Печатать книгуПечатать книгу

§ 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ

Успамінаем. Як прыродныя ўмовы ўплываюць на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі? Якая заканамернасць геаграфічнай абалонкі вызначае развіццё сельскай гаспадаркі? Як прыродныя ўмовы паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі ў краінах Афрыкі? Якія фактары для развіцця сельскай гаспадаркі, акрамя прыродных, маюць развітыя краіны Паўночнай Амерыкі? Якія адметныя асаблівасці мае спецыялізацыя сельскай гаспадаркі краін Еўропы?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія вы ведаеце прафесіі, звязаныя з працай у аграпрамысловым комплексе? Якія ўстановы адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 18. СТРУКТУРА І ГЕАГРАФІЧНЫЯ ТЫПЫ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ СВЕТУ. ГЕАГРАФІЯ РАСЛІНАВОДСТВА СВЕТУ
Напечатано:: Гость
Дата: Среда, 26 Июнь 2024, 11:09

Сельская гаспадарка ў структуры сусветнай гаспадаркі. Сельская гаспадарка ўтварае першасны сектар сусветнай гаспадаркі і адносіцца да найстарэйшага віду чалавечай дзейнасці. На даіндустрыяльнай стадыі развіцця чалавецтва яна адыгрывала вызначальную ролю ў структуры сусветнай гаспадаркі.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Экспедыцыі Усесаюзнага інстытута раслінаводства ў 1919–1939 гг. у Афрыку, Азію, Лацінскую Амерыку, узначаленыя акадэмікам М. І. Вавілавым, даказалі, што радзімай большасці культурных раслін з’яўляюцца менавіта гэтыя рэгіёны (мал. 125). Растлумачце прычыны геаграфіі паходжання раслін.

Па меры развіцця індустрыялізацыі і постындустрыялізацыі доля сельскай гаспадаркі стала змяншацца. У структуры сусветнага валавога прадукту яна складае 6,4 %, у развітых краінах — 1 %, у краінах, якія развіваюцца, — 26 %. У сельскай гаспадарцы занята 3453 млн чалавек. У структуры занятасці насельніцтва доля сельскай гаспадаркі большая — 26,5 %. Гэта тлумачыцца значнай колькасцю ў свеце дзяржаў, якія развіваюцца. Паміж развітымі краінамі і краінамі, што развіваюцца, існуюць вялікія адрозненні ў занятасці насельніцтва ў сельскай гаспадарцы. У развітых краінах доля занятых знізілася да 3 %, у краінах, якія развіваюцца, складае каля 65 % (мал. 126).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Сельская гаспадарка свету характарызуецца трыма функцыямі, якія захоўваюць яе значэнне ў сусветнай гаспадарцы: 1) паўсюднае геаграфічнае распаўсюджванне; 2) вытворчасць і забеспячэнне харчаваннем і сельскагаспадарчай сыравінай; 3) забеспячэнне занятасці насельніцтва ў вялікай колькасці дзяржаў.

Фактары размяшчэння і развіцця сельскай гаспадаркі свету. На размяшчэнне і развіццё сельскай гаспадаркі ўплываюць пэўныя фактары. Прыродны фактар выступае асновай для геаграфічных адрозненняў у сельскай гаспадарцы. У залежнасці ад агракліматычных умоў тэрыторыі (працягласці вегетатыўнага перыяду, колькасці ападкаў, умоў атмасфернага ўвільгатнення, працягласці безмарознага перыяду, урадлівасці глеб і інш.) вылучаюцца зоны сельскагаспадарчай спецыялізацыі свету.

Важную ролю адыгрывае сацыяльна-эканамічны фактар. Ён характарызуецца традыцыямі вядзення сельскай гаспадаркі; узроўнем механізацыі, хімізацыі і электрыфікацыі; аб’ёмам капіталаўкладанняў у галіну, у тым ліку ўкараненняў новых тэхналогій; узроўнем прадукцыйнасці працы і прыбытковасці галіны.

У апошні час на развіццё сельскай гаспадаркі краін свету аказваюць уплыў міжнародны гандаль і адзіная аграрная палітыка, якія дзейнічаюць у некаторых інтэграцыйных аб’яднаннях. У цэлым пры нізкім узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця прыродныя фактары працягваюць адыгрываць вызначальную ролю ў развіцці сельскай гаспадаркі. Па меры яго росту ў краіне залежнасць ад прыродных фактараў слабее.

*Структура сельскагаспадарчых угоддзяў свету і рэгіёнаў. Плошча зямельнага фонду свету ацэньваецца ў 13,2 млрд га. Землі сельскагаспадарчага прызначэння займаюць 4810 млн га, або 37 % сусветнага зямельнага фонду; пакрытыя лесам плошчы — 3,7 млрд га, або 28 %; лугі, пашы, плошчы са шматгадовымі насаджэннямі і іншыя зямлі — 4,6 млрд га, або 35 %.

У складзе сельскагаспадарчых угоддзяў плошчу раллі складае за 1,2 млрд га, або 12 % сельскагаспадарчых угоддзяў. У сярэднім на душу насельніцтва ў свеце прыходзіцца 0,3–0,4 га раллі (мал. 126-1).

Мал.
Мал. 126-1. Размеркаванне зямельнага фонду міру (па даных ФАО)

У структуры сельскагаспадарчых угоддзяў найбольшай доляй раллі характарызуецца Паўднёва-Усходняя Азія, Заходняя і Цэнтральная Еўропа, Цэнтральная Амерыка і Карыбскі рэгіён. У краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары і Паўночнай Афрыцы доля раллі складае менш за 10 % плошчы.

У разліку на душу насельніцтва найбольшыя паказчыкі раллі характэрныя для Аўстраліі і Новай Зеландыі (2,21 га). Далей ідуць Усходняя Еўропа з Расіяй (0,8 га), Паўночная Амерыка (0,62) і Цэнтральная Азія (0,6 га).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Каля 70 % зямель свету, што апрацоўваюцца, знаходзіцца ў Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы. У Еўропе (без краін СНД) самы высокі сярод рэгіёнаў узровень узаранасцi зямель. Натуральных пашы і лугоў засталося вельмі мала, і захаваліся яны ў асноўным у Паўночнай Еўропе. У Азіі высокую ўзаранасць маюць добра забяспечаныя вільгаццю мусонныя паўднёвыя і ўсходнія тэрыторыі. Тут сканцэнтравана каля 90 % раллі рэгіёну. Узаранасць на Вялікай Кітайскай раўніне, у басейнах Ганга, Інда і інш. дасягае 70–80 %. Шырокія арыдныя пустынныя, паўпустынныя і высакагорныя раёны Паўднёва-Заходняй і Цэнтральнай Азіі выкарыстоўваюцца пераважна пад пашы. У Паўночнай Амерыцы моцна ўзараны вобласці Цэнтральных і Вялікіх раўнін, субтропікаў і тропікаў ЗША і раўнінныя вобласці поўдня Канады. У складзе зямельных угоддзяў астатніх рэгіёнаў свету — Аўстраліі, Паўднёвай Амерыкі і Афрыкі — пераважаюць пашы. У Аўстраліі 60 % зямель выкарыстоўваецца пад пашы. Вобласці, занятыя раллёй, абмежаваныя ў асноўным усходняй і паўднёва-ўсходняй ускраінай мацерыка. У Паўднёвай Амерыцы і Афрыцы пры параўнальна высокай долі пашы вельмі нізкая ўзаранасць тэрыторыі. У Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы найбольш узараныя паўночныя і паўднёвыя ўскраіны рэгіёнаў.

Самыя вялікія памеры раллі маюць найбуйнейшыя па плошчы краіны: ЗША (185 млн га), Індыя (160), Расія (134) і Кітай (95), Канада (46), Казахстан (36), Украіна (34 млн га).

Структура і геаграфічныя тыпы сельскай гаспадаркі. Структура сектара прадстаўлена дзвюма асноўнымі галінамі — раслінаводствам і жывёлагадоўляй. Раслінаводства, у сваю чаргу, уключае земляробства, агародніцтва, гародніцтва, вінаградарства і кветкаводства. У жывёлагадоўлі вылучаюцца развядзенне буйной рагатай жывёлы, свінагадоўля, авечкагадоўля і інш.

У структуры сусветнага зямельнага фонду на землі сельскагаспадарчага прызначэння прыходзіцца 37 %, у тым ліку на раллю — 12 %. Сярод вядучых сусветных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі вылучаюцца Кітай (20 % сусветнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі), Індыя (11) і ЗША (8 %).

У свеце цікавага. Ізраільская сельская гаспадарка — гэта сусветны феномен. У краіне, дзе менш за 20 % зямель прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі, фермеры забяспечваюць патрэбы насельніцтва ў прадуктах харчавання на 95 %. Пры гэтым Ізраіль не толькі забяспечвае ўласныя харчовыя патрэбы, але і паспяхова экспартуе сваю прадукцыю ў дзясяткі краін. Сакрэт поспеху ізраільскага аграсектара — тэхналогіі. Інавацыйныя падыходы Ізраіля да вядзення сельскай гаспадаркі зніжаюць кліматычныя рызыкі і садзейнічаюць рацыянальнаму выкарыстанню найкаштоўнейшых для пустыннага клімату водных рэсурсаў (мал. 127)

Разнастайнасць прыродна-кліматычных умоў свету, адрозненні ў сістэме землеўладання, землекарыстання і аграрных рэформах абумовілі вылучэнне, з аднаго боку, зон сельскагаспадарчай спецыялізацыі, з другога боку, падобных галіновых напрамкаў у краінах і рэгіёнах. Гэтыя ўмовы вызначаюць геаграфічны тып сельскай гаспадаркі.

Геаграфічны тып сельскай гаспадаркі — устойлівае спалучэнне прыродна-абумоўленых і гістарычна складзеных вытворчых прыкмет сельскай гаспадаркі на канкрэтнай тэрыторыі, якія ўключаюць: 1) аграрныя адносіны, 2) спецыялізацыю, 3) інтэнсіўнасць вытворчасці, 4) узровень матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці, 5) сістэмы земляробства і жывёлагадоўлі.

На аснове паказаных вышэй асаблівасцей сельскай гаспадаркі ў сусветнай гаспадарцы вылучаюць тры асноўныя катэгорыі і 11 геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі (гл. дадатак 3).

Свет і Беларусь. Якая першая ў Расійскай імперыі вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова была адкрыта на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XIX ст.? Якія збожжавыя культуры вырошчваюць у Рэспубліцы Беларусь? Якія геаграфічныя тыпы сельскай гаспадаркі характэрныя для Рэспублікі Беларусь?

Геаграфія раслінаводства. Асноўнай падгаліной раслінаводства як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца, з’яўляецца збожжавая гаспадарка. Яна характарызуецца попытам на збожжа, які пастаянна расце, стабілізацыяй валавой вытворчасці, зніжэннем пасяўных плошчаў, павелічэннем ураджайнасці збожжавых культур.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Цікава, што асноўныя пасяўныя плошчы збожжавых сканцэнтраваны ў Паўднёва-Усходняй Азіі і Паўночнай Амерыцы. Асноўныя пасяўныя плошчы збожжавых культур размешчаны ў Індыі (15 %), Кітаі (13), ЗША (9), Расіі (6) і Канадзе (2,5 %).

З другой паловы ХХ ст. пад уплывам біятэхналагічнай рэвалюцыі валавыя зборы збожжавых у свеце сталі расці значна хутчэй. У цяперашні час у сярэднім па свеце збор складае 2,55 млрд т. Краінамі — лідарамі па вытворчасці збожжа выступаюць Кітай (20 % сусветнага рынку), ЗША (16), Індыя (11), Канада (4) і Расія (3,5 %). Трыма галоўнымі збожжавымі культурамі з’яўляюцца кукуруза, пшаніца і рыс, на долю якіх у пасяўных плошчах прыходзіцца 83 %, а ў валавым зборы — 89 %.

Кукуруза з’яўляецца галоўнай культурай сярод збожжавых па валавых зборах. Гэта пераважна кармавая культура, аднак у краінах, якія развіваюцца, і ў некаторых развітых краінах яна выкарыстоўваецца ў ежу. Улічваючы, што кукуруза больш цеплалюбівыя культура, яе арэалы ахопліваюць амерыканскі Сярэдні Захад, Мексіку, поўдзень Еўропы, Індыю, Кітай, Паўднёва-Усходнюю Азію, Бразілію, Аргенціну, ПАР. Агульны валавы збор кукурузы ў свеце складае 1134 млн т, доля ў структуры збожжавых — 41,5 % (табл. 3).

Па валавых зборах кукурузы ў першую тройку краін уваходзяць ЗША (371 млн т), Кітай (259), Бразілія (98 млн т) (мал. 128).

Мал. 129. Пшанічныя палі ў Францыі

Пшаніца з’яўляецца самай геаграфічна распаўсюджанай сельскагаспадарчай культурай у свеце і другой па валавых зборах збожжавых. Геаграфія вырошчвання культуры прадстаўлена двума паясамі — паўночным і паўднёвым. Паўночны пояс ахоплівае Паўночную Амерыку, Еўропу (мал. 129), поўдзень еўрапейскай часткі Расіі, Паўночную Афрыку, Блізкі і Сярэдні Усход. Далей ён падзяляецца на дзве галіны, адна з якіх сыходзіць у Казахстан і Паўночна-Усходні Кітай, другая — да Інда-Гангскай нізіны. Паўднёвы пояс распасціраецца праз стэпавыя і лесастэпавыя раёны Паўднёвай Амерыкі, паўднёвы ўскраек Афрыкі і раёны Аўстраліі.

Валавы збор пшаніцы ў свеце складае 771 млн т, доля ў структуры збожжавых — 29,4 %. Па валавых зборах пшаніцы ў першую тройку краін уваходзяць Кітай (134 млн т), Індыя (98,5), Расія (86 млн т).

Мал. 130. Тэрасныя рысавыя палі ў В’етнаме

Рыс — трэцяя збожжавая культура па валавых зборах. Яна з’яўляецца вільгацелюбівай і цеплалюбівай культурай, у сувязі з чым геаграфія вырошчвання прымеркавана да субтрапічнага і трапічнага кліматычных паясоў (мал. 130), мусоннага тыпу клімату. Валавы збор рысу ў свеце складае 769 млн т, доля ў структуры збожжавых — 29 %. Па валавых зборах рысу ў першую тройку краін уваходзяць Кітай (213 млн т), Індыя (169), Інданезія (81 млн т).

Іншымі збожжавымі культурамі, якія адыгрываюць значную ролю ў сусветным раслінаводстве, з’яўляюцца ячмень, сорга і жыта, доля якіх у валавых зборах збожжавых складае 6,0, 2,3 і 0,5 % адпаведна.

Мал. 131. Прадукцыя арганічнай
сельскай гаспадаркі

Паразважаем. 1. У апошнія дзесяцігоддзі важная роля ў развіцці сельскай гаспадаркі належыць стварэнню генетычна мадыфікаваных сельскагаспадарчых культур, г. зн. з такімі зададзенымі ўласцівасцямі, як устойлівасць да шкоднікаў, ядахімікатаў, павышанае ўтрыманне вітамінаў. З аднаго боку, гэта дазваляе палепшыць рацыён харчавання жыхароў многіх краін, а з другога — выклікае бурныя дыскусіі аб іх шкодзе. Прывядзіце прыклады «за» і «супраць» выкарыстання ГМА у сельскай гаспадарцы. 2. Як вы разумееце сэнс паняцця «арганічная сельская гаспадарка» (мал. 131) і якія краіны могуць дазволіць сабе яе вядзенне?

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны — лідары па аб’ёмах валавога збору пшаніцы, рысу, кукурузы. У якіх прыродных зонах збіраюць найбольшыя ўраджаі пшаніцы, кукурузы, рысу?

Геаграфія міжнароднага гандлю прадукцыяй раслінаводства. Спрыяльныя прыродныя ўмовы краін, гістарычныя традыцыі вядзення сельскай гаспадаркі і забеспячэнне харчовай бяспекі свету стымулююць міжнародны гандаль прадукцыяй раслінаводства. У збожжавай гаспадарцы свету склалася група краін, якія лідзіруюць на працягу многіх гадоў у экспарце сельскагаспадарчых культур. Вядучымі краінамі па экспарце кукурузы ў свеце з’яўляюцца ЗША, Аргенціна і Бразілія; пшаніцы — Расія, ЗША і Канада; рысу — Тайланд, Індыя і Пакістан.

Падвядзём вынікі. Асноўным фактарам, які вызначае развіццё сельскай гаспадаркі, з’яўляецца ... . Вылучаюць адзінаццаць геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі. Лідарамі па аб’ёмах валавога збору пшаніцы з’яўляюцца ..., ..., ...; кукурузы — ..., ..., ...; рысу — ..., ..., ... . Актыўна развіваецца арганічная сельская гаспадарка, укараняюцца генетычна мадыфікаваныя арганізмы.

Праверым свае веды. 1. Як адрозніваецца доля сельскай гаспадаркі ў структуры ВУП у развітых крамах і краінах, якія развіваюцца? 2. Што ляжыць у аснове вылучэнняў геаграфічных тыпаў сельскай гаспадаркі? 3. Якая агульнасусветная структура валавога збору збожжавых культур? 4. Як НТР паўплывала на развіццё сельскай гаспадаркі? 5. У чым заключаюцца асаблівасці рэгіянальнай структуры валавога збору збожжавых культур?

Ад простага да складанага. 1. Існуе меркаванне, што ўстойлівае развіццё сельскай гаспадаркі — гэта развіццё, якое забяспечвае прадуктамі харчавання насельніцтва, што павялічваецца, без адначасовага разбурэння навакольнага асяроддзя. Растлумачце, як вы гэта разумееце. 2. Падрыхтуйце калаж аб найноўшых спосабах вырошчвання раслін. 3. Падрыхтуйце прэзентацыю аб цэнтрах паходжання культурных раслін.

Ад тэорыі да практыкі. Запоўніце табліцу ў сшытку, выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і дадатковыя крыніцы інфармацыі.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Статыстычная база Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН ФАО па раслінаводстве.