*§ 17-2. МІЖНАРОДНЫ ГАНДАЛЬ

Рэгуляванне міжнароднага гандлю, роля Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Галоўнай і адзінай міжнароднай арганізацыяй, якая займаецца глабальнымі правіламі гандлю паміж дзяржавамі, з'яўляецца Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА). Яна была створана ў 1995 г. i замяніла сабой папярэдніка — Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі (ГАТТ). Штаб-кватэра размешчаная ў Жэневе (Швейцарыя) (мал. 124-6).

Мал.
Мал. 124-6. Штаб-кватэра СГА ў Жэневе

Задачы СГА заключаюцца: 1) ва ўпарадкаванні працэсу гандлю; 2) урэгуляванні гандлёвых спрэчак паміж урадамі; 3) арганізацыі гандлёвых перамоў. Прынцыпы, на якіх заснаваныя гэтыя пагадненні, уключаюць адсутнасць дыскрымінацыі, больш вольныя ўмовы гандлю, заахвочванне канкурэнцыі і дадатковыя палажэнні для найменш развітых краін.

На сённяшні дзень членамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі з'яўляюцца 164 дзяржавы (мал. 124-7).

Мал.
Мал. 124-7. Дзяржавы — члены СГА

Падвядзём вынікі. Міжнародны гандаль з'яўляецца адным з асноўных відаў міжнародных эканамічных адносін. Міжнародны гандаль развіваецца хуткімі тэмпамі. Рост гандлю паслугамі апярэджвае рост гандлю таварамі. Ва ўмовах постындустрыялізацыі доля паслуг у структуры міжнароднага гандлю павялічваецца. Вядучымі краінамі па аб'ёмах міжнароднага гандлю таварамі выступаюць Кітай, ЗША і Германія.

Праверым свае веды. 1. Якія фактары ўплываюць на развіццё міжнародных эканамічных адносін? 2. Чым тлумачыцца імклівы рост аб'ёмаў міжнароднага гандлю ў свеце? 3. Якія віды прадукцыі пераважаюць у структуры міжнароднага гандлю таварамі? 4. Якія віды паслуг дамінуюць у міжнародным гандлі паслугамі? 5. Якія краіны лідзіруюць у свеце па гандлі паслугамі? 6. Якія асноўныя задачы Сусветнай гандлёвай арганізацыі?

Ад простага да складанага. Чым можна растлумачыць, што эканамічна высокаразвітая краіна — ЗША — з'яўляецца найбуйнейшым імпарцёрам тавараў і паслуг?

Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, дадатковую літаратуру і рэсурсы інтэрнэту, зрабіце міні-паведамленне на тэму «Адукацыйныя паслугі ў Еўропе» і адкажыце на пытанне: «У якіх універсітэтах свету вучыцца значная колькасць замежных студэнтаў?».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).