*§ 19-4. МЕСЦА І РОЛЯ РЫБАЛОЎСТВА Ў СТРУКТУРЫ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Геаграфія і маштабы сусветнага рыбалоўства. Рыбалоўства з’яўляецца адным з самых старажытных промыслаў чалавецтва. У часы Старажытнага Рыма ім займаліся жыхары Атлантычнага ўзбярэжжа Еўропы, Міжземнамор’я, а рускія мараходы выходзілі на промысел у Белае мора і да берагоў Грэнландыі ўжо ў Х–XI стст. У канцы XIX – пачатку XX ст., калі адбыўся пераход рыбалоўнага флоту ад парусных да паравых судоў, узнікла прамысловае рыбалоўства. Яно ахапіла перш за ўсё Паўночную Атлантыку, Каспійскае мора.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. «Залатым векам» рыбалоўства называюць 1950–1960-я гг. Гэта тлумачыцца вялікім попытам на жывёльныя бялкі, мадэрнізацыяй флоту, развіццём далёкай экспедыцыйнай лоўлі, а таксама натуральным аднаўленнем біялагічных рэсурсаў акіянаў за гады Другой сусветнай вайны. У перыяд «залатога стагоддзя» асноўны ўлоў рыбы забяспечвалі 10 найбольш каштоўных яе сямействаў — селядцовыя, трасковыя, стаўрыдавыя, скумбрыевыя, анчоўсавыя і інш. Але ў выніку значнага пералову ў 1970-х гг. і вычарпання менавіта найбольш каштоўных біярэсурсаў тэмпы развіцця сусветнага рыбалоўства рэзка ўпалі (менш за 1 % у год), а доля ў агульным улове гэтых сямействаў моцна скарацілася. Пераважаць ва ўлове сталі менш каштоўныя па харчовых якасцях віды рыбы (мойва, мінтай, макрэль, хек) з прычыны пералову рыбы, падрыву прадуктыўнасці многіх відаў і падаражання паліва.

Свет і Беларусь. Якая геаграфія паставак рыбнай прадукцыі ў Рэспубліку Беларусь? Якую прадукцыю рыбалоўства найбольш часта ўжываюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь?

Аб’ём вытворчасці сусветнага рыбалоўства і аквакультуры ў 2016 г. склаў 170,9 млн т. Вытворчасць прадукцыі сусветнага рыбалоўства налічвала 90,9 млн т (53 %), аквакультуры — 80 млн т (47 %). У цяперашні час назіраецца скарачэнне тэмпаў развіцця сусветнага прамысловага рыбалоўства (мал. 137-16) і хуткі рост аб’ёмаў вытворчасці аквакультуры.

Мал.
Мал. 137-16. Дынаміка аб’ёмаў прадукцыі сусветнага рыбалоўства і аквакультуры

Далейшы рост рыбалоўнай галіны будзе забяспечвацца галоўным чынам за кошт аквакультуры.

Аквакультура — гэта развядзенне і вырошчванне ў кантраляваных чалавекам (штучных) умовах водных раслін і жывёл (рыб, ракападобных, ігласкурых, малюскаў, водарасцей), якія прадстаўляюць эканамічную або эстэтычную каштоўнасць.

У свеце паступова змяняецца суадносіны паміж марскім і прэснаводным рыбалоўствам. Асноўны ўлоў прыходзіцца ў цяперашні час на марское рыбалоўства — 79,3 млн т, або 88 % у структуры. Промысел прэснаводных рыб складае 11,6 млн т.

Пры вялікай разнастайнасці арганічнага свету акіяна асноўны ўлоў забяспечваюць тры сямействы: анчоўсавыя, стаўрыдавыя і скумбрыевыя. На першым месцы па аб’ёмах уловаў у 2016 г. знаходзіўся мінтай (3,5 млн т) (мал. 137-17), другое месца займаў перуанскі анчоўс (3,2) (мал. 137-18), трэцяе — паласаты тунец (2,8 млн т) (мал. 137-19).

У першай дзясятцы знаходзяцца таксама сардзінела, стаўрыда, селядзец атлантычны, скумбрыя японская і інш.

Па аб’ёмах вытворчасці прадукцыі марскога прамысловага рыбалоўства вядучае месца належыць краінам Азіі. Лідарамі з’яўляюцца Кітай (19 % сусветнага ўлову), Інданезія і ЗША (мал. 137-20). У першай дзясятцы нароўні з азіяцкімі краінамі (Японія, Індыя, В’етнам, Філіпіны) знаходзяцца таксама Перу, Расія і Нарвегія.

Мал.
Мал. 137-20. Краіны — лідары па вытворчасці прадукцыі марскога рыбалоўства, 2016, млн т

Паразважаем. 1. Чаму краіны, якія развіваюцца, асабліва залежныя ад біярэсурснага патэнцыялу шэльфавай зоны? Адказ патлумачце. 2. 8 % вылаўленай рыбы ў свеце выкідваецца назад у мора. Растлумачце прычыны такіх страт марскога промыслу.