*§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Галоўныя рыбапрамысловыя раёны свету. Размеркаванне ўловаў у Сусветным акіяне нераўнамернае. Атлантычны акіян на працягу многіх стагоддзяў аж да сярэдзіны ХХ ст. быў асноўным у марскім рыбалоўстве. Затым ён саступіў сваё першынство Ціхаму акіяну, якое захоўваецца за ім і цяпер. Індыйскі акіян займае трэцяе месца па ўлове і яго значнасць у сусветным рыбалоўстве павялічваецца.

Па класіфікацыі ФАО ў свеце вылучаюць пяць асноўных рыбапрамысловых раёнаў (мал. 137-21).

Мал.
Мал. 137-21. Асноўныя рыбапрамысловыя раёны свету, 2016, млн т

У Ціхім акіяне асноўнымі з’яўляюцца два галоўныя раёны. Паўночна-Заходні раён ля берагоў Азіі, дзе промысел вядуць Расія, Японія, Кітай, Паўднёвая Карэя і КНДР, у цяперашні час — найбуйнейшы не толькі ў Ціхім акіяне, але і ў свеце. Ён вылучаецца і па ўловах рыбы, і па здабычы іншых морапрадуктаў — малюскаў, ракападобных, водарасцей. Агульны аб’ём уловаў тут складае 22,4 млн т, або 24 % сусветнага ўлову.

Цэнтральна-Заходні раён займае другое месца ў свеце па ўловах. Тут вырабляецца 12,2 млн т прадукцыі прамысловага рыбалоўства, што складае 13 % сусветнага ўлову. Яны забяспечваюцца за кошт промыслу тунца. Тут вядуць промысел (у аб’ёмах больш за 1 млн т) Інданезія, Тайланд, Філіпіны, Малайзія, В’етнам.

У Атлантычным акіяне вылучаецца Паўночна-Усходні раён. Гэты раён яшчэ ў пачатку 1950-х гг. даваў трэцюю частку ўсяго сусветнага ўлову. Затым здабыча тут рэзка скарацілася з-за пералову і канкурэнцыі нафтавай прамысловасці. Зараз гэты раён займае трэцяе месца ў свеце па аб’ёмах прадукцыі — 8,3 млн т (9 % сусветнага ўлову). Вылаў рыбы забяспечваецца краінамі Еўрапейскага саюза.

Чацвёртае месца ў свеце займае Усходні раён Індыйскага акіяна, дзе вырабляецца 6,4 млн т прадукцыі рыбалоўства. У гэтым раёне ўстойлівы рост вылаву назіраецца з 1980-х гг. Аб’ёмы вылаву растуць за кошт селядцовых, сардзін, крэветак і тунца.

Паўднёва-Усходні раён Ціхага акіяна з’яўляецца пятым галоўным рыбапрамысловым раёнам свету. Ён знаходзіцца ля берагоў Перу і Чылі. Асноўным аб’ектам промыслу тут з’яўляецца перуанскі анчоўс. Аб’ём вытворчасці ў 2016 г. склаў 6,3 млн т.

У цэлым, на раёны Сусветнага акіяна з умераным кліматам прыпадае прыкладна ў два разы больш уловаў у параўнанні з раёнамі трапічнага клімату.