§ 4. Кавалентная сувязь

Палярнасць кавалентнай сувязі

У малекуле вадароду H2 кавалентная сувязь утвараецца паміж атамамі аднаго элемента, таму агульная электронная пара размяшчаецца сіметрычна (пасярэдзіне) паміж ядрамі атамаў. Такая сувязь называецца кавалентнай непалярнай.

Прыклад 1. Кавалентнай непалярнай сувяззю злучаюцца паміж сабой атамы неметалаў у простых рэчывах H img H, F img F, Cl img Cl, O img O, N img N.

Акрамя таго, кавалентная непалярная сувязь утвараецца паміж атамамі вугляроду ў этане H3C img CH3, этылене H2C img CH2 і ацэтылене HC img CH.

Пры ўтварэнні кавалентнай сувязі паміж атамамі розных хімічных элементаў агульная электронная пара зрушваецца да больш электраадмоўнага атама. Такая сувязь называецца кавалентнай палярнай.

Нагадаем, што электраадмоўнасць — гэта здольнасць атама ў хімічным злучэнні прыцягваць да сябе электроны іншых атамаў. Самы электраадмоўны элемент — фтор (ЭА — 4,1).

Прыклад 2. Кавалентная палярная сувязь у малекуле фторавадароду HF.

Малекула H img F утворана атамамі вадароду і фтору. Электраадмоўнасць фтору вышэйшая, чым вадароду, таму агульная электронная пара будзе зрушана да больш электраадмоўнага атама фтору (мал. 4.5).

Мал. 4.5. Схема ўтварэння кавалентнай сувязі ў малекуле фторавадароду HF

У выніку на атаме фтору ўзнікае частковы адмоўны зарад, на атаме вадароду — частковы дадатны. Частковыя, а не поўныя зарады ўзнікаюць з прычыны таго, што агульная электронная пара зрушваецца да атама фтору, але поўнага пераходу электрона ад аднаго атама да другога не адбываецца. Частковы зарад абазначаецца грэчаскай літарай δ (дэльта):

img

Сувязь паміж атамамі вадароду і фтору з’яўляецца кавалентнай палярнай.

Кавалентная палярная сувязь узнікае паміж атамамі неметалаў з рознай электраадмоўнасцю, напрыклад, у малекулах хлоравадароду, вады, аміяку:

img

Чым мацней адрозніваюцца паміж сабой электраадмоўнасці атамаў, якія ўтвараюць кавалентную сувязь, тым большымі будуць частковыя зарады на атамах і тым больш палярнай будзе сувязь.

Прыклад 3. Кавалентныя палярныя сувязі ў малекулах фторавадароду HF і хлоравадароду HCl.

Табліца 4.2. Электраадмоўнасці і частковыя зарады на атамах у малекулах HF і HCl
Назва рэчыва Электраадмоўнасці элементаў Частковыя зарады на атамах
Фторавадарод img img
Хлоравадарод img img

З табліцы 4.2 відаць, што частковыя зарады на атамах у малекуле HF значна большыя, чым у малекуле HCl. Такім чынам, сувязь у малекуле HF больш палярная, чым у HCl.

Кавалентная сувязь ажыццяўляецца з дапамогай агульных электронных пар. У электронных формулах агульную электронную пару абазначаюць дзвюма кропкамі, размешчанымі паміж атамамі. У структурных формулах кавалентную сувязь абазначаюць рысачкай.

Кавалентная сувязь утвараецца паміж атамамі неметалаў. Паміж атамамі аднаго і таго ж неметала ўзнікае кавалентная непалярная сувязь. Паміж атамамі розных неметалаў — кавалентная палярная.

Кавалентная сувязь бывае адзінарнай, двайной і трайной. Двайная і трайная сувязі называюцца кратнымі.

Чым больш трывалая сувязь, тым большая энергія сувязі. Энергія кратных сувязей вышэйшая, чым энергія адзінарных сувязей. Кратныя сувязі карацейшыя, чым адзінарныя сувязі.