§ 13. ГЕАГРАФІЯ РАССЯЛЕННЯ СВЕТУ

Урбанізацыя свету і яе геаграфія. Урбанізацыя як сусветны гістарычны і складаны працэс непарыўна звязана з канцэнтрацыяй дзейнасці ў параўнальна нешматлікіх цэнтрах развіцця і ахоплівае змены ў размяшчэнні вытворчасцей, рассяленні, дэмаграфічнай структуры, ладзе жыцця, культуры і г. д.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Дзе і калі ўзніклі першыя гарады? Урбанізацыя ў менш развітых краінах праходзіць хуткімі тэмпамі і часта называецца «ілжывай». У чым прычына такой урбанізацыі?

Працэс урбанізацыі праходзіць некалькі стадый, кожная з якіх характарызуецца адметнымі прыкметамі і з’яўленнем форм гарадскога рассялення (мал. 89).

Па меры ўскладнення эканамічных сувязей паміж гарадскімі населенымі пунктамі замест кропкавых гарадоў пачынаюць узнікаць агламерацыі.

Агламерацыя — кампактная форма прасторавага размяшчэння гарадскіх паселішчаў, аб’яднаная разнастайнымі інтэнсіўнымі сувязямі ў складаную сістэму.

Гарадскія агламерацыі могуць быць монацэнтрычнымі (з адным горадам-ядром) і поліцэнтрычнымі (з некалькімі гарадамі-ядрамі).

Сінонім гарадской агламерацыі ў Вялікабрытаніі — канурбацыя, у ЗША — метраполісы.

Паразважаем. Ці супадаюць межы горада і межы агламерацыі? Калі не, то чым яны вызначаюцца? Які выгляд міграцый вызначае ў цэлым межы агламерацыі? Чаму адны гарады растуць, а іншыя — не?

Найбуйнейшымі гарадскімі агламерацыямі свету, колькасць насельніцтва якіх перавышае 30 млн чалавек, з’яўляюцца Дэлі, Токіа і Шанхай (мал. 90). У ХХI ст. большасць з іх размешчана ў краінах, якія развіваюцца.

На апошняй стадыі ў сувязі з пашырэннем плошчы агламерацый, узмацненнем эканамічных узаемасувязей паміж імі і паскораным ростам іх перыферыйных зон узнікаюць мегалаполісы.

Мегалаполіс — найбольш буйная форма гарадскога рассялення, урбанізаваная зона, якая ўтвараецца пры зрастанні вялікай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый.

У адрозненне ад агламерацыі мегалаполіс мае значна большую плошчу, колькасць насельніцтва і прадстаўлены арэальна-лінейнай формай у выглядзе гірлянды гарадоў, нанізаных на натуральныя ці штучныя транспартныя шляхі.

Мегалаполісы фарміруюцца ў цяперашні час як у развітых краінах, так і ў краінах, якія развіваюцца. Найбольш вядомымі і буйнымі па плошчы і колькасці насельніцтва мегалаполісамі ў свеце ў развітых краінах з’яўляюцца — Транс’еўрапейскі (ці «Блакітны банан»), Паўночна-Усходні (Босваш) і Прыазёрны (Чыпітс) (ЗША) (мал. 91), у краінах, якія развіваюцца, — Візагмахангар (Індыя, Бангладэш) і Сан-Рыа (Бразілія).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце найбуйнейшыя мегалаполісы свету. Дзе і якія мегалаполісы, на ваш погляд, могуць з’явіцца ў бліжэйшай будучыні?

У залежнасці ад узроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і краін у свеце назіраецца несінхроннае праходжанне стадый. У большасці краін, якія развіваюцца, пераважае класічная ўрбанізацыя і адбываецца канцэнтрацыя насельніцтва ў гарадах. У развітых краінах назіраецца пераважна гіперурбанізацыя і адток карэннага насельніцтва з гарадоў.

На другую палову ХХ ст. прыходзіцца пік урбанізацыі свету. У 1960 г. кожны трэці жыхар свету пражываў у гарадах, у тым ліку ў развітых краінах — каля 60 % усяго насельніцтва, у краінах, якія развіваюцца, — больш за 20 %. У ХХI ст. доля гарадскога насельніцтва свету складае 55,3 % (мал. 92). У развітых краінах пражывае ў гарадах амаль 80 % насельніцтва, у краінах, якія развіваюцца, — каля 50 %. Краінай з максімальнай доляй гарадскога насельніцтва ў свеце — 99 % — з’яўляецца Катар. Менш за ўсё гарадскіх жыхароў у Бурундзі — 13 %.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Паміж рэгіёнамі існуюць адрозненні ва ўзроўні ўрбанізацыі. Самымі ўрбанізаванымі з’яўляюцца Паўночная і Паўднёвая Амерыка — 82 і 81 % адпаведна. У Еўропе адбываецца скарачэнне долі гарадскога насельніцтва (74,5 %). У Аўстраліі і Акіяніі 68 % насельніцтва жыве ў гарадах, у Азіі — 50 %. Найменш урбанізаваным рэгіёнам з’яўляецца Афрыка — 42,5 %.

На пачатку ХХІ ст. назіраецца запаволенне тэмпаў росту гарадскога насельніцтва. Аднак у параўнанні з дынамікай агульнай колькасці насельніцтва свету колькасць гарадскога насельніцтва расце ў паўтара раза хутчэй. Штогадовыя тэмпы складаюць 2 %. З другой паловы ХХ ст. гарадское насельніцтва павялічваецца больш інтэнсіўна ў краінах, якія развіваюцца, чым у развітых (мал. 93). Пры штогадовым росце колькасці гараджан на 2,3 % у краінах, якія развіваюцца, ён складае 2,5 %. Развітыя краіны характарызуюцца нізкімі тэмпамі росту гарадскога насельніцтва — 0,5 %.

Для сучаснай урбанізацыі характэрны найбольш хуткі рост колькасці насельніцтва буйных гарадоў або мегагарадоў (мегасіці).

Мегасіці — звышбуйныя гарады з колькасцю насельніцтва больш за 10 млн чалавек.

У 1960-х гг. такіх гарадоў у свеце было тры — Токіа, Нью-Ёрк і Осака, у 2000 — 16, у 2018 г. — 33. Прадстаўлены яны пераважна ў краінах, якія развіваюцца (Кітай, Індыя, Мексіка, Бразілія і інш.).