*§ 7-1. ДЭМАГРАФІЧНАЕ СТАРЭННЕ

У перыяд 1970–1985 гг. праявілася тэндэнцыя скарачэння колькасці насельніцтва свету маладога ўзросту і росту насельніцтва старэйшага ўзросту. Гэта прывяло да змен ва ўзроставай структуры насельніцтва свету, з якімі чалавецтва сутыкнулася ўпершыню (мал. 48-1).

Мал. 48-1. Змены ўзроставай структуры насельніцтва свету ў другой палове ХХ стагоддзя

У другой палове XX ст. старэнне насельніцтва стала выяўляцца амаль ва ўсіх развітых краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Японіі і Аўстраліі. Гэта ўнікальная гістарычная падзея стала набіраць сілу менавіта ў канцы XX ст. у выніку пераходу да нізкага ўзроўню нараджальнасці і зніжэння ўзроўню смяротнасці, які папярэднічаў яму.

Пры вывучэнні старэння выкарыстоўваюць, як правіла, насельніцтва ва ўзросце, старэйшым за 60 ці 65 (60/65+) гадоў. Для аналізу гэтага працэсу ўжываюць наступныя асноўныя паказчыкі (мал. 48-2).

Мал. 48-2. Асноўныя паказчыкі для вывучэння дэмаграфічнага старэння

Каэфіцыент старэння разлічваецца як адносіны колькасці насельніцтва ва ўзросце 60/65+ гадоў да сярэднегадавой колькасці насельніцтва і вымяраецца ў працэнтах.

Каэфіцыент пенсійнай дэмаграфічнай нагрузкі разлічваецца як адносіны колькасці пасляпрацаздольнага (непрацуючага) насельніцтва да колькасці працаздольнага насельніцтва. Пры дэмаграфічным старэнні нагрузка на працаздольнае насельніцтва ўзрастае (мал. 48-3).

Мал. 48-3. Прагноз колькасці насельніцтва свету ва ўзросце 60+ гадоў, млрд чал.

Для характарыстыкі дэмаграфічнага старэння па краінах існуюць дзве шкалы старэння. Згодна са шкалой старэння ААН, распрацаванай для насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў, краіна ўступае ў стадыю старэння, калі доля насельніцтва ў гэтым узросце перавышае 7 %. У адпаведнасці з гэтай шкалой, калі доля насельніцтва ва ўзросце 65+ гадоў: а) менш за 4 % — насельніцтва краіны лічыцца маладым; б) складае 4–7 % — насельніцтва стабільнае і знаходзіцца на парозе старасці; в) роўная 7 % і больш — насельніцтва краіны лічыцца старым.

Для насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў выкарыстоўваецца шкала дэмаграфічнага старэння насельніцтва Э. Росета (табл. *1).

Табліца *1. Шкала дэмаграфічнага старэння Э. Росета

Свет і Беларусь. Узгадайце, якая доля насельніцтва, старэйшага за працаздольны ўзрост, у Рэспубліцы Беларусь. Ці характэрна для нашай краіны дэмаграфічнае старэнне?

Па прагнозах ААН, дэмаграфічнае старэнне ў ХХІ ст. будзе характарызавацца высокай інтэнсіўнасцю, пераважна ў краінах, якія развіваюцца. Аднак развітыя краіны па-ранейшаму будуць характарызавацца найбольш пастарэлай, рэгрэсіўнай структурай насельніцтва.

У цэлым у свеце за перыяд 2010–2100 гг. прагназуецца трохкратнае павелічэнне долі насельніцтва ва ўзросце 60+ гадоў. Калі ў 2050 г. кожны пяты чалавек у свеце будзе знаходзіцца ў сталым узросце, то да 2100 г. — кожны трэці (табл. *2).

Табліца *2. Прагноз долі насельніцтва свету ва ўзросце 60+ гадоў, ‰

Старэнне насельніцтва вядзе да сур'ёзных наступстваў для развіцця краіны. Змяняецца дэмаграфічная структура і структура занятасці насельніцтва, змяняецца структура вытворчасці і спажывання, становішча слаёў насельніцтва грамадства. Сур'ёзныя перамены адбываюцца ў грамадскай свядомасці, мяняюцца цэнасныя арыентацыі, функцыі і роля саміх пажылых людзей.

Праверым свае веды. 1. Па якiх прычынах у свеце з'явілася тэндэнцыя скарачэння колькасці насельніцтва маладога ўзросту? 2. У якой групе краін і чаму яна праяўляецца найбольш адчувальна? 3. Па якіх паказчыках можна прааналізаваць дэмаграфічнае старэнне?

Ад простага да складанага. Растлумачце, чаму ў краінах, якія развіваюцца, у цяперашні час сканцэнтравана найбольшая колькасць пажылога насельніцтва.

Ад тэорыі да практыкі. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, дадатковую літаратуру і рэсурсы інтэрнэту, зрабіце кароткае паведамленне «Як зменіцца структура вытворчасці фармацэўтычнай і харчовай прамысловасці пад уплывам дэмаграфічнага старэння?».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Справаздача ААН пра старэнне насельніцтва свету.