*§ 16-1. ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗАЦЫЯ СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРКІ

Інтэрнацыяналізацыя сусветнай гаспадаркі — гэта працэс устанаўлення такіх вытворчых сувязей паміж прадпрыемствамі розных краін, пры якіх вытворчасць адной краіны ўсё больш становіцца часткай сусветнага вытворчага працэсу.

Напрыклад, для вытворчасці тэлевізара патрабуюцца навуковыя распрацоўкі з Японіі, вытворчасць дэталей і камплектуючых адбываецца ў Рэспубліцы Карэя, зборка ажыццяўляецца з выкарыстаннем працоўных рэсурсаў з Малайзіі, пошук спажыўца — у Індыі, транспарціроўку спажыўцу забяспечваюць кампаніі з ЗША. У выніку выраблены тэлевізар становіцца інтэрнацыянальным прадуктам.

Працэс інтэрнацыяналізацыі зарадзіўся ў першых дзяржавах Старажытнага свету, аднак пасля ўзнікнення адзінай сусветнай гаспадаркі ён стаў прымаць усё больш разнастайныя і складаныя формы.

У аснове інтэрнацыяналізацыі ляжыць міжнародны падзел працы, і перш за ўсё розная спецыялізацыя краін і рэгіёнаў свету, якая абумовіла з'яўленне розных форм светагаспадарчых сувязей — знешняга гандлю, міжнароднага руху капіталаў, перадачы тэхналогій, міжнароднага кааперавання, міжнароднага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, працоўных міграцый, дзейнасці міжнародных эканамічных арганізацый і інш.

Асноўнымі паказчыкамі ступені інтэрнацыяналізацыі краіны ў сусветнай гаспадарцы з'яўляюцца:

1) аб'ём экспарту, аб'ём імпарту (агульны і на душу насельніцтва), вымяраецца ў вартасным выражэнні;

2) аб'ём знешнегандлёвага абароту (агульны і на душу насельніцтва), вымяраецца ў вартасным выражэнні і разлічваецца як сума аб'ёму экспарту і імпарту па формуле:

ЗГА = Э + І,

дзе Э — аб'ём экспарту, І — аб'ём імпарту;

3) экспартная квота, разлічваецца як адносіны аб'ёму экспарту да ВУП па формуле:

Эк = (Э/ВУП) × 100, %;

4) імпартная квота, разлічваецца як адносіны аб'ёму імпарту да ВУП па формуле:

Ік = (І/ВУП) × 100, %;

5) знешнегандлёвая квота, разлічваецца як адносіны аб'ёму знешнегандлёвага абароту да ВУП па формуле:

ЗГк = (ЗГА/ВУП) × 100, %.