§ 1. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ СВЕТУ, ПРАДМЕТ І ЗАДАЧЫ Ў ЗАБЕСПЯЧЭННІ ЎСТОЙЛІВАГА РАЗВІЦЦЯ

Прадмет і задачы сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету. Кожная навуковая дысцыпліна ўносіць свой уклад у фарміраванне нашых уяўленняў аб свеце. Сацыяльна-эканамічная геаграфія свету (СЭГ свету) з’яўляецца адной з найцікавейшых геаграфічных дысцыплін, таму што толькі яна дазваляе адначасова адказаць на тры пытанні аб любой тэрыторыі або краіне: якія маюцца рэсурсы, чым характарызуецца насельніцтва і як развіваецца гаспадарка. А калі да атрыманага адказу дадаць гістарычныя веды і геаграфічнае мысленне, можна зрабіць прагноз дэмаграфічнай і сацыяльна-эканамічнай будучыні краіны.

Сацыяльна-эканамічная геаграфія свету — гэта галіна навукі, якая вывучае геаграфічныя заканамернасці развіцця насельніцтва, сусветнай гаспадаркі і светагаспадарчых сувязей, працэсаў на палітычнай карце свету або ў цэлым тэрытарыяльную арганізацыю грамадства ў свеце і асобных краінах у розных рэгіёнах планеты. Таму прадметам вывучэння сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету з’яўляюцца: дынаміка палітычнай карты свету, працэсаў, звязаных з вывучэннем геаграфіі насельніцтва; узаемаабумоўленасць прыродных рэсурсаў, гаспадаркі і грамадства; прасторава-часавыя заканамернасці дынамікі сектараў сусветнай гаспадаркі.

Спецыфічная асаблівасць сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету — гэта тое, што яна вывучае свае аб’екты пад пунктам гледжання іх тэрытарыяльнай арганізацыі, г. зн. узаемаразмяшчэння, узаемадзеяння, узаемадапаўнення і кіравання. У гэтым заключаецца яе прыкладная значнасць.

Ва ўмовах глабалізацыі і пераходу да постындустрыяльнай стадыі перад сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй свету стаіць шырокі пералік задач (мал. 1).

Эканоміка-геаграфічнае вывучэнне краін, або краіназнаўства, у цяперашні час становіцца ўсё больш гарманічнай часткай трох асноўных аб’ектаў СЭГ свету — палітычнай карты свету, насельніцтва і сусветнай гаспадаркі.