§ 11. БЕЖАНСТВА Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ

Геаграфія бежанства. У сучасным свеце да росту бежанства прыводзяць як палітычныя і ваенныя канфлікты, так і вельмі нізкі ўзровень эканамічнага развіцця. Пры гэтым трэба разумець, што колькасць бежанцаў можа вагацца ў залежнасці ад актыўнасці падзей, якія адбываюцца. У параўнанні з 1990 г. колькасць бежанцаў у свеце ўзрасла і складае 22,5 млн чалавек (мал. 73). Гэта каля 10 % міжнародных мігрантаў. Большасць з іх — 89 % — з’яўляецца насельніцтвам краін, якія развіваюцца, і 19 % — развітых. У цяперашні час 80 % бежанцаў складаюць жанчыны і дзеці.

Свет і Беларусь. Ці адчувае Рэспубліка Беларусь на сваёй тэрыторыі праблему бежанства?

Бежанцы размяркоўваюцца ў свеце па краіне паходжання і па краіне прытулку (або прыёму). Па краіне паходжання найбольшай колькасцю ў 2016 г. характарызаваліся Сірыя, Афганістан і Паўднёвы Судан (мал. 74). Асноўнымі прычынамі эміграцыі з’яўляюцца ваенныя дзеянні, нестабільныя эканамічныя абставіны, нізкі ўзровень жыцця і інш. Найбольшую колькасць бежанцаў прынялі Турцыя, Іарданія і Ліван (мал. 75).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Найбольш складаная сітуацыя, якая прызнаецца УВКБ, склалася ў цяперашні час у Сірыі (мал. 76), Емене, Іраку, Паўднёвым Судане, Бурундзі і Нігерыі. Аднак кожны рэгіён стаў самастойнай пляцоўкай бежанства. У Афрыцы з-за засух, голаду і пагрозы харчовай бяспекі 1,8 млн бежанцаў прынялі Уганда, Судан, Кенія, Эфіопія і ДР Конга. У Еўропе з-за міграцыйнага крызісу краінамі, якія найбольш актыўна прымаюць бежанцаў, з’яўляюцца Грэцыя і Сербія. Гуманітарны крызіс Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі робіць найбольш прыступным да бежанства насельніцтва Сірыі, Йемена, Егіпта, Іарданіі, Ірака, Лівана і Турцыі. У Амерыцы прычынай бежанства з’яўляецца гвалт у Цэнтральнай Амерыцы (Гватэмала, Гандурас, Коста-Рыка і Мексіка).

Папрацуем з атласам. Пакажыце на карце краіны з найбольшай колькасцю бежанцаў: Сірыю, Афганістан, Паўднёвы Судан.