§ 9. ФАКТАРЫ І ВІДЫ МІГРАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВА

Міграцыйны пераход. Аналагічна тэорыі дэмаграфічнага пераходу чалавецтва ў розныя перыяды спрабавала даваць тлумачэнні прычынам і асаблівасцям міграцыі насельніцтва ў залежнасці ад змен сацыяльна-эканамічных умоў. Гэта знайшло адлюстраванне ў канцэпцыі міграцыйнага (мабільнага) пераходу В. Зялінскага (мал. 60).

Канцэпцыі дэмаграфічнага і міграцыйнага пераходу цесна ўзаемазвязаны і дапаўняюць адна адну.

Паразважаем. Дэмаграфічнае развіццё і роля міжнароднай міграцыі ў ім істотна адрозніваюцца ў развітых рэгіёнах і рэгіёнах свету, якія развіваюцца. Пацвердзіце ці аспрэчце дадзены выраз.

Міграцыйны пераход — гэта эвалюцыя міграцыі насельніцтва, якая адлюстроўвае заканамерны пераход ад нізкай міграцыйнай рухомасці на аграрнай стадыі да яе росту ў перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Згодна з канцэпцыяй, міграцыя насельніцтва перажывае пяць стадый развіцця, якія змяняюцца паралельна сацыяльным і эканамічным зменам у грамадстве (мал. 61).

На першай стадыі ў даіндустрыяльным грамадстве міграцыя абмежаваная. Маюць месца толькі нязначныя перамяшчэнні людзей па прылеглай тэрыторыі пры нязначным натуральным прыросце, высокай нараджальнасці і высокай смяротнасці насельніцтва. Гэту стадыю ўсе краіны свету да цяперашняга часу завяршылі.

Другая стадыя супадае з пачаткам дэмаграфічнага выбуху. Яна характарызуецца міграцыяй з вёскі ў горад, ростам перамяшчэнняў на больш далёкія адлегласці, агульным узрастаннем маштабаў міжнароднага міграцыйнага руху. Сёння на гэтай стадыі знаходзіцца невялікая колькасць найменш развітых краін пераважна Афрыкі (напр., Намібія, Эфіопія) і Азіі (напр., Бутан, Непал), і колькасць іх скарачаецца.

На трэцяй стадыі захоўваецца рух з вёскі ў горад пры хуткім узмацненні міграцыі паміж гарадамі. Маштабы міграцыі, у тым ліку міжнароднай, узрастаюць. Прысутнічаюць усе спалучэнні міграцыі гарадскога і сельскага насельніцтва. Гэта стадыя прадстаўлена ў большасці краін, Лацінскай Амерыкі, Азіі, шэрага краін Афрыкі, якія развіваюцца (напр., ПАР, Егіпет, Нігерыя), некаторых краінах з пераходнай эканомікай (напр., Польшча, Венгрыя, Расія, Украіна).

На чацвёртай стадыі ў познім індустрыяльным і постындустрыяльным грамадстве пры нязначным натуральным прыросце міграцыя з вёскі ў горад у пэўнай ступені захоўваецца, але мае малыя маштабы. Атрымлівае развіццё адваротны міграцыйны рух з горада ў вёску. Узрастаюць аб’ёмы міграцыі з больш буйных па колькасці насельніцтва гарадоў у больш дробныя. Адбываецца значны рост міжнароднай міграцыі. Гэта стадыя характэрная ў асноўным для развітых дзяржаў Еўропы (напр., Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў), часткова прадстаўлена ў ЗША. Шэраг найбольш развітых краін Лацінскай Амерыкі таксама набывае рысы гэтай стадыі (напр., Бразілія, Мексіка).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыялы вучэбнага дапаможніка і карты атласа, назавіце краіны, якія знаходзяцца на другой, трэцяй і чацвёртай стадыях міграцыйнага пераходу.

Пятая (заключная) стадыя разглядаецца як гіпатэтычная стадыя постындустрыяльнага грамадства. Для яе будуць характэрныя пераважна міжгарадская міграцыя і пэўныя перасяленні з горада ў вёску. Міжнародная міграцыя захоўваецца, але кантроль з боку дзяржавы ўзмацняецца.

У свеце цікавага. У сувязі з заключнай стадыяй развіцця міграцыі цікавасць уяўляе меркаванне італьянскага вучонага П. Прыні пра тое, што «выразнікам сутнасці нашай эпохі з’яўляецца хутчэй качэўнік — чалавек, які вандруе з краю ў край» і ў постындустрыяльным грамадстве «ўсе людзі, незалежна ад сваёй культуры, будуць мігрыраваць». З гэтым сцвярджэннем узгадняецца і канцэпцыя Трэцяга дэмаграфічнага пераходу Д. Коулмэна.

Падвядзём вынікі. На міграцыю насельніцтва ўплываюць многія фактары, асноўным з якіх з’яўляецца ... . Міграцыі адрозніваюцца па ..., ..., ..., ..., ..., ... . Сярод паказчыкаў міграцыі вылучаюць тры асноўныя групы — паказчыкі маштабаў міграцыі, адносныя паказчыкі міграцыі, паказчыкі структуры міграцыі. Вылучаюць ... стадый міграцыйнага пераходу. Міграцыйны пераход уяўляе з сябе змену нізкай міграцыйнай рухомасці насельніцтва на аграрнай стадыі яе ростам у перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя фактары міграцыі. 2. Што такое міграцыйны пераход? 3. Прывядзіце прыклады міграцый па прычынах. 4. Якія міграцыйныя працэсы характэрныя для вашай мясцовасці?

Ад простага да складанага. На малюнку 62 схематычна прадстаўлена мадэль прыняцця рашэння аб міграцыі Э. С. Лі (1966). Вывучыўшы малюнак, адкажыце на наступныя пытанні: 1. Што пазначана знакамі плюс і мінус у кругах, якія сімвалізуюць рэгіёны выбыцця і прыбыцця мігрантаў? 2. Якія тры фактары могуць разглядацца як прамежкавыя перашкоды?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
Сайт Прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Рэспубліцы Беларусь.