§ 5. Прадмет арганічнай хіміі. Тэорыя будовы арганічных рэчываў

Узнікненне арганічнай хіміі як навукі

Трэба адзначыць, што арганічныя рэчывы вядомы чалавецтву са старажытных часоў. Ужываючы параўнальна простыя спосабы перапрацоўкі раслін, людзі здаўна ўмелі атрымліваць трысняговы цукар, прыродныя фарбавальнікі, алей, воцат і г. д. Аднак навука аб злучэннях вугляроду ўзнікла толькі на пачатку XIX стагоддзя, пасля таго як хімікі навучыліся вызначаць састаў рэчываў і выражаць яго ў выглядзе малекулярных формул. Тады стала вядома, што рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання змяшчаюць вуглярод.

У 1806 годзе шведскі хімік Я. Берцэліус прапанаваў называць рэчывы, якія атрымліваюць з жывых арганізмаў, арганічнымі, а навуку, якая вывучае іх, — арганічнай хіміяй. Наяўнасць вугляроду ў кожным арганічным рэчыве дазволіла Берцэліусу вызначыць арганічную хімію як хімію злучэнняў вугляроду. Такое азначэнне з’яўляецца агульнапрынятым і сёння. Разам з тым Берцэліус памылкова лічыў, што прынцыповым адрозненнем арганічных рэчываў ад неарганічных з’яўляецца тое, што першыя не могуць быць атрыманы ў лабараторыі, а ствараюцца толькі жывымі арганізмамі пад уплывам асаблівай «жыццёвай сілы». Тэорыя «жыццёвай сілы» атрымала назву «віталізм» (ад лац. vitalis — ‘жыццёвы’). Гэтай тэорыі неўзабаве быў нанесены сакрушальны ўдар, калі ў 1824 годзе з неарганічных рэчываў нямецкім хімікам Ф. Вёлерам была сінтэзавана шчаўевая кіслата, а ў 1828 годзе — мачавіна. У 1845 годзе была атрымана воцатная кіслата (А. Кольбэ, Германія), а ў 1854 годзе французскі хімік М. Бертло сінтэтычным шляхам атрымаў тлушчы. Сёння сінтэзаваны шматлікія арганічныя рэчывы, якія не толькі маюцца ў прыродзе, але і не сустракаюцца ў ёй, напрыклад, лекавыя прэпараты, пластмасы, сінтэтычныя каўчукі, вадкія крышталі і многія іншыя. Такім чынам, вучэнне аб «жыццёвай сіле» пацярпела поўнае паражэнне. Тым не менш, падзел хіміі на арганічную (хімію злучэнняў вугляроду) і неарганічную захаваўся і па сённяшні дзень.