§ 11. БЕЖАНСТВА Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Жэнеўская канвенцыя аб статусе бежанцаў. Колькасць бежанцаў у свеце, якая павялічваецца, стварае праблему атрымання афіцыйнага статусу бежанца і вызначэння дакладных яго прыкмет для краін, што іх прымаюць.

Мал. 77. Старонка
пашпарта Нансена

У свеце цікавага. Паняцце «бежанец» з’яўляецца ўпершыню ў 1922 г. у першым пагадненні аб статусе рускіх і армянскіх бежанцаў. У ім былі вызначаны іх правы і прыняты першы праязны дакумент для бежанцаў — нансенаўскі пашпарт (мал. 77). Ён быў названы ў гонар палярнага даследчыка і першага Вярхоўнага камісара па справах бежанцаў Ф. Нансена. У 1942 г. гэты пашпарт прызналі ўрады 52 дзяржаў, і ён дзейнічаў да 1951 г.

Паняцце «бежанец» і яго статус былі прынятыя ў 1951 г. у Жэневе ў Канвенцыі ААН аб статусе бежанцаў. Па вызначэнні ААН, бежанцамі лічацца асобы, якія: 1) могуць стаць ахвярай пераследу па прыкмеце расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, сексуальнай арыентацыі ці па палітычных поглядах; 2) знаходзяцца па-за краінай сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не могуць ці не жадаюць карыстацца абаронай гэтай краіны з прычыны асцярогі.

У свеце цікавага. У той час як многія краіны павялічваюць квоты на прадастаўленне статусу бежанца, шэраг дзяржаў з кожным годам скарачае іх колькасць у мэтах бяспекі краіны. Складаная палітычная абстаноўка ў шэрагу краін Азіі і Афрыкі, што развіваюцца, прыводзіць да павелічэння колькасці людзей, якія падаюць прашэнне аб атрыманні прытулку. У 2016 г. было пададзена каля 2 млн новых хадайніцтваў аб прадастаўленні прытулку. Найбольшая колькасць новых просьб аб прытулку атрымліваюць Германія (722 тыс.), ЗША (262), Італія (123) і Турцыя (79 тыс.).