Печатать книгуПечатать книгу

*§ 17-2. МІЖНАРОДНЫ ГАНДАЛЬ

Успамінаем. Якія фактары ляжаць у аснове міжнароднага геаграфічнага падзелу працы і ў якіх формах ён праяўляецца? Назавіце прыклады інтэрнацыяналізацыі нацыянальных гаспадарак на прыкладзе вытворчасці прадукцыі машынабудавання.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: *§ 17-2. МІЖНАРОДНЫ ГАНДАЛЬ
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 08:07

Міжнародны гандаль у сістэме міжнародных адносін. У выніку гаспадарчых сувязей, паглыблення МГРТ, росту ўзаемазалежнасці паміж дзяржавамі ў сусветнай гаспадарцы фарміруюцца міжнародныя эканамічныя адносіны.

Міжнародныя эканамічныя адносіны ўяўляюць сістэму сувязей паміж нацыянальнымі гаспадаркамі асобных краін, а таксама паміж міжнароднымі эканамічнымі арганізацыямі і фінансавымі цэнтрамі. Гэтыя адносіны заснаваны на міжнародным геаграфічным падзеле працы. Яны накіраваны на рашэнне шматлікіх праблем развіцця чалавецтва і з'яўляюцца своеасаблівым звяном паміж нацыянальнымі эканомікамі дзяржаў і сусветнай гаспадаркай.

На развіццё міжнародных эканамічных адносін аказвае ўплыў шэраг фактараў. Асноўнымі з іх з'яўляюцца развіццё НТП; адрозненні ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця паміж краінамі; стан палітычнай абстаноўкі ў рэгіёнах свету; узмацненне ўплыву ТНК; умацаванне міжнароднай эканамічнай інтэграцыі; працэсы глабалізацыі.

У сучасных умовах міжнародныя эканамічныя адносіны становяцца ўсё больш разнастайнымі. Яны характарызуюцца некалькімі формамі (мал. 124-4). Найстарэйшай формай міжнародных эканамічных адносін паміж дзяржавамі з'яўляецца гандаль.

Мал.
Мал. 124-4. Асноўныя формы міжнародных эканамічных адносін

Міжнародны гандаль уяўляе сістэму міжнародных таварна-грашовых адносін у галіне абмену таварамі, сыравінай і паслугамі, якая складваецца са знешняга гандлю ўсіх краін свету.

Гэты працэс цесна звязаны з інтэрнацыяналізацыяй гаспадарчага жыцця і інтэнсіфікацыяй міжнароднага падзелу працы ва ўмовах НТР.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Гандаль узнік у глыбокай старажытнасці. Магутным стымулам развіцця міжнародных гандлёвых адносін стаў пераход ад натуральнай гаспадаркі да таварна-грашовых адносін, а таксама стварэнне нацыянальных дзяржаў, усталяванне вытворчых сувязей як унутры краін, так і паміж імі. Адной з першых гандлёвых арганізацый, якія з'явіліся для абароны эканамічных інтарэсаў гандлю купецтва ў выніку дагавора Любека з Гамбургам у 1241 г., былі Ганзейскі саюз (Ганза). Галоўнымі апорнымі пунктамі саюза сталі гарады Бруге, Ноўгарад, Лондан, Берген. Членамі Ганзы ў розны час былі больш за 200 вялікіх і малых гарадоў, якія з'яўляліся самастойнымі тэрытарыяльна-палітычнымі адзінкамі і размяшчаліся галоўным чынам у басейне Паўночнага і Балтыйскага мораў. Ганзейскія купцы і кампаніі карысталіся пэўнымі правамі і прывілеямі.

Лічаць, што гандаль стаў міжнародным у працэсе зараджэння сусветнага рынку ў XVI–XVIII стст. Галоўнымі цэнтрамі міжнароднага абмену таварамі былі італьянскія гарады Венецыя, Генуя і Фларэнцыя, нямецкія гарады Аўгсбург і Нюрнберг, гандлёвыя гарады Фландрыі (цяперашняй Бельгіі) і партовыя гарады Ганзейскага саюза на паўднёвым і ўсходнім узбярэжжы Балтыйскага мора.

Значныя маштабы міжнародны гандаль набывае на рубяжы XVIII і XIX стст., калі міжнародныя таварна-грашовыя адносіны становяцца ўстойлівымі. На сучасным этапе міжнародны гандаль з'яўляецца найбольш развітой формай міжнародных эканамічных адносін.

Геаграфічная і галіновая структура міжнароднага гандлю. Міжнародны гандаль з'яўляецца адной з галін, што дынамічна развіваюцца, сферы паслуг і сусветнай гаспадаркі ў цэлым. Тэмпы росту сусветнага тавараабароту апярэджваюць тэмпы росту сусветнай вытворчасці і валавога сусветнага прадукту.

Рост міжнароднага гандлю характэрны і для тавараў, і для паслуг. Аднак рост гандлю паслугамі ў ХХІ ст. апярэджвае рост гандлю таварамі (мал. 124-5).

Мал.
Мал. 124-5. Дынаміка аб’ёмаў міжнароднага гандлю, млрд дол.

У галіновай структуры міжнароднага гандлю назіраецца перавага тавараў над паслугамі ў суадносінах 80:20. Ва ўмовах пераходу да постындустрыяльнага грамадства доля паслуг павялічваецца.

Аб'ём міжнароднага гандлю таварамі ў 2017 г. склаў 32 180,1 млрд дал. У таварнай структуры пераважаюць гатовыя вырабы — машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі, хімічныя прадукты і пр. Іх доля складае 70 %. Сыравіна і паліва займаюць у структуры 20 %. На сельскагаспадарчую прадукцыю, у тым ліку прадукты харчавання, прыходзіцца 10 %.

У геаграфічнай структуры міжнароднага гандлю на развітыя краіны прыходзіцца 62 %, якія развіваюцца — 35 % і на краіны з пераходнай эканомікай — 3 %.

Сярод рэгіёнаў свету найбольшай доляй характарызуецца Еўропа (37 %). Азія займае другое месца — 34 %. Доля Паўночнаамерыканскага рэгіёну ў структуры міжнароднага гандлю — 15 %. За апошнія дзесяцігоддзі ў свеце склалася група краін — лідараў па аб'ёмах міжнароднага гандлю таварамі. Вядучымі экспарцёрамі і імпарцёрамі тавараў у цяперашні час выступаюць Кітай, ЗША і Германія (табл. *12).

Табліца *12. Краіны — лідары па аб'ёмах міжнароднага гандлю таварамі, 2017 г.
Табл.

Аб'ём міжнароднага гандлю паслугамі ў 2017 г. склаў 9502,8 млрд дол. У галіновай структуры каля 30 % прыпадае на паслугі падарожжаў, 20 % — на транспартныя паслугі. Каля 50 % у структуры займаюць іншыя віды паслуг — фінансавыя, страхавыя, банкаўскія, паслугі ІКТ, адукацыйныя і інш. Развітыя краіны дамінуюць у гандлі паслугамі. Аднак у апошняе дзесяцігоддзе ўзмацняецца роля некаторых краін, якія развіваюцца, — Кітая і Індыі. Сярод рэгіёнаў свету назіраецца дамінаванне Еўропы. Яе доля складае 48 % гандлю паслугамі ў свеце. Кожная пятая паслуга ў свеце прадаецца краінамі Азіі (24 %). Доля краін Паўночнай Амерыкі складае 15 %. Па аб'ёме экспарту паслуг сярод краін свету лідзіруюць высокаразвітыя дзяржавы — ЗША, Вялікабрытанія, Германія. Сярод вядучых імпарцёраў паслуг вылучаюцца ЗША, Кітай і Германія (табл. *13).

Табліца *13. Краіны — лідары па аб'ёмах міжнароднага гандлю паслугамі, 2017 г.
Табл.

Рэгуляванне міжнароднага гандлю, роля Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Галоўнай і адзінай міжнароднай арганізацыяй, якая займаецца глабальнымі правіламі гандлю паміж дзяржавамі, з'яўляецца Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА). Яна была створана ў 1995 г. i замяніла сабой папярэдніка — Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі (ГАТТ). Штаб-кватэра размешчаная ў Жэневе (Швейцарыя) (мал. 124-6).

Мал.
Мал. 124-6. Штаб-кватэра СГА ў Жэневе

Задачы СГА заключаюцца: 1) ва ўпарадкаванні працэсу гандлю; 2) урэгуляванні гандлёвых спрэчак паміж урадамі; 3) арганізацыі гандлёвых перамоў. Прынцыпы, на якіх заснаваныя гэтыя пагадненні, уключаюць адсутнасць дыскрымінацыі, больш вольныя ўмовы гандлю, заахвочванне канкурэнцыі і дадатковыя палажэнні для найменш развітых краін.

На сённяшні дзень членамі Сусветнай гандлёвай арганізацыі з'яўляюцца 164 дзяржавы (мал. 124-7).

Мал.
Мал. 124-7. Дзяржавы — члены СГА

Падвядзём вынікі. Міжнародны гандаль з'яўляецца адным з асноўных відаў міжнародных эканамічных адносін. Міжнародны гандаль развіваецца хуткімі тэмпамі. Рост гандлю паслугамі апярэджвае рост гандлю таварамі. Ва ўмовах постындустрыялізацыі доля паслуг у структуры міжнароднага гандлю павялічваецца. Вядучымі краінамі па аб'ёмах міжнароднага гандлю таварамі выступаюць Кітай, ЗША і Германія.

Праверым свае веды. 1. Якія фактары ўплываюць на развіццё міжнародных эканамічных адносін? 2. Чым тлумачыцца імклівы рост аб'ёмаў міжнароднага гандлю ў свеце? 3. Якія віды прадукцыі пераважаюць у структуры міжнароднага гандлю таварамі? 4. Якія віды паслуг дамінуюць у міжнародным гандлі паслугамі? 5. Якія краіны лідзіруюць у свеце па гандлі паслугамі? 6. Якія асноўныя задачы Сусветнай гандлёвай арганізацыі?

Ад простага да складанага. Чым можна растлумачыць, што эканамічна высокаразвітая краіна — ЗША — з'яўляецца найбуйнейшым імпарцёрам тавараў і паслуг?

Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, дадатковую літаратуру і рэсурсы інтэрнэту, зрабіце міні-паведамленне на тэму «Адукацыйныя паслугі ў Еўропе» і адкажыце на пытанне: «У якіх універсітэтах свету вучыцца значная колькасць замежных студэнтаў?».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА).