§ 5. Прадмет арганічнай хіміі. Тэорыя будовы арганічных рэчываў
Прадмет арганічнай хіміі. Тэорыя будовы арганічных рэчываў
Вывучаючы неарганічную хімію, вы пазнаёміліся з рэчывамі самага разнастайнага саставу, многія з якіх з’яўляюцца асновай мінералаў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных угнаенняў, каштоўных камянёў і г. д. Пры гэтым вы не сустракалі, каб які-небудзь адзін хімічны элемент абавязкова прысутнічаў ва ўсіх неарганічных рэчывах. Адметнай асаблівасцю арганічных рэчываў з’яўляецца тое, што ў іх састаў, разам з іншымі элементамі, заўсёды ўваходзяць атамы вугляроду. Вывучэнне злучэнняў вугляроду — іх будовы, хімічных уласцівасцей, спосабаў атрымання — і складае прадмет арганічнай хіміі.
Арганічная хімія — хімія злучэнняў вугляроду.
Разам з вугляродам у састаў арганічных рэчываў часцей уваходзяць вадарод (CH4 — метан), кісларод (СH3COOH — воцатная кіслата) і азот (C6H5NH2 — анілін), радзей — галагены (CCl4 — тэтрахлорметан), сера (CH3SH — метылмеркаптан) і іншыя элементы. Адзначым, што некаторыя злучэнні вугляроду адносяцца да неарганічных рэчываў. Вы пазнаёміліся з імі раней. Гэта вуглякіслы газ (СО2), вугальная кіслата (Н2СО3), яе солі — карбанаты і некаторыя іншыя рэчывы.
Лік вядомых арганічных злучэнняў значна перавышае лік неарганічных злучэнняў. Такая разнастайнасць абумоўлена здольнасцю атамаў вугляроду злучацца адзін з адным з утварэннем ланцугоў і цыклаў, якія ўключаюць сотні і нават тысячы атамаў вугляроду.