*§ 13-1. УРБАНІЗАЦЫЯ СВЕТУ, ФАКТАРЫ І СТАДЫІ

Паколькі мегаполіс — гэта не кропкавае прасторавае гарадское ўтварэнне, а тое, што мае значную плошчу, абмяжоўвацца для яго вывучэння толькі колькасцю насельніцтва няправільна. Таму для таго, каб параўнаць некалькі мегалаполісаў, выкарыстоўваюцца некалькі паказчыкаў:
1) колькасць агламерацый, якія ўваходзяць у мегалаполіс;
2) плошча, тыс. км2;
3) колькасць насельніцтва, млн чал.;
4) шчыльнасць насельніцтва, чал./км2;
5) працягласць галоўнай восі, км.

На прадстаўленых малюнках можна больш выразна зразумець геаграфічную прыроду найбуйнейшых мегалаполісаў свету (мал. 95-1).

Мал.
Мал. 95-1. Найбуйнейшыя мегалаполісы свету, 2016 г.

Працэс урбанізацыі, падобна жыццёваму цыклу любога жывога арганізма, разглядваецца часам у выглядзе некалькіх якасных фаз, якія змяняюцца. Гэта знайшло адлюстраванне ў тэорыі «ўрбанізацыйнага пераходу». Умоўна перыяды ўрбанізацыі ў краіне ў залежнасці ад долі гарадскога насельніцтва падзяляюць на 4 фазы: юнацтва, маладосці, сталасці і старасці. У колькасных адносінах яны прадстаўлены групамі па 25 % (квартылямі): да 25 %, 25–50 %, 50–75 %, больш за 75 %. Пераадоленне долі гарадскога насельніцтва ў 50 % сведчыць аб праходжанні краінай альбо рэгіёнам «урбанізацыйнага пераходу» і азначае пераход ад пераважна аграрнага тыпу сацыяльных адносін да індустрыяльна-гарадскога грамадства (табл. *5).

У адпаведнасці з гэтай тэорыяй насельніцтва свету да 2018 г. завяршыла ўрбанізацыйны пераход — пераважная частка насельніцтва пражывае ў гарадах. Паўночная і Паўднёвая Амерыка знаходзяцца ў фазе ўрбанізацыйнай старасці (84 % і 82 % адпаведна), Еўропа з Аўстраліяй і Акіяніяй — сталасці (73 % і 68 % адпаведна). Гэтыя рэгіёны завяршылі ўрбанізацыйны пераход. У Азіі і Афрыцы ўрбанізацыйны пераход не пройдзены, таму што доля гарадскога насельніцтва пакуль не перайшла 50%-ную метку. Азія і Афрыка знаходзяцца ў стадыі маладосці (48 % і 41 % адпаведна).

Рост колькасці гарадскога насельніцтва свету адбываецца на фоне скарачэння яго штогадовых тэмпаў. Аднак у ХХІ ст. у разрэзе краін у свеце вылучаецца дзве групы па характары дынамікі. Першую групу ўтвараюць дзяржавы, дзе колькасць гарадскога насельніцтва штогод павялічваецца. Гэта група з'яўляецца пераважнай у свеце. Станоўчай штогадовай дынамікай характарызуюцца ўсе краіны Афрыкі, абсалютная большасць дзяржаў Азіі (за выключэннем Грузіі), Амерыкі (за выключэннем Кубы і Дамінікі) і Акіяніі. Другая група — гэта краіны з адмоўнай штогадовай дынамікай колькасці гарадскога насельніцтва. Гэта пераважна еўрапейскія дзяржавы (табл. *6).

Па прагнозах ААН, у свеце будзе працягвацца рост колькасці і долі гарадскога насельніцтва. Да 2050 г. узровень урбанізацыі складзе 68,4 %. Гэта азначае, што ў сярэдзіне ХХI ст. свет уступіць у фазу сталасці. Доля гарадскога насельніцтва ў развітых краінах застанецца высокай — 86,6 %. Краіны, якія развіваюцца, у 2020 г. завершаць урбанізацыйны пераход, і да 2050 г. у гарадах будзе пражываць 65,6 % насельніцтва.

Аднак штогадовыя тэмпы росту гарадскога насельніцтва будуць скарачацца ў свеце, прычым як у развітых, так і ў краінах, якія развіваюцца. Да 2050 г. яны будуць складаць 1,1 %. У развітых краінах штогадовы рост гарадскога насельніцтва ў сярэдзіне ХХI ст. будзе мінімальным — 0,2 %, у краінах, якія развіваюцца, — 1,3 %.

Трушчобны характар гарадскога рассялення атрымаў розныя назвы ў сучасным свеце. Напрыклад, у Францыі і франкамоўнай Афрыцы выкарыстоўваецца тэрмін «біданвілі». У Бразіліі трушчобы вядомыя пад назвай «фавелы», у іспанамоўных краінах — «бар’ё».

Самымі буйнымі трушчобамі свету з'яўляюцца: Махараштра (Maharashtra, Мумбаі, Індыя) — 19 млн чал.; Неца-Чалка-Ітца (Neza-Chalco-Itza, Мехіка, Мексіка) — 4 млн чал.; Кібера (Kibera, Найробі, Кенія) — 2,5 млн чал. (мал. 95-2).

Мал.
Мал. 95-2. Найбуйнейшыя трушчобы свету

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У пачатку XX ст. навукоўцы выявілі заканамернасць у суадносінах колькасці буйных, сярэдніх і малых гарадоў на тэрыторыі краіны або раёна. Паводле імя аднаго з навукоўцаў — Джорджа Цыпфа — заканамернасць была названа правілам Цыпфа, або правілам «ранг — памер». Паводле правіла Цыпфа, колькасць насельніцтва любога горада роўная колькасці жыхароў найбуйнейшага горада сістэмы (горада-лідара), падзеленага на парадкавы нумар (ранг) першага:

Pr = PL/R,

дзе Pr — насельніцтва дадзенага горада (люднасць); PL — насельніцтва самага буйнога горада сістэмы (краіны або раёна); R — ранг (парадкавы нумар) горада.

Ад тэорыі да практыкі. Разгледзьце малюнак 95-3 і вызначыце асноўную тэндэнцыю размеркавання сусветнага прыросту насельніцтва за 2005–2030 гг. па групах краін. Выканайце практычныя работы.
11*. «Два партрэты ўрбанізацыі: падабенства і адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца» (на прыкладзе дзвюх краін, на выбар, паводле тыпавога плана).
12. «Вызначэнне функцыянальнага тыпу горада» (на прыкладзе трох гарадоў, на выбар).
13. «Геаграфія найбуйнейшых агламерацый свету» (праца з контурнай картай).
14. «Параўнальна-геаграфічная характарыстыка мегалаполісаў свету» (на прыкладзе двух, паводле тыпавога плана).

Мал.
Мал. 95-3. Уклад прыросту гарадскога і сельскага насельніцтва развітых краін і краін, якія развіваюцца, у агульны прырост насельніцтва свету, 1950–2030, %