§ 13. ГЕАГРАФІЯ РАССЯЛЕННЯ СВЕТУ
![]() Успамінаем. Якія асноўныя формы рассялення склаліся ў залежнасці ад фізіка-геаграфічных умоў у працэсе засялення Зямлі людзьмі? Што такое населены пункт? Якія тыпы населеных пунктаў вы ведаеце? Што вы разумееце пад працэсам урбанізацыі? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Як горад уплывае на навакольнае асяроддзе? Спецыялісты якіх прафесій неабходныя для вырашэння праблем развіцця горада? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 10 клас |
Книга: | § 13. ГЕАГРАФІЯ РАССЯЛЕННЯ СВЕТУ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 22:37 |
Геаграфія рассялення свету, фактары, формы рассялення. Рассяленне насельніцтва — гэта складаны сацыяльна-эканамічны працэс, таму разам з геаграфіяй насельніцтва ён вывучаецца такімі навукамі, як дэмаграфія, сацыялогія, этнаграфія і інш. Для геаграфіі важна разглядаць рассяленне ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем і ў гістарычным разрэзе. Гісторыка-геаграфічны падыход дазваляе прасачыць гісторыю асваення чалавекам заселенай тэрыторыі, якая ўключае ўсе заселеныя і асвоеныя людзьмі тэрыторыі.
![]() Рассяленне — гэта працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва з наступным фарміраваннем сеткі паселішчаў. |
Паняцце «рассяленне насельніцтва» ўключае ў сябе размяшчэнне насельніцтва. На працэс рассялення насельніцтва ўплываюць тры групы фактараў (мал. 86). З ростам узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця ўплыў прыродных фактараў слабее. Галоўная заканамернасць рассялення насельніцтва — адпаведнасць форм рассялення спосабу вытворчасці і ўзроўню развіцця прадукцыйных сіл.
Рассяленне ў свеце разнастайнае, але пры гэтым вылучаюць дзве асноўныя яго формы — качавое і аселае з перавагай апошняга.
У свеце яшчэ захоўваецца вялікая колькасць народаў, якія ў выніку сваёй асноўнай гаспадарчай дзейнасці — жывёлагадоўлі — вядуць качавы лад жыцця. Напрыклад, у Афрыцы і Азіі (мал. 87, 88).
Усе населеныя пункты дзеляцца на два тыпы — гарадскія і сельскія. У аснове іх вылучэння ляжыць некалькі прыкмет (напр., колькасць насельніцтва, адміністрацыйны статус, шчыльнасць насельніцтва і гушчыня забудовы, асаблівасці планіроўкі і архітэктуры і інш.), але асноўным выступае характар занятасці насельніцтва.
![]() Свет і Беларусь. 1. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка неаднаразова звяртае ўвагу ў сваіх выступленнях, што трэба «вырашыць пытанне прывабнасці жыцця ў вёсцы». Чаму гэта пытанне вельмі актуальнае для нашай дзяржавы? Якія меры падтрымкі ажыццяўляе дзяржава для жыхароў сельскай мясцовасці? 2. Успомніце прыкметы вылучэння гарадскіх паселішчаў у Беларусі. Назавіце агламерацыю на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. |
Для рассялення насельніцтва свету найбольш важнай тэндэнцыяй выступае рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гэта тлумачыцца сацыяльна-эканамічным пераўтварэннем горада і вёскі на аснове падзелу працы, які прыводзіць да інтэнсіўнага развіцця індустрыі, транспарту, паслуг.
Схема форм рассялення прадстаўлена на малюнку 88-1.

Асноўнай прыкметай гарадскога і сельскага рассялення выступае характар занятасці насельніцтва. Таму для сельскіх населеных пунктаў гэта занятасць у сельскагаспадарчай сферы дзейнасці, для гарадскіх — у нясельскагаспадарчай сферы (прамысловасць, сфера паслуг).
Акрамя гэтага, для аднясення населенага пункта да гарадскога тыпу важную ролю адыгрывае колькасць насельніцтва. Як правіла, яна павінна быць больш, чым у сельскіх населеных пунктах.
Аднак у свеце няма выразных крытэрыяў колькасці насельніцтва для горада і назіраюцца розныя падыходы па краінах і рэгіёнах. У большасці краін Еўропы выкарыстоўваюць сярэдні цэнз 2000 чал. У ЗША — 2500 чал. пры шчыльнасці насельніцтва 1000 чал. на кв. мілю, у Канадзе — 1000 чал. пры шчыльнасці 400 чал./км2.
У Афрыцы з-за нізкага ўзроўню ўрбанізацыі ў шэрагу краін выразныя крытэрыі колькасці насельніцтва горада адсутнічаюць. Разам з тым у Батсване і Замбіі гэта 5000 чал., Эфіопіі, Ліберыі — 2000 чал.
У краінах Азіі парог колькасці насельніцтва для горада значна вышэй, чым у іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Індыі цэнз складае 5000 чал. альбо не менш за 1000 чал. на кв. мілю, у Японіі — 50 000 чал., Малайзіі — 10 000 чал. У дзяржавах Лацінскай Амерыкі сярэдні цэнз велічыні горада — 2000–2500 чал.
У залежнасці ад сферы або характару занятасці насельніцтва вызначаецца функцыянальны тып гарадоў або сельскіх населеных пунктаў (мал. 88-2, 88-3).


![]() Свет і Беларусь. 1. Які тып рассялення пераважае ў Рэспубліцы Беларусь? Якая доля гарадскога насельніцтва ў нашай краіне? 2. Як вы лічыце, на якой стадыі ўрбанізацыі знаходзіцца ў цяперашні час Рэспубліка Беларусь? Свой адказ аргументуйце. 3. Якія гарады Рэспублікі Беларусь маюць колькасць насельніцтва звыш 100 тыс. чалавек? Пакажыце іх на карце. |
Урбанізацыя свету і яе геаграфія. Урбанізацыя як сусветны гістарычны і складаны працэс непарыўна звязана з канцэнтрацыяй дзейнасці ў параўнальна нешматлікіх цэнтрах развіцця і ахоплівае змены ў размяшчэнні вытворчасцей, рассяленні, дэмаграфічнай структуры, ладзе жыцця, культуры і г. д.
![]() У свеце ўсё ўзаемазвязана. Дзе і калі ўзніклі першыя гарады? Урбанізацыя ў менш развітых краінах праходзіць хуткімі тэмпамі і часта называецца «ілжывай». У чым прычына такой урбанізацыі? |
Працэс урбанізацыі праходзіць некалькі стадый, кожная з якіх характарызуецца адметнымі прыкметамі і з’яўленнем форм гарадскога рассялення (мал. 89).
Па меры ўскладнення эканамічных сувязей паміж гарадскімі населенымі пунктамі замест кропкавых гарадоў пачынаюць узнікаць агламерацыі.
![]() Агламерацыя — кампактная форма прасторавага размяшчэння гарадскіх паселішчаў, аб’яднаная разнастайнымі інтэнсіўнымі сувязямі ў складаную сістэму. |
Гарадскія агламерацыі могуць быць монацэнтрычнымі (з адным горадам-ядром) і поліцэнтрычнымі (з некалькімі гарадамі-ядрамі).
Сінонім гарадской агламерацыі ў Вялікабрытаніі — канурбацыя, у ЗША — метраполісы.
![]() Паразважаем. Ці супадаюць межы горада і межы агламерацыі? Калі не, то чым яны вызначаюцца? Які выгляд міграцый вызначае ў цэлым межы агламерацыі? Чаму адны гарады растуць, а іншыя — не? |
Найбуйнейшымі гарадскімі агламерацыямі свету, колькасць насельніцтва якіх перавышае 30 млн чалавек, з’яўляюцца Дэлі, Токіа і Шанхай (мал. 90). У ХХI ст. большасць з іх размешчана ў краінах, якія развіваюцца.
На апошняй стадыі ў сувязі з пашырэннем плошчы агламерацый, узмацненнем эканамічных узаемасувязей паміж імі і паскораным ростам іх перыферыйных зон узнікаюць мегалаполісы.
![]() Мегалаполіс — найбольш буйная форма гарадскога рассялення, урбанізаваная зона, якая ўтвараецца пры зрастанні вялікай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый. |
У адрозненне ад агламерацыі мегалаполіс мае значна большую плошчу, колькасць насельніцтва і прадстаўлены арэальна-лінейнай формай у выглядзе гірлянды гарадоў, нанізаных на натуральныя ці штучныя транспартныя шляхі.
Мегалаполісы фарміруюцца ў цяперашні час як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца. Найбольш вядомымі і буйнымі па плошчы і колькасці насельніцтва мегалаполісамі ў свеце ў развітых краінах з’яўляюцца — Транс’еўрапейскі (ці «Блакітны банан»), Паўночна-Усходні (Босваш) і Прыазёрны (Чыпітс) (ЗША) (мал. 91), у краінах, якія развіваюцца, — Візагмахангар (Індыя, Бангладэш) і Сан-Рыа (Бразілія).
![]() Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце найбуйнейшыя мегалаполісы свету. Дзе і якія мегалаполісы, на ваш погляд, могуць з’явіцца ў бліжэйшай будучыні? |
У залежнасці ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краін у свеце назіраецца несінхроннае праходжанне стадый. У большасці краін, якія развіваюцца, пераважае класічная ўрбанізацыя і адбываецца канцэнтрацыя насельніцтва ў гарадах. У развітых краінах назіраецца пераважна гіперурбанізацыя і адток карэннага насельніцтва з гарадоў.
На другую палову ХХ ст. прыходзіцца пік урбанізацыі свету. У 1960 г. кожны трэці жыхар свету пражываў у гарадах, у тым ліку ў развітых краінах — каля 60 % усяго насельніцтва, у краінах, якія развіваюцца, — больш за 20 %. У ХХI ст. доля гарадскога насельніцтва свету складае 55,3 % (мал. 92). У развітых краінах пражывае ў гарадах амаль 80 % насельніцтва, у краінах, якія развіваюцца, — каля 50 %. Краінай з максімальнай доляй гарадскога насельніцтва ў свеце — 99 % — з’яўляецца Катар. Менш за ўсё гарадскіх жыхароў у Бурундзі — 13 %.
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Паміж рэгіёнамі існуюць адрозненні ва ўзроўні ўрбанізацыі. Самымі ўрбанізаванымі з’яўляюцца Паўночная і Паўднёвая Амерыка — 82 і 81 % адпаведна. У Еўропе адбываецца скарачэнне долі гарадскога насельніцтва (74,5 %). У Аўстраліі і Акіяніі 68 % насельніцтва жыве ў гарадах, у Азіі — 50 %. Найменш урбанізаваным рэгіёнам з’яўляецца Афрыка — 42,5 %. |
На пачатку ХХІ ст. назіраецца запаволенне тэмпаў росту гарадскога насельніцтва. Аднак у параўнанні з дынамікай агульнай колькасці насельніцтва свету колькасць гарадскога насельніцтва расце ў паўтара раза хутчэй. Штогадовыя тэмпы складаюць 2 %. З другой паловы ХХ ст. гарадское насельніцтва павялічваецца больш інтэнсіўна ў краінах, якія развіваюцца, чым у развітых (мал. 93). Пры штогадовым росце колькасці гараджан на 2,3 % у краінах, якія развіваюцца, ён складае 2,5 %. Развітыя краіны характарызуюцца нізкімі тэмпамі росту гарадскога насельніцтва — 0,5 %.
Для сучаснай урбанізацыі характэрны найбольш хуткі рост колькасці насельніцтва буйных гарадоў або мегагарадоў (мегасіці).
![]() Мегасіці — звышбуйныя гарады з колькасцю насельніцтва больш за 10 млн чалавек. |
У 1960-х гг. такіх гарадоў у свеце было тры — Токіа, Нью-Ёрк і Осака, у 2000 — 16, у 2018 г. — 33. Прадстаўлены яны пераважна ў краінах, якія развіваюцца (Кітай, Індыя, Мексіка, Бразілія і інш.).
Гарадскія трушчобы ў сучасным свеце. Хуткія тэмпы ўрбанізацыі ў краінах, якія развіваюцца, і нізкі ўзровень сацыяльнага-эканамічнага развіцця прывялі да фарміравання трушчобнага гарадскога рассялення. Трушчобай называюць жылы масіў з высокай шчыльнасцю стыхійнай гарадской забудовы, якая адрозніваецца адсутнасцю або вострым недахопам асноўнай інфраструктуры (электрычнасць, каналізацыя і г. д.) для паўнавартаснага грамадскага жыцця чалавека і бедным сацыяльным асяроддзем.
На пачатку ХХІ ст. у трушчобах пражывае каля 923,9 млн гараджан, або 32 % гарадскога насельніцтва свету. Найбольшая доля трушчобнага рассялення характэрная для краін Афрыкі на поўдзень ад Сахары (71,9 %) і Азіі (40 %), якія развіваюцца (мал. 94).
Краінамі з ярка выяўленым трушчобным гарадскім рассяленнем з’яўляюцца Бразілія (мал. 95), Індыя, Нігерыя.

рассялення па рэгіёнах, %

![]() Падвядзём вынікі. Існуюць дзве асноўныя формы (... і ...) і два асноўныя тыпы (... і ...) рассялення. На рассяленне насельніцтва аказвае ўплыў шэраг фактараў ... . Большая частка насельніцтва свету жыве ў ... . Агламерацыя — кампактная форма прасторавага аб’яднання ... . Мегалаполіс — найбольш буйная форма гарадскога рассялення, якая ўтвараецца пры ... . Для сучаснага этапу ўрбанізацыі характэрныя дзве галоўныя асаблівасці: хуткія тэмпы павелічэння долі гарадскога насельніцтва ў краінах, якія развіваюцца, і ... . Найбольш высокі паказчык долі гарадскога насельніцтва ў ... краінах. Урбанізацыя ў любой краіне праходзіць некалькі стадый. |
![]() Праверым свае веды. 1. Назавіце адметныя рысы развіцця працэсу ўрбанізацыі ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца. 2. У чым розніца паняццяў «горад», «агламерацыя», «мегалаполіс» і на якіх стадыях урбанізацыі яны ўзнікаюць? |
![]() Ад простага да складанага. 1. У якіх тыпах краін і рэгіёнах адзначаны максімальны рост гарадскіх агламерацый у другой палове ХХ – пачатку XXI ст.? 2. З прыведзеных прыкладаў выберыце гарады, для якіх можа быць характэрная з’ява «ілжывай» урбанізацыі: Рыа-дэ-Жанейра, Масква, Каракас, Лондан, Шанхай, Ліма. 3. У цяперашні час для развітых краін характэрная такая з’ява, як субурбанізацыя. Паспрабуйце раскрыць гэта паняцце. Назавіце тры асноўныя прычыны гэтай з’явы. 4. Падумайце, ці характэрная гэта з’ява для нашай краіны ў цяперашні час. |
![]() Ад тэорыі да практыкі. 1. Уявіце, што вам паступіла прапанова прыняць удзел у дыспуце «Жыццё ў малым горадзе». Падрыхтуйце аргументы «за» і «супраць». 2. Выкажыце сваё меркаванне пра жыццё ў цэнтры горада і на яго ўскраіне. 3. Выканайце практычную работу «Два партрэты ўрбанізацыі: падабенствы і адрозненні паміж развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца» (на прыкладзе дзвюх краін на выбар) паводле тыпавога плана (гл. дадатак 2). |
![]() |
Падарожжа па Глабальнай сетцы. Сайт Праграмы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па населеных пунктах. |
![]() |
Перспектывы сусветнай урбанізацыі, 2018 год. Ключавыя факты. Аддзяленне народанасельніцтва ААН. | ![]() |