*§ 17-1. НАВУКОВА-ТЭХНІЧНЫ ПРАГРЭС І ЯГО РОЛЯ Ў РАЗВІЦЦІ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Уплыў НДВКП на галіновую і тэрытарыяльную структуру сусветнай гаспадаркі. Высокатэхналагічныя галіны і віды эканамічнай дзейнасці. Вынікі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі аказваюць уплыў на галіновую структуру сусветнай гаспадаркі.

У прамысловасці ў цяперашні час найбольш хуткімі тэмпамі развіваюцца і ўкараняюцца новыя распрацоўкі ў хімічнай галіне. Прыкладамі выступае вытворчасць новых відаў хімічных валокнаў і нітак (лайкра, спандэкс, мікрафібра, новыя пакаленні ўцяпляльнікаў — цінсулейт); прэпаратаў бытавой хіміі (звышактыўныя ачышчальнікі забруджванняў, выдаляльнікі тлушчу, асвяжальнікі паветра); касметыкі і парфумерыі (антыўзроставыя прэпараты, ачышчальныя сродкі, гелевыя формы сродкаў гігіены); лекавых прэпаратаў (супрацьвірусныя сродкі, імунамадулятары, біялагічна актыўныя дабаўкі).

У металургічнай галіне ўкаранёна тэхналогія бесперапыннай разліўкі сталі. У горназдабыўной прамысловасці адным з прыкладаў выступае магчымасць бурэння марскіх нафтавых і газавых свідравін з платформ, якія плаваюць. Прыкметныя змены адбываюцца ў аўтамабілебудаванні, дзе на зборачных работах выкарыстоўваюцца прамысловыя робаты, а сучасны легкавы аўтамабіль камплектуецца сістэмай электроннага кіравання, новымі матэрыяламі каркаса і салона, гібрыднымі відамі паліва. У вытворчасці самалётаў частка металічных дэталей замяняецца больш трывалымі і лёгкімі вуглепластыкамі; замест поршневых рухавікоў выкарыстоўваюцца рэактыўныя, што дазваляе пераходзіць на звышгукавыя хуткасці палётаў.

У харчовай прамысловасці ў цяперашні час актыўна прымяняюцца розныя віды кансервантаў, харчасмакавыя дабаўкі, араматызатары і ўзмацняльнікі смакаў, якія павялічваюць тэрміны прыдатнасці прадуктаў і замяняюць дарагія натуральныя кампаненты.

У сельскай гаспадарцы адбываецца ўкараненне новых тэхналогій апрацоўкі глебы, заснаваных на бясплужным земляробстве. Ужываецца кропельны паліў, і атрымлівае развіццё гідрапоніка, якая дазваляе вырошчваць расліны без глебы. Для павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, павышэння іх устойлівасці да шкоднікаў, росту прадуктыўнасці жывёлагадоўлі распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў вытворчасць генетычна мадыфікаваныя арганізмы (ГМА), стымулятары росту. Разам з гэтым у развітых краінах атрымлівае развіццё арганічная сельская гаспадарка са свядомым адмаўленнем ад выкарыстання хімікатаў, угнаенняў, рэгулятараў росту раслін і кармавых дабавак.

У транспарце найноўшымі распрацоўкамі з'яўляецца выкарыстанне чыгуначных цягнікоў на магнітных падушках (маглев). У аўтамабільным транспарце ўкараняюцца распрацоўкі паляпшэння якасці аўтамагістралей і інш. У водным транспарце з'яўляюцца новыя віды судоў — навукова-даследчыя плывучыя базы, плывучыя рыбакансервавыя заводы, круізныя лайнеры і інш. У паветраным транспарце — павелічэнне хуткасці, пасажыра- і грузаёмістасці.

Трэцяя НТР найбольш паўплывала на сферу паслуг. Распаўсюджванне інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій закранула ўсе яе падгаліны — гандаль, турызм, фінансавыя і банкаўскія паслугі, культурныя паслугі, камунальнае абслугоўванне насельніцтва. Атрымалі масавае развіццё інтэрнэт-гандаль, анлайн-браніраванне падарожжаў, гасцініц, білетаў, заказ транспарту, паштовых паслуг, аплата паслуг з выкарыстаннем банкаўскіх карт. З'явіліся магчымасці бесправодных тэлефонных зносін паміж людзьмі розных краін і кантынентаў з дапамогай мабільнай сувязі. Лічбавыя тэхналогіі карэнным чынам змянілі класічныя спосабы апрацоўкі фота-, аўдыя- і відэаматэрыялаў.

Развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу прывяло да з'яўлення ў сусветнай гаспадарцы новых галін і відаў эканамічнай дзейнасці, якія патрабуюць значных выдаткаў на навуковыя распрацоўкі. Яны атрымалі назву галіны высокіх тэхналогій. Згодна з Міжнароднай стандартнай галіновай класіфікацыяй да іх адносяць шэсць відаў эканамічнай дзейнасці (мал. 124-3). Найбольшае развіццё яны атрымліваюць у высокаразвітых краінах (напр., ЗША, Францыя, Германія, Японія) і ў некаторых краінах, якія развіваюцца (напр., Рэспубліка Карэя, Кітай).

Мал.
Мал. 124-3. Склад галін і відаў эканамічнай дзейнасці высокіх тэхналогій

Падвядзём вынікі. Навукова-тэхнічны прагрэс непарыўна звязаны з узнікненнем і развіццём буйной машыннай вытворчасці. Асноўнымі напрамкамі НТП з'яўляюцца электрыфікацыя, комплексная механізацыя, аўтаматызацыя вытворчасці і хімізацыя вытворчасці. Сучаснымі напрамкамі НТР выступае інфарматызацыя сусветнай гаспадаркі і развіццё нанатэхналогій. Развіццё НТП прывяло да з'яўлення ў сусветнай гаспадарцы галіны высокіх тэхналогій.

Праверым свае веды. 1. У чым заключаюцца падабенства і адрозненні НТП і НТР? 2. Якія асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнага прагрэсу і чым яны тлумачацца? 3. Якія асноўныя навуковыя напрамкі першай, другой і трэцяй НТР? Якія асноўныя геаграфічныя цэнтры развіцця гэтых напрамкаў? 4. Назавіце прынцыповыя адрозненні трэцяй НТР ад усіх папярэдніх. Якія галіны і віды эканамічнай дзейнасці адносяць да высокіх тэхналогій? У якіх краінах яны атрымліваюць найбольшую развіццё?

Ад простага да складанага. 1. Пералічыце новыя распрацоўкі ў галінах прамысловасці і растлумачце іх уплыў на развіццё асобных галін. 2. Якія асноўныя распрацоўкі ў сферы паслуг і ў чым заключаецца асаблівасць іх распаўсюджвання ў свеце? 3. Як уплывае будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства на ўзаемаадносіны паміж краінамі? 4. Чаму ва ўмовах НТР неабходна рэфармаванне сістэмы адукацыі?

Ад тэорыі да практыкі. Як навукова-тэхнічны прагрэс паўплываў на галіновую структуру гаспадаркі Беларусі?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнага банка, раздзел «Навука і тэхналогіі».
Сайт Навуковага фонду ЗША.