§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ

Геаграфія раслінаводства. Асноўнай падгаліной раслінаводства як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца, з’яўляецца збожжавая гаспадарка. Яна характарызуецца попытам на збожжа, які пастаянна расце, стабілізацыяй валавой вытворчасці, зніжэннем пасяўных плошчаў, павелічэннем ураджайнасці збожжавых культур.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Цікава, што асноўныя пасяўныя плошчы збожжавых сканцэнтраваны ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Асноўныя пасяўныя плошчы збожжавых культур размешчаны ў Індыі (15 %), Кітаі (13), ЗША (9), Расіі (6) і Канадзе (2,5 %).

З другой паловы ХХ ст. пад уплывам біятэхналагічнай рэвалюцыі валавыя зборы збожжавых у свеце сталі расці значна хутчэй. У цяперашні час у сярэднім па свеце збор складае 2,55 млрд т. Краінамі — лідарамі па вытворчасці збожжа выступаюць Кітай (20 % сусветнага рынку), ЗША (16), Індыя (11), Канада (4) і Расія (3,5 %). Трыма галоўнымі збожжавымі культурамі з’яўляюцца кукуруза, пшаніца і рыс, на долю якіх у пасяўных плошчах прыходзіцца 83 %, а ў валавым зборы — 89 %.

Кукуруза з’яўляецца галоўнай культурай сярод збожжавых па валавых зборах. Гэта пераважна кармавая культура, аднак у краінах, якія развіваюцца, і ў некаторых развітых краінах яна выкарыстоўваецца ў ежу. Улічваючы, што кукуруза больш цеплалюбівыя культура, яе арэалы ахопліваюць амерыканскі Сярэдні Захад, Мексіку, поўдзень Еўропы, Індыю, Кітай, Паўднёва-Усходнюю Азію, Бразілію, Аргенціну, ПАР. Агульны валавы збор кукурузы ў свеце складае 1134 млн т, доля ў структуры збожжавых — 41,5 % (табл. 3).

Па валавых зборах кукурузы ў першую тройку краін уваходзяць ЗША (371 млн т), Кітай (259), Бразілія (98 млн т) (мал. 128).

Мал. 129. Пшанічныя палі ў Францыі

Пшаніца з’яўляецца самай геаграфічна распаўсюджанай сельскагаспадарчай культурай у свеце і другой па валавых зборах збожжавых. Геаграфія вырошчвання культуры прадстаўлена двума паясамі — паўночным і паўднёвым. Паўночны пояс ахоплівае Паўночную Амерыку, Еўропу (мал. 129), поўдзень еўрапейскай часткі Расіі, Паўночную Афрыку, Блізкі і Сярэдні Усход. Далей ён падзяляецца на дзве галіны, адна з якіх сыходзіць у Казахстан і Паўночна-Усходні Кітай, другая — да Інда-Гангскай нізіны. Паўднёвы пояс распасціраецца праз стэпавыя і лесастэпавыя раёны Паўднёвай Амерыкі, паўднёвы ўскраек Афрыкі і раёны Аўстраліі.

Валавы збор пшаніцы ў свеце складае 771 млн т, доля ў структуры збожжавых — 29,4 %. Па валавых зборах пшаніцы ў першую тройку краін уваходзяць Кітай (134 млн т), Індыя (98,5), Расія (86 млн т).

Мал. 130. Тэрасныя рысавыя палі ў В’етнаме

Рыс — трэцяя збожжавая культура па валавых зборах. Яна з’яўляецца вільгацелюбівай і цеплалюбівай культурай, у сувязі з чым геаграфія вырошчвання прымеркавана да субтрапічнага і трапічнага кліматычных паясоў (мал. 130), мусоннага тыпу клімату. Валавы збор рысу ў свеце складае 769 млн т, доля ў структуры збожжавых — 29 %. Па валавых зборах рысу ў першую тройку краін уваходзяць Кітай (213 млн т), Індыя (169), Інданезія (81 млн т).

Іншымі збожжавымі культурамі, якія адыгрываюць значную ролю ў сусветным раслінаводстве, з’яўляюцца ячмень, сорга і жыта, доля якіх у валавых зборах збожжавых складае 6,0, 2,3 і 0,5 % адпаведна.

Мал. 131. Прадукцыя арганічнай
сельскай гаспадаркі

Паразважаем. 1. У апошнія дзесяцігоддзі важная роля ў развіцці сельскай гаспадаркі належыць стварэнню генетычна мадыфікаваных сельскагаспадарчых культур, г. зн. з такімі зададзенымі ўласцівасцямі, як устойлівасць да шкоднікаў, ядахімікатаў, павышанае ўтрыманне вітамінаў. З аднаго боку, гэта дазваляе палепшыць рацыён харчавання жыхароў многіх краін, а з другога — выклікае бурныя дыскусіі аб іх шкодзе. Прывядзіце прыклады «за» і «супраць» выкарыстання ГМА у сельскай гаспадарцы. 2. Як вы разумееце сэнс паняцця «арганічная сельская гаспадарка» (мал. 131) і якія краіны могуць дазволіць сабе яе вядзенне?

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны — лідары па аб’ёмах валавога збору пшаніцы, рысу, кукурузы. У якіх прыродных зонах збіраюць найбольшыя ўраджаі пшаніцы, кукурузы, рысу?