*Практычная работа 4. Уласцівасці высокамалекулярных злучэнняў
I. Дэполімерызацыя поліметылметакрылату
Узор тонказдробненага палімеру змясціце ў прабірку і нагрэйце ў полымі спіртоўкі да з’яўлення над паверхняй расплаўленага рэчыва белай пары. Прабірку астудзіце. Пасля астуджэння дабаўце 1–2 см3 раствору ёду. Адбываецца яго абясколерванне. Напішыце ўраўненні рэакцый, якія працякаюць, улічваючы, што поліметылметакрылат — прадукт полімерызацыі метылавага эфіру 2-метылпрапенавай кіслаты.
II. Уласцівасці палімераў
1. Пры дапамозе трымальніка для прабірак злёгку нагрэйце над полымем спіртоўкі кавалачкі вырабаў з капрону і лаўсану. Калі палімер стане вязкацякучым, дакраніцеся да яго лучынкай або шкляной палачкай і, адвёўшы яе потым у бок, выцягніце тонкае валакно. Якая ўласцівасць палімераў выявілася ў гэтым выпадку?
2. Змясціце кавалачкі сінтэтычных, штучных і натуральных валокнаў (капрону, лаўсану, шэрсці, ацэтатнага шоўку, бавоўны) у прабіркі з растворамі сернай кіслаты і шчолачы. Якія рэактывы разбураюць указаныя палімеры і чаму? Як дзейнічае ацэтон на ацэтатнае валакно?
3. Змясціце кавалачкі палімерных матэрыялаў у полымя спіртоўкі. Адзначце характар полымя (гараць або не гараць па-за полымем) і від прадуктаў гарэння.