§ 11. БЕЖАНСТВА Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Прычыны бежанства ў свеце. Адной з форм палітычнай міграцыі з’яўляецца бежанства. Гэта форма міграцыі, у адрозненне ад іншых, найбольш моцна закранае правы чалавека і ніколі не бывае добраахвотнай. З другой паловы ХХ ст. яна носіць глабальны праблемны характар і з’яўляецца адным з самых складаных пытанняў, якія стаяць сёння перад сусветнай супольнасцю.

У свеце ўсё ўзаемазвязана. У канцы ХХ – пачатку XXI ст. бежанства набыло найбольшыя маштабы за ўсю сваю гісторыю. З чым звязана значнае павелічэнне колькасці бежанцаў? Адказ абгрунтуйце.

Бежанства мае глыбокія гістарычныя карані. Так, у 1951 г. большасць бежанцаў былі еўрапейцамі. Сёння — гэта насельніцтва Азіі і Афрыкі. Калі раней бежанства ўяўляла з сябе вымушаныя міграцыйныя перамяшчэнні асобных людзей, то цяперашнія патокі бежанцаў усё часцей прымаюць масавую форму.

У свеце цікавага. Гісторыя чалавецтва поўная трагічных старонак, звязаных з бежанцамі. Яшчэ ў 695 г. да н. э. 50 тыс. чалавек беглі ў Егіпет, ратуючыся ад асірыйскай арміі цара Сінахерыба, якая ўступіла ў Іўдзею. На пачатку новай эры каля 300 тыс. готаў беглі ад нашэсця качэўнікаў-гунаў на землі Рыма. Працэс распаду Вялікай Рымскай імперыі пад ударамі варвараў суправаджаўся беспрэцэдэнтным «вялікім перасяленнем народаў». У VIII–IX стст. у выніку спусташальных уварванняў вікінгаў у Брытанію каля 40 тыс. астраўлян уцякалі ў Францыю. Тысячы людзей у Еўропе і Азіі ўцякалі ад частых эпідэмій чумы. Сапраўдныя масавыя ўцёкі пачаліся ў першай палове XIII ст., калі мангольскія орды, сеючы смерць і разбурэнні, прайшлі ад Ціхага акіяна да Міжземнага мора.

Прычыны сучаснага бежанства разнастайныя (мал. 72).

Галоўнай міжнароднай арганізацыяй па забеспячэнні правоў і дабрабыту бежанцаў з’яўляецца Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ). Яно была створана ў 1950 г. i каардынуе міжнародныя дзеянні па абароне бежанцаў і вырашэнні іх праблем незалежна ад расы, веравызнання, палітычных перакананняў і полу ў сусветным маштабе.

Паразважаем. Як вы разумееце словы Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў Антоніу Гуцерэша (2005–2015): «Свет уступае ў новую эру, калі маштабы глабальнага прымусовага перамяшчэння насельніцтва засланяюць усё бачанае раней»? Адказ патлумачце.