Печатать книгуПечатать книгу

*§ 17-1. НАВУКОВА-ТЭХНІЧНЫ ПРАГРЭС І ЯГО РОЛЯ Ў РАЗВІЦЦІ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Успамінаем. Назавіце найбольш значныя навуковыя дасягненні ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. У якіх краінах адбыліся галоўныя навуковыя адкрыцці і чым гэта можна растлумачыць?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: *§ 17-1. НАВУКОВА-ТЭХНІЧНЫ ПРАГРЭС І ЯГО РОЛЯ Ў РАЗВІЦЦІ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ
Напечатано:: Гость
Дата: Вторник, 30 Апрель 2024, 16:12

Асноўныя напрамкі НТР. Развіццё чалавечай цывілізацыі ад неаліту да нашых дзён, засваенне новых ведаў, тэхналогій і іх укараненне ў галіны сусветнай гаспадаркі непарыўна звязана з навукова-тэхнічным прагрэсам. Разам з гэтым ход гісторыі перарываецца перыядамі, калі колькасць новых вынаходак пераходзіць у якасць і ў грамадскай вытворчасці ўзнікаюць глыбокія рэвалюцыйныя пераўтварэнні.

Навукова-тэхнічны прагрэс (НТП) — гэта бесперапынны працэс укаранення новай тэхнікі і тэхналогій у гаспадарку на аснове дасягненняў і рэалізацыі навуковых ведаў з мэтай павышэння эфектыўнасці і якасці вытворчых працэсаў і задавальнення патрэб грамадства.

У постындустрыяльны перыяд укаранёныя ў вытворчасць новыя распрацоўкі атрымалі назву інавацый.

Навукова-тэхнічны прагрэс непарыўна звязаны з узнікненнем і развіццём буйной машыннай вытворчасці. Ён дазволіў выкарыстоўваць прыродныя рэсурсы для патрэб гаспадаркі, пераўтварыць вытворчасць у тэхналагічны працэс свядомага прымянення адкрыццяў навук. З умацаваннем ўзаемасувязі буйной машыннай вытворчасці з навукай і тэхнікай ў канцы XIX – XX ст. хутка пашыраюцца асаблівыя віды навуковых даследаванняў, якія накіраваны на ўкараненне навуковых ідэй у новыя тэхналогіі. У выніку навука ўсё паўней ператвараецца ў непасрэдную прадукцыйную сілу, пераўтвараючы ўсё большую колькасць элементаў матэрыяльнай вытворчасці.

Навукова-тэхнічны прагрэс мае дзве асноўныя формы: эвалюцыйную і рэвалюцыйную, якія азначаюць альбо параўнальна павольнае і частковае тэхналагічнае ўдасканаленне вытворчасці, альбо хуткае і інтэнсіўнае.

Асноўнымі напрамкамі НТП з'яўляюцца электрыфікацыя, комплексная механізацыя, аўтаматызацыя вытворчасці і хімізацыя вытворчасці. Электрыфікацыя — гэта працэс масавага выкарыстання электраэнергіі ў вытворчасці і быце. Комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытворчасці ўяўляе сабой замену ручной працы сістэмай машын, апаратаў, прыбораў на ўсіх участках вытворчасці. Гэты працэс суправаджаецца пераходам ад ручной працы да частковай, малой і комплекснай механізацыі і далей да вышэйшай формы механізацыі — аўтаматызацыі. Хімізацыя вытворчасці — працэс вытворчасці і прымянення хімічных матэрыялаў, а таксама ўкараненне хімічных метадаў і працэсаў у тэхналогію (мал. 124-1).

Мал.
Мал. 124-1. Асноўныя напрамкі НТП

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Для развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу ў свеце неабходны затраты на навуковыя распрацоўкі і наяўнасць высокакваліфікаваных даследчыкаў і навукоўцаў. Найбольшай доляй расходаў на навукова-даследчыя распрацоўкі характарызуюцца Ізраіль, Фінляндыя і Швецыя. Найбольшая колькасць даследчыкаў у разліку на 1 млн чал. засяроджана ў Фінляндыі (7647), Даніі (6390), Аўстрыі і Канадзе (па 6000). Найбольшая доля жанчын сярод даследчыкаў прадстаўлена ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Паўднёва-Усходняй Азіі і шэрагу дзяржаў Паўднёвай Амерыкі.

Для НТП характэрныя наступныя прыкметы: 1) распрацоўка і шырокае выкарыстанне прынцыпова новых машын, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме; 2) стварэнне і развіццё якасна новых тэхналогій вытворчасці; 3) адкрыццё і выкарыстанне новых відаў і крыніц энергіі; 4) стварэнне і шырокае выкарыстанне новых відаў матэрыялаў; 5) шырокае развіццё аўтаматызацыі вытворчых працэсаў на базе выкарыстання станкоў з праграмным кіраваннем, прамысловых робатаў. У цэлым НТП выяўляецца ў сусветнай гаспадарцы комплексна і сістэмна ў рамках трыяды ўзаемасувязей «навука — тэхніка — вытворчасць».

У гісторыі развіцця чалавецтва вылучаюць тры асноўныя навукова-тэхнічныя рэвалюцыі (НТР).

Першая НТР была звязана з прамысловымі пераваротамі ў шэрагу краін у XVIII–XIX стст. У выніку адбыўся рэвалюцыйны пераход ад ручной мануфактурнай працы да буйной машыннай вытворчасці. Сімвалам першай НТР з'яўляецца паравая машына.

У сярэдзіне XX ст. зноў адбыўся карэнны якасны скачок у сусветнай гаспадарцы. Ён характарызаваўся пераходам «ад стагоддзя пара да стагоддзя электрычнасці» і атрымаў назву другой НТР. Асноўнымі навуковымі вынаходствамі і адкрыццямі ў 1950–1960-х гг., што аказалі значны ўплыў на развіццё ўсіх галін сусветнай гаспадаркі, сталі аўтамабіль, новыя спосабы атрымання чыгуну і сталі, з'яўленне хімічных угнаенняў, выкарыстанне радыёхваль, рэнтгенаўскага выпраменьвання, лазернай тэхнікі, запуск штучнага спадарожніка Зямлі, эксперыментальная АЭС у СССР і інш.

Апошнюю чвэрць ХХ – пачатак ХХІ ст. у развіцці сусветнай гаспадаркі называюць трэцяй НТР. Яна характарызавалася яшчэ больш рэвалюцыйнымі навуковымі адкрыццямі, якія шмат у чым вызначылі пераход да постындустрыяльнай стадыі развіцця. Асноўнымі напрамкамі гэтага перыяду, якія праніклі ва ўсе сферы сусветнай гаспадаркі, былі электранізацыя, комплексная аўтаматызацыя, развіццё біятэхналогій, робатабудаванне, вытворчасць новых канструкцыйных матэрыялаў і касманаўтыка (мал. 124-2).

Мал.
Мал. 124-2. Выпрабаванне касмічнага тэлескопа

У свеце цікавага. Развіццё біятэхналогій у свеце пачалося з вытворчасці мікрабіялагічных вытворчасцей (брадзільнага — у хлебапячэнні, вінаробстве, сыраварстве, атрыманні малочнакіслых прадуктаў і г. д.). У цяперашні час аснову біятэхналогій складаюць генетычная і клеткавая інжынерыя. Сучасныя біятэхналогіі маюць шэсць асноўных абласцей прымянення: 1) павышэнне прадуктыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці; 2) пашырэнне магчымасцей атрымання прадуктаў харчавання; 3) павелічэнне энергетычных рэсурсаў; 4) атрыманне новых лекавых сродкаў; 5) ахова навакольнага асяроддзя біятэхналагічнымі метадамі. Асноўнымі геаграфічнымі цэнтрамі развіцця сучасных біятэхналогій свету з'яўляюцца сярод развітых краін — ЗША, Японія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія, сярод краін, якія развіваюцца, — Бразілія, Аргенціна, Кітай, Індыя.

Трэцюю НТР часам называюць інфармацыйна-тэхнічнай рэвалюцыяй, таму што галоўным яе дасягненнем выступае інфарматызацыя сусветнай гаспадаркі, звязаная не толькі з трыма ўнікальнымі навуковымі адкрыццямі — персанальны камп’ютар, інтэрнэт і мабільная сувязь — але і іх укараненнем і хуткім распаўсюджваннем. Самастойным напрамкам сучаснай НТР выступаюць нанатэхналогіі.

У сусветнай гаспадарцы значэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу і вынаходак навукова-тэхнічных рэвалюцый вялікае. Іх распаўсюджванне мае паўсюдны геаграфічны ахоп і ўсеагульны ахоп галін сусветнай гаспадаркі. Як правіла, развітыя краіны з'яўляюцца асноўнымі распрацоўшчыкамі новых навуковых адкрыццяў і тэхналогій, у той час як распаўсюджванне іх адбываецца як у развітых, так і ў краінах, якія развіваюцца.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У цяперашні час развітыя краіны аб'ядноўваюцца паміж сабой для ажыццяўлення сумесных даследаванняў і навуковых распрацовак у самых перадавых галінах постындустрыяльнага грамадства. Напрыклад, пры ініцыятыве Германіі ў свеце рэалізуецца праграма Глабальнай мабільнай тэлефоннай сувязі, якая дазваляе забяспечыць паўсюдны тэледоступ да любых абанентаў і інфармацыйна-аналітычных рэсурсаў Глабальнай сеткі з персанальнага мабільнага тэлефона, а таксама магчымасць правядзення аддаленых тэлеканферэнцый. У Японіі рэалізуюцца распрацоўкі ў галіне бескантактавай ідэнтыфікацыі асобы і г. д. Разам з гэтым у некаторых краінах з пераходнай эканомікай таксама ажыццяўляюцца навуковыя распрацоўкі, якія затым атрымліваюць распаўсюджванне па ўсім свеце. Напрыклад, такія распрацоўкі ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, як Skype — бясплатнае праграмнае забеспячэнне для тэкставай, галасавой і відэасувязі праз інтэрнэт паміж камп’ютарамі, вынайдзена ў Эстоніі; а адной з краін — распрацоўшчыкаў Viber — дадатку для смартфонаў, якое дазваляе ажыццяўляць бясплатныя званкі праз Wi-Fi і перадаваць тэкставыя паведамленні, малюнкі, відэа- і аўдыёпаведамленні, з'яўляецца Беларусь.

Уплыў НДВКП на галіновую і тэрытарыяльную структуру сусветнай гаспадаркі. Высокатэхналагічныя галіны і віды эканамічнай дзейнасці. Вынікі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі аказваюць уплыў на галіновую структуру сусветнай гаспадаркі.

У прамысловасці ў цяперашні час найбольш хуткімі тэмпамі развіваюцца і ўкараняюцца новыя распрацоўкі ў хімічнай галіне. Прыкладамі выступае вытворчасць новых відаў хімічных валокнаў і нітак (лайкра, спандэкс, мікрафібра, новыя пакаленні ўцяпляльнікаў — цінсулейт); прэпаратаў бытавой хіміі (звышактыўныя ачышчальнікі забруджванняў, выдаляльнікі тлушчу, асвяжальнікі паветра); касметыкі і парфумерыі (антыўзроставыя прэпараты, ачышчальныя сродкі, гелевыя формы сродкаў гігіены); лекавых прэпаратаў (супрацьвірусныя сродкі, імунамадулятары, біялагічна актыўныя дабаўкі).

У металургічнай галіне ўкаранёна тэхналогія бесперапыннай разліўкі сталі. У горназдабыўной прамысловасці адным з прыкладаў выступае магчымасць бурэння марскіх нафтавых і газавых свідравін з платформ, якія плаваюць. Прыкметныя змены адбываюцца ў аўтамабілебудаванні, дзе на зборачных работах выкарыстоўваюцца прамысловыя робаты, а сучасны легкавы аўтамабіль камплектуецца сістэмай электроннага кіравання, новымі матэрыяламі каркаса і салона, гібрыднымі відамі паліва. У вытворчасці самалётаў частка металічных дэталей замяняецца больш трывалымі і лёгкімі вуглепластыкамі; замест поршневых рухавікоў выкарыстоўваюцца рэактыўныя, што дазваляе пераходзіць на звышгукавыя хуткасці палётаў.

У харчовай прамысловасці ў цяперашні час актыўна прымяняюцца розныя віды кансервантаў, харчасмакавыя дабаўкі, араматызатары і ўзмацняльнікі смакаў, якія павялічваюць тэрміны прыдатнасці прадуктаў і замяняюць дарагія натуральныя кампаненты.

У сельскай гаспадарцы адбываецца ўкараненне новых тэхналогій апрацоўкі глебы, заснаваных на бясплужным земляробстве. Ужываецца кропельны паліў, і атрымлівае развіццё гідрапоніка, якая дазваляе вырошчваць расліны без глебы. Для павелічэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, павышэння іх устойлівасці да шкоднікаў, росту прадуктыўнасці жывёлагадоўлі распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў вытворчасць генетычна мадыфікаваныя арганізмы (ГМА), стымулятары росту. Разам з гэтым у развітых краінах атрымлівае развіццё арганічная сельская гаспадарка са свядомым адмаўленнем ад выкарыстання хімікатаў, угнаенняў, рэгулятараў росту раслін і кармавых дабавак.

У транспарце найноўшымі распрацоўкамі з'яўляецца выкарыстанне чыгуначных цягнікоў на магнітных падушках (маглев). У аўтамабільным транспарце ўкараняюцца распрацоўкі паляпшэння якасці аўтамагістралей і інш. У водным транспарце з'яўляюцца новыя віды судоў — навукова-даследчыя плывучыя базы, плывучыя рыбакансервавыя заводы, круізныя лайнеры і інш. У паветраным транспарце — павелічэнне хуткасці, пасажыра- і грузаёмістасці.

Трэцяя НТР найбольш паўплывала на сферу паслуг. Распаўсюджванне інтэрнэту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій закранула ўсе яе падгаліны — гандаль, турызм, фінансавыя і банкаўскія паслугі, культурныя паслугі, камунальнае абслугоўванне насельніцтва. Атрымалі масавае развіццё інтэрнэт-гандаль, анлайн-браніраванне падарожжаў, гасцініц, білетаў, заказ транспарту, паштовых паслуг, аплата паслуг з выкарыстаннем банкаўскіх карт. З'явіліся магчымасці бесправодных тэлефонных зносін паміж людзьмі розных краін і кантынентаў з дапамогай мабільнай сувязі. Лічбавыя тэхналогіі карэнным чынам змянілі класічныя спосабы апрацоўкі фота-, аўдыя- і відэаматэрыялаў.

Развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу прывяло да з'яўлення ў сусветнай гаспадарцы новых галін і відаў эканамічнай дзейнасці, якія патрабуюць значных выдаткаў на навуковыя распрацоўкі. Яны атрымалі назву галіны высокіх тэхналогій. Згодна з Міжнароднай стандартнай галіновай класіфікацыяй да іх адносяць шэсць відаў эканамічнай дзейнасці (мал. 124-3). Найбольшае развіццё яны атрымліваюць у высокаразвітых краінах (напр., ЗША, Францыя, Германія, Японія) і ў некаторых краінах, якія развіваюцца (напр., Рэспубліка Карэя, Кітай).

Мал.
Мал. 124-3. Склад галін і відаў эканамічнай дзейнасці высокіх тэхналогій

Падвядзём вынікі. Навукова-тэхнічны прагрэс непарыўна звязаны з узнікненнем і развіццём буйной машыннай вытворчасці. Асноўнымі напрамкамі НТП з'яўляюцца электрыфікацыя, комплексная механізацыя, аўтаматызацыя вытворчасці і хімізацыя вытворчасці. Сучаснымі напрамкамі НТР выступае інфарматызацыя сусветнай гаспадаркі і развіццё нанатэхналогій. Развіццё НТП прывяло да з'яўлення ў сусветнай гаспадарцы галіны высокіх тэхналогій.

Праверым свае веды. 1. У чым заключаюцца падабенства і адрозненні НТП і НТР? 2. Якія асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнага прагрэсу і чым яны тлумачацца? 3. Якія асноўныя навуковыя напрамкі першай, другой і трэцяй НТР? Якія асноўныя геаграфічныя цэнтры развіцця гэтых напрамкаў? 4. Назавіце прынцыповыя адрозненні трэцяй НТР ад усіх папярэдніх. Якія галіны і віды эканамічнай дзейнасці адносяць да высокіх тэхналогій? У якіх краінах яны атрымліваюць найбольшую развіццё?

Ад простага да складанага. 1. Пералічыце новыя распрацоўкі ў галінах прамысловасці і растлумачце іх уплыў на развіццё асобных галін. 2. Якія асноўныя распрацоўкі ў сферы паслуг і ў чым заключаецца асаблівасць іх распаўсюджвання ў свеце? 3. Як уплывае будаўніцтва экалагічна небяспечнага прадпрыемства на ўзаемаадносіны паміж краінамі? 4. Чаму ва ўмовах НТР неабходна рэфармаванне сістэмы адукацыі?

Ад тэорыі да практыкі. Як навукова-тэхнічны прагрэс паўплываў на галіновую структуру гаспадаркі Беларусі?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Сусветнага банка, раздзел «Навука і тэхналогіі».
Сайт Навуковага фонду ЗША.