адыгрывае ў эканоміцы многіх краін, размешчаных па берагах мораў, рэк, азёр і на астравах.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У Грэнландыі і на Фарэрскіх астравах, у Ісландыі, Каба-Вердэ, Мальдыўскай Рэспубліцы, на Сейшэльскіх астравах і ў Вануату на рыбу і рыбную прадукцыю даводзіцца больш за 40 % агульнага аб’ёму гандлю таварамі.

Попыт на рыбу і рыбную прадукцыю залежыць ад узроўню даходаў спажыўца, таму тэндэнцыі ў развіцці міжнароднага рыбнага гандлю (мал. 137-22) у значнай меры вызначаюцца станам глабальнай эканомікі.

Мал.
Мал. 137-22. Гандаль рыбай

Сёння рыба і рыбная прадукцыя занялі ў сусветным гандлі найважнейшае месца. Агульны аб’ём сусветнага экспарту рыбы ў 2016 г. склаў 60 млн т. На працягу апошніх сарака гадоў краіны, якія развіваюцца, характарызаваліся больш высокімі тэмпамі росту экспарту, чым развітыя. Пачынаючы з 1990-х гг. гандаль рыбай набыў, у асноўным, рэгіянальны характар. Гандлёвыя патокі, накіраваныя ўнутр рэгіёнаў, раслі хутчэй, чым накіраваныя вонкі.

Кітай з’яўляецца найбуйнейшым экспарцёрам рыбы і рыбнай прадукцыі ў свеце. На яго прыходзіцца 14 % сусветнага экспарту. За ім ідуць Нарвегія, В’етнам, Тайланд і ЗША.

Найбуйнейшым адзіным рынкам збыту рыбы з’яўляецца Еўрапейскі саюз. У разрэзе краін вядучымі імпарцёрамі з’яўляюцца ЗША (15 % сусветнага імпарту), Японія і Кітай.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. 1. Самым буйным экспарцёрам рыбы і рыбнай прадукцыі з’яўляецца Кітай. Ён таксама з’яўляецца буйным імпарцёрам з прычыны аўтсорсінгу перапрацоўкі з іншых краін, а таксама спажывання, якое расце, на ўнутраным рынку тых відаў, што не вырабляюцца ў краіне. Аднак у 2015 г. пасля некалькіх гадоў устойлівага росту гандаль рыбнай прадукцыяй у Кітаі запаволіўся. Растлумачце прычыны зніжэння гандлю рыбнай прадукцыяй у вышэйназванай дзяржаве. 2. Які рэгіён у свеце стаў найбуйнейшым імпарцёрам морапрадуктаў і чаму?