§ 11. БЕЖАНСТВА Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Міграцыйная палітыка. У краінах свету складваецца рознае становішча ў галіне міграцыі, актыўнасці патокаў эміграцыі і іміграцыі, а таксама адносна колькасці мігрантаў, якія пакідаюць і прыязджаюць у краіну. Таму для ўстанаўлення спрыяльнай для краіны міграцыйнай сітуацыі адбываецца яе рэгуляванне.

Міграцыйная палітыка — гэта сістэма прынцыпаў, мэт і дзеянняў, з дапамогай якіх дзяржава рэгулюе патокі міграцыі.

Дзяржаўная міграцыйная палітыка павінна быць накіравана на дасягненне мэт, адпаведных інтарэсам развіцця грамадства.

У залежнасці ад міграцыйнай сітуацыі ў краіне, суадносін іміграцыі і эміграцыі ў свеце вылучаюць палітыку ў галіне іміграцыі і палітыку ў галіне эміграцыі. Іміграцыйная палітыка рэгламентуе правілы і нормы прыняцця замежных грамадзян, а эміграцыйная палітыка — выезд грамадзян за мяжу.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У абагульненым выглядзе міграцыйную палітыку ў краінах свету можна падзяліць на наступныя віды: 1) міграцыйная палітыка не замінае эміграцыі, але жорстка рэгламентуе іміграцыю (напр., ЗША, Канада, Аўстралія і іншыя развітыя краіны); 2) міграцыйная палітыка не перашкаджае эміграцыі і спрыяе іміграцыі (напр., Ізраіль, Германія, нафтаздабываючыя краіны Паўднёва-Заходняй Азіі); 3) міграцыйная палітыка не перашкаджае ні эміграцыі, ні іміграцыі (напр., Туніс, Егіпет, Польшча); 4) міграцыйная палітыка накіравана на закрытасць краіны (Куба, КНДР).

У залежнасці ад стаўлення да мігрантаў вылучаюць: 1) палітыку асіміляцыі (зліццё аднаго народа з іншым са стратай адным з народаў сваёй мовы, культуры, нацыянальнай самасвядомасці); 2) палітыку мультыкультуралізму (падтрымка новых ідэнтычнасцей: этнічных, рэлігійных; мяркуе талерантнасць, уключэнне ў культурны працэс элементаў культур эмігрантаў, узаемнае пранікненне розных культур); 3) палітыку сацыяльнай інтэграцыі і культурна-моўнай адаптацыі (паспяховае ўліванне вялікай колькасці людзей, якія належаць да іншай супольнасці, у сацыякультурную прастору іншай культурнай супольнасці).

Падвядзём вынікі. Бежанства — гэта ... . Асноўнымі прычынамі бежанства з’яўляюцца ваенныя канфлікты, экалагічныя катастрофы, рэлігійная непрыязнасць. Асноўным рэгіёнам, куды накіраваліся асноўныя патокі бежанцаў, з’яўляецца ... . Еўрапейскі саюз адчувае міграцыйны крызіс. Дзяржавамі з найбольшай колькасцю бежанцаў з’яўляюцца ... .

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя прычыны бежанства. 2. Які дакумент вызначае статус бежанца? 3. Якія краіны прынялі найбольшую колькасць бежанцаў?

Ад простага да складанага. Сёння ў адзінай Еўропы няма агульнага рашэння, як рэгуляваць міграцыйную палітыку. У гэтым рэгіёне больш не засталося краін, гатовых працягваць палітыку адкрытых меж. Пазіцыі асобных дзяржаў і кіраўніцтва Еўрасаюза адрозніваюцца толькі тым, як лепш узяць паток мігрантаў пад кантроль. Прапануйце шляхі выхаду з міграцыйнага крызісу Еўропы.

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па справах бежанцаў.