*§ 17-2. МІЖНАРОДНЫ ГАНДАЛЬ

Геаграфічная і галіновая структура міжнароднага гандлю. Міжнародны гандаль з'яўляецца адной з галін, што дынамічна развіваюцца, сферы паслуг і сусветнай гаспадаркі ў цэлым. Тэмпы росту сусветнага тавараабароту апярэджваюць тэмпы росту сусветнай вытворчасці і валавога сусветнага прадукту.

Рост міжнароднага гандлю характэрны і для тавараў, і для паслуг. Аднак рост гандлю паслугамі ў ХХІ ст. апярэджвае рост гандлю таварамі (мал. 124-5).

Мал.
Мал. 124-5. Дынаміка аб’ёмаў міжнароднага гандлю, млрд дол.

У галіновай структуры міжнароднага гандлю назіраецца перавага тавараў над паслугамі ў суадносінах 80:20. Ва ўмовах пераходу да постындустрыяльнага грамадства доля паслуг павялічваецца.

Аб'ём міжнароднага гандлю таварамі ў 2017 г. склаў 32 180,1 млрд дал. У таварнай структуры пераважаюць гатовыя вырабы — машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі, хімічныя прадукты і пр. Іх доля складае 70 %. Сыравіна і паліва займаюць у структуры 20 %. На сельскагаспадарчую прадукцыю, у тым ліку прадукты харчавання, прыходзіцца 10 %.

У геаграфічнай структуры міжнароднага гандлю на развітыя краіны прыходзіцца 62 %, якія развіваюцца — 35 % і на краіны з пераходнай эканомікай — 3 %.

Сярод рэгіёнаў свету найбольшай доляй характарызуецца Еўропа (37 %). Азія займае другое месца — 34 %. Доля Паўночнаамерыканскага рэгіёну ў структуры міжнароднага гандлю — 15 %. За апошнія дзесяцігоддзі ў свеце склалася група краін — лідараў па аб'ёмах міжнароднага гандлю таварамі. Вядучымі экспарцёрамі і імпарцёрамі тавараў у цяперашні час выступаюць Кітай, ЗША і Германія (табл. *12).

Табліца *12. Краіны — лідары па аб'ёмах міжнароднага гандлю таварамі, 2017 г.
Табл.

Аб'ём міжнароднага гандлю паслугамі ў 2017 г. склаў 9502,8 млрд дол. У галіновай структуры каля 30 % прыпадае на паслугі падарожжаў, 20 % — на транспартныя паслугі. Каля 50 % у структуры займаюць іншыя віды паслуг — фінансавыя, страхавыя, банкаўскія, паслугі ІКТ, адукацыйныя і інш. Развітыя краіны дамінуюць у гандлі паслугамі. Аднак у апошняе дзесяцігоддзе ўзмацняецца роля некаторых краін, якія развіваюцца, — Кітая і Індыі. Сярод рэгіёнаў свету назіраецца дамінаванне Еўропы. Яе доля складае 48 % гандлю паслугамі ў свеце. Кожная пятая паслуга ў свеце прадаецца краінамі Азіі (24 %). Доля краін Паўночнай Амерыкі складае 15 %. Па аб'ёме экспарту паслуг сярод краін свету лідзіруюць высокаразвітыя дзяржавы — ЗША, Вялікабрытанія, Германія. Сярод вядучых імпарцёраў паслуг вылучаюцца ЗША, Кітай і Германія (табл. *13).

Табліца *13. Краіны — лідары па аб'ёмах міжнароднага гандлю паслугамі, 2017 г.
Табл.