§ 32. Насычаныя аднаасноўныя карбонавыя кіслоты. Наменклатура. Ізамерыя. Фізічныя ўласцівасці

Насычаныя аднаасноўныя карбонавыя кіслоты.

У малекуле першага прадстаўніка гамалагічнага рада насычаных аднаасноўных карбонавых кіслот карбаксільная група звязана з атамам вадароду:

img

Як вы ўжо ведаеце, гэта злучэнне называецца мурашыная кіслата. Мурашыная кіслата ўпершыню была вылучана з лясных мурашак, чым і абумоўлена яе назва. У прыродзе мурашыная кіслата сустракаецца таксама ў крапіве, некаторай садавіне, едкіх выдзяленнях медуз і г. д. Мурашыная кіслата пры пакаёвай тэмпературы ўяўляе сабой бясколерную вадкасць з рэзкім пахам, тэмпература кіпення 101 °С.

Формула наступнага прадстаўніка гамалагічнага рада насычаных аднаасноўных карбонавых кіслот:

img

Гэта злучэнне называецца воцатная кіслата. Воцатная кіслата, таксама як і мурашыная, пры пакаёвай тэмпературы — бясколерная вадкасць з рэзкім пахам. Тэмпература кіпення воцатнай кіслаты складае 118 °С.

Малекулы гамолагаў воцатнай кіслаты адрозніваюцца ад яе на адну або некалькі груп CH2 і маюць агульную формулу CnH2n+1 img COOH.

Вядомы гамолагі воцатнай кіслаты, вуглевадародны радыкал якіх уключае дастаткова доўгі ланцуг з атамаў вугляроду. Важнейшымі прадстаўнікамі такіх кіслот з’яўляюцца пальміцінавая С15Н31 img СООН і стэарынавая С17Н35 img СООН.

У малекулах пальміцінавай і стэарынавай кіслот вуглевадародныя радыкалы маюць неразгалінаваную будову. Шарастрыжнёвая мадэль малекулы пальміцінавай кіслаты:

img

Пальміцінавая і стэарынавая кіслоты выдзелены з прадуктаў перапрацоўкі тлушчаў і атрымалі назву вышэйшыя тлустыя кіслоты.

Гэтыя кіслоты ўяўляюць сабой цвёрдыя бясколерныя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе. Тэмпературы плаўлення пальміцінавай і стэарынавай кіслот складаюць 63 і 70 °С адпаведна.