§ 13. ГЕАГРАФІЯ РАССЯЛЕННЯ СВЕТУ

Гарадскія трушчобы ў сучасным свеце. Хуткія тэмпы ўрбанізацыі ў краінах, якія развіваюцца, і нізкі ўзровень сацыяльнага-эканамічнага развіцця прывялі да фарміравання трушчобнага гарадскога рассялення. Трушчобай называюць жылы масіў з высокай шчыльнасцю стыхійнай гарадской забудовы, якая адрозніваецца адсутнасцю або вострым недахопам асноўнай інфраструктуры (электрычнасць, каналізацыя і г. д.) для паўнавартаснага грамадскага жыцця чалавека і бедным сацыяльным асяроддзем.

На пачатку ХХІ ст. у трушчобах пражывае каля 923,9 млн гараджан, або 32 % гарадскога насельніцтва свету. Найбольшая доля трушчобнага рассялення характэрная для краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары (71,9 %) і Азіі (40 %), якія развіваюцца (мал. 94).

Краінамі з ярка выяўленым трушчобным гарадскім рассяленнем з’яўляюцца Бразілія (мал. 95), Індыя, Нігерыя.

Падвядзём вынікі. Існуюць дзве асноўныя формы (... і ...) і два асноўныя тыпы (... і ...) рассялення.

На рассяленне насельніцтва аказвае ўплыў шэраг фактараў ... . Большая частка насельніцтва свету жыве ў ... . Агламерацыя — кампактная форма прасторавага аб’яднання ... .

Мегалаполіс — найбольш буйная форма гарадскога рассялення, якая ўтвараецца пры ... . Для сучаснага этапу ўрбанізацыі характэрныя дзве галоўныя асаблівасці: хуткія тэмпы павелічэння долі гарадскога насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, і ... . Найбольш высокі паказчык долі гарадскога насельніцтва ў ... краінах. Урбанізацыя ў любой краіне праходзіць некалькі стадый.

Праверым свае веды. 1. Назавіце адметныя рысы развіцця працэсу ўрбанізацыі ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. 2. У чым розніца паняццяў «горад», «агламерацыя», «мегалаполіс» і на якіх стадыях урбанізацыі яны ўзнікаюць?

Ад простага да складанага. 1. У якіх тыпах краін і рэгіёнах адзначаны максімальны рост гарадскіх агламерацый у другой палове ХХ – пачатку XXI ст.? 2. З прыведзеных прыкладаў выберыце гарады, для якіх можа быць характэрная з’ява «ілжывай» урбанізацыі: Рыа-дэ-Жанейра, Масква, Каракас, Лондан, Шанхай, Ліма. 3. У цяперашні час для развітых краін характэрная такая з’ява, як субурбанізацыя. Паспрабуйце раскрыць гэта паняцце. Назавіце тры асноўныя прычыны гэтай з’явы. 4. Падумайце, ці характэрная гэта з’ява для нашай краіны ў цяперашні час.

Ад тэорыі да практыкі. 1. Уявіце, што вам паступіла прапанова прыняць удзел у дыспуце «Жыццё ў малым горадзе». Падрыхтуйце аргументы «за» і «супраць». 2. Выкажыце сваё меркаванне пра жыццё ў цэнтры горада і на яго ўскраіне. 3. Выканайце практычную работу «Два партрэты ўрбанізацыі: падабенствы і адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца» (на прыкладзе дзвюх краін на выбар) паводле тыпавога плана (гл. дадатак 2).

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па населеных пунктах.
Перспектывы сусветнай урбанізацыі, 2018 год. Ключавыя факты. Аддзяленне народанасельніцтва ААН.