*§ 18-1. ГЕАГРАФІЯ ТЭХНІЧНЫХ КУЛЬТУР У СВЕЦЕ

Да тэхнічных культур адносяць сельскагаспадарчыя культуры, якія даюць сыравіну для розных галін прамысловасці. Сярод іх вылучаюць:

– якія выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай прамысловасці — валакністыя культуры (напр., лён, бавоўнік, кенаф, джут і інш.);

– якія выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці — алейныя (соя, сланечнік, арахіс, рапс, аліва, алейная пальма), крухмаланосы (бульба, кукуруза, рыс), цукраносы (цукровы трыснёг, цукровыя буракі), танізавальныя (чай, кава-бабы, какава-бабы), вострыя прыправы, тытунь;

– якія выкарыстоўваюцца ў хімічнай прамысловасці (каўчуканосы, фарбавальныя, дубільныя, лекавыя расліны і інш.).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Некаторыя сельскагаспадарчыя культуры выкарыстоўваюцца і як збожжавыя, і як тэхнічныя, і як агароднінныя адначасова. Гэта, напрыклад, бульба. Рыс і кукуруза з’яўляюцца і збожжавымі культурамі, і тэхнічнымі як крухмаланосы.

Свет і Беларусь. На вырошчванні якіх тэхнічных культур спецыялізуецца Беларусь?

Сярод валакністых культур найбольш распаўсюджаным з’яўляецца бавоўнік. Яго выкарыстоўваюць для вытворчасці ваты, тканін, штучнага фетру і інш. Бавоўнік вырошчваецца ў трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Валавы збор бавоўны-валакна ў свеце складае 25,2 млн т.

Найбуйнейшымі вытворцамі бавоўны-валакна з’яўляюцца Індыя (6,18 млн т), Кітай (6,17), ЗША (3,6) і Пакістан (2,4) (мал. 131-1). Гэтыя ж краіны выступаюць і галоўнымі экспарцёрамі бавоўны.

Мал.
Мал. 131-1. Збор бавоўны ў Пакістане

Алейныя культуры выкарыстоўваюцца для атрымання алеяў, прыдатных для харчовых і тэхнічных мэт. Адной з распаўсюджаных алейных культур з’яўляецца сланечнік. Сусветная вытворчасць насення сланечніку складае 47,3 млн т. Найбуйнейшымі вытворцамі з’яўляюцца Украіна (14 млн т), Расія (11) і Аргенціна (3 млн т).

Бульба мае шырокае прымяненне ў сельскай гаспадарцы і харчовай прамысловасці свету. Асноўныя раёны вырошчвання бульбы знаходзяцца ва ўмераным клімаце. У раёнах тропікаў і субтропікаў бульба займае каля 20 % сусветных плошчаў. У тропіках яе вырошчваюць у сухі сезон пры арашэнні або ў горных раёнах у любы сезон. Валавы збор бульбы складае 377 млн т. Вядучымі вытворцамі з’яўляюцца Кітай (99 млн т), Індыя (49,7), Расія (31,1 млн т).

Група танізавальных культур шырокая. Некаторыя з іх маюць сусветнае распаўсюджванне, іншыя лакалізаваны ў асобных рэгіёнах свету. Арэалы вырошчвання прымеркаваны да трапічнага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Насенне кававага дрэва выкарыстоўваецца для прыгатавання кавы.

Штогод у свеце збіраюць 9,2 млн т зялёных кававых зерняў. Асноўнымі вытворцамі з’яўляюцца Бразілія (3 млн т), В’етнам (1,5) (мал. 131-2) і Інданезія (0,6 млн т). Кава з’яўляецца галоўнай крыніцай даходаў фермерскіх гаспадарак у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі. У Калумбіі гадавы даход ад кавы складае больш за 80 % агульнага кошту сельскагаспадарчага экспарту, у Бразіліі, Гватэмале і Кот-д’Івуары — 55–60 %, у Кеніі, Эфіопіі — каля 35 %.

Мал.
Мал. 131-2. Збор кавы ў В’етнаме

Какава-бабы шырока выкарыстоўваюцца як у сельскай гаспадарцы, так і ў харчовай, касметычнай, кандытарскай, фармацэўтычнай і іншых галінах прамысловасці. Дрэвы какава займаюць ніжні ярус і падлесак у трапічным дажджавым лесе. У свеце вырабляюць 4,5 млн т какава-бабоў. Краінамі, якія лідзіруюць у свеце па валавым зборы, з’яўляюцца Кот-д’Івуар (1,5 млн т) (мал. 131-3), Гана (0,9) і Інданезія (0,7 млн т).

Мал.
Мал. 131-3. Збор какава-бабоў у Кот-д’Івуары

Чай з’яўляецца шматгадовым вечназялёным дрэвам або хмызняком, які вырошчваецца ў трапічным і субтрапічным клімаце. Сусветная вытворчасць чаю складае 5,9 млн т. Вядучымі краінамі па валавым зборы чаю выступаюць Кітай (2,4 млн т), Індыя (1,3) і Кенія (0,5 млн т) (мал. 131-4).

Мал.
Мал. 131-4. Збор чаю ў Кеніі

Самай распаўсюджанай цукраноснай культурай у свеце з’яўляецца цукровы трыснёг. Гэта найстаражытная з раслін, што вырошчваецца чалавекам, і адзіная расліна, з якой вырабляюць цукар у трапічнай Афрыцы, Акіяніі, ва многіх краінах Лацінскай Амерыкі і Азіі. Для яго вырошчвання неабходны трапічны клімат. Валавы збор цукровага трыснягу ў свеце складае 1890 млн т. Лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па зборах трыснягу займаюць Бразілія (769 млн т) (мал. 131-5), Індыя (348) і Кітай (122 млн т).

Мал.
Мал. 131-5. Збор цукровага трыснягу ў Бразіліі

Падвядзём вынікі. Да тэхнічных культур адносяць сельскагаспадарчыя культуры, якія даюць сыравіну для тэкстыльнай, харчовай і хімічнай прамысловасці. Геаграфія вырошчвання залежыць ад прыродных умоў. Асноўнымі вытворцамі тэхнічных культур выступаюць пераважна краіны, якія развіваюцца.

Праверым свае веды. 1. Якія краіны з’яўляюцца найбуйнейшымі вытворцамі бавоўны-валакна? 2. Якія краіны з’яўляюцца найбуйнейшымі вытворцамі бульбы? 3. Якія краіны з’яўляюцца найбуйнейшымі вытворцамі кавы і какава-бабоў?

Ад простага да складанага. Як нестабільная палітычная абстаноўка ў краінах-вытворцах какава-бабоў можа змяніць сітуацыю на сусветным рынку шакаладу?

Ад тэорыі да практыкі. 1. Правядзіце міні-даследаванне «Геаграфія вытворцаў аліўкавага алею ў гандлёвых сетках г. Мінска», наведаўшы адно з сеткавых гандлёвых прадпрыемстваў. Растлумачце атрыманыя вынікі. 2. Выканайце практычную работу 17 «Эканоміка-геаграфічны аналіз збожжавай гаспадаркі свету» (праца з контурнай картай).

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Міжнароднай арганізацыі па какава.
Сайт Міжнароднай арганізацыя па каве.
Сайт Міжнароднай рады па аліве.