§ 22. Насычаныя аднаатамныя спірты. Ізамерыя, наменклатура, класіфікацыя

Будова малекул спіртоў

У малекулах насычаных аднаатамных спіртоў маецца адна гідраксільная група img ОН, злучаная з алкільным радыкалам.

Найпрасцейшым прадстаўніком насычаных аднаатамных спіртоў з’яўляецца метылавы спірт. Яго формула СН3 img ОН. Метылавы спірт уяўляе сабой бясколерную вадкасць з характэрным пахам і тэмпературай кіпення 65 °С. Метылавы спірт надзвычай ядавіты. Пападанне ў арганізм чалавека ўсяго толькі 30 мл метылавага спірту можа прывесці да смерці. Яшчэ меншая колькасць метылавага спірту прыводзіць да страты зроку.

Бліжэйшы гамолаг метылавага спірту — этылавы спірт, формула якога СН3 img СН2 img ОН, ці С2Н5 img ОН.

Этылавы спірт — бясколерная вадкасць з характэрным пахам і тэмпературай кіпення 78 °С. Этылавы спірт уваходзіць у састаў алкагольных напояў. На жаль, многія людзі злоўжываюць алкагольнымі напоямі, наносячы непапраўную шкоду свайму здароўю. Злоўжыванне этылавым спіртам прыводзіць да цяжкага захворвання — алкагалізму.

Метылавы і этылавы спірты практычна немагчыма адрозніць па знешнім выглядзе і паху. У той жа час метылавы спірт значна больш таксічны, чым этылавы. У гэтым заключаецца асаблівая небяспека метылавага спірту. Ён можа прысутнічаць у розных тэхнічных спіртазмяшчальных вадкасцях. Бытавыя атручэнні метылавым спіртам часта звязаны з ужываннем такіх вадкасцей.

Саставім агульную формулу гамолагаў метылавага спірту. У іх малекулах група img ОН злучана з алкільным радыкалам. Алкільны радыкал утвараецца ў выніку адрыву ад малекулы алкану аднаго атама вадароду. Агульная формула алканаў CnH2n+2. Калі выдаліць з малекулы адзін атам вадароду, атрымаецца формула алкільнага радыкала CnH2n+1 img. Тады агульная формула гамолагаў метылавага спірту:

CnH2n+1 img OH