§ 1. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ СВЕТУ, ПРАДМЕТ І ЗАДАЧЫ Ў ЗАБЕСПЯЧЭННІ ЎСТОЙЛІВАГА РАЗВІЦЦЯ

Уклад вядомых вучоных у развіццё сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету. Кожная навука ганарыцца імёнамі навукоўцаў, даследчыкаў, якія сваёй працай фарміруюць яе сусветны і грамадскі імідж. На працягу многіх стагоддзяў сфарміраваліся нацыянальныя навуковыя школы эканамічнай геаграфіі: нямецкая, французская, брытанская, расійская, амерыканская, беларуская і інш. Мы пазнаёмімся з навукоўцамі, якія ўнеслі найбольш значны ўклад у разуменне тых пытанняў, якія вам трэба будзе засвоіць у час вывучэння вучэбнага прадмета «Геаграфія. Сацыяльна-эканамічная геаграфія свету».

Уласнае бачанне сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету як навуковы напрамак, які вывучае прыроду, насельніцтва і гаспадарку ва ўзаемнай абумоўленасці і ўзаемазалежнасці, выклаў у сваіх працах расійскі вучоны В. М. Тацішчаў (мал. 2). Ён даказаў практычную значнасць геаграфіі для «ваеннага і земскага кіравання». Гэта думка пацвярджаецца запатрабаванасцю сучаснай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі ў практыцы рэгіянальнага кіравання.

Аб узаемасувязі прыродных і эканамічных з’яў, насельніцтва, гаспадаркі краін і фактараў размяшчэння прадукцыйных сіл пісаў вядомы рускі навуковец М. В. Ламаносаў (мал. 3). Яго ўклад у развіццё сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету заключаецца таксама ў доказе неабходнасці вывучэння насельніцтва як крыніцы «магутнасці дзяржавы», прычын скарачэння колькасці насельніцтва і прыняцця мер, якія б спрыялі яе росту.

Аб неабходнасці вывучэння сацыяльна-эканамічнай геаграфіі на розных тэрытарыяльных узроўнях упершыню было сказана ў працах выдатнага савецкага эканомікагеографа М. М. Баранскага (мал. 4). Распрацоўка паняцця «геаграфічны падзел працы» і асноў краіназнаўства таксама належыць гэтаму навукоўцу.

Прынцыпы прыродна-гаспадарчага раяніравання і геаграфічнага прагназавання сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны былі распрацаваны вядомым савецкім эканомікагеографам Ю. Г. Саушкіным (мал. 5) разам з яго іншымі шматлікімі навуковымі адкрыццямі.

Свет і Беларусь.  Успомніце з вучэбнага курса 9-га класа «Геаграфія Беларусі» імёны беларускіх навукоўцаў-эканомікагеографаў і раскажыце аб іх укладзе ў развіццё сацыяльна-эканамічнай геаграфіі.