§ 26-4. Літаратура і мастацтва XVII—XVIII стст.

4. Літаратура і мастацтва XVIII ст.

Еўрапейская культура XVIII ст. развівалася пад уплывам французскіх філасофскіх і палітычных твораў Вальтэра, Жана Жака Русо, Дэні Дзідро, Шарля дэ Мантэск'ё.

Мастацтва і літаратура XVIII ст. былі прасякнутыя ўплывам дзвюх супрацьлегласцяў — розуму і пачуццяў, што адбілася на развіцці стыляў класіцызму і барока. Разумны, рацыянальны пачатак у літаратуры быў звязаны са стварэннем сатыры і прозы. Узнёслая паэзія і псіхалагічны раман увасаблялі палкасць і пачуццёвасць.

Творчасць Джонатана Свіфта ў Англіі была багатая сатырай, досціпам і імкненнем да аргументаваных довадаў. Дзякуючы творам Даніэля Дэфо раман заняў цэнтральнае месца ў англійскай літаратуры.

У Германіі важную ролю ў развіцці літаратурнай традыцыі адыграў паэт, літаратурны крытык і драматург Эфраім Лесінг. Ён стаў заснавальнікам нямецкай класічнай літаратуры. Яго твор «Мінна фон Барнхельм, або Салдацкае шчасце» стаў адпраўным пунктам у развіцці нямецкай класічнай камедыі. У камедыі знайшла выражэнне канцэпцыя Лесінга пра чалавечнасць. Твор раскрывае ўзаемаадносіны прускага афіцэра Цельхейма і дваранкі Мінны, якія апынуліся ў варагуючых лагерах падчас Сямігадовай вайны.

Дзіўны перыяд у нямецкай літаратуры наступіў у 1760-х — першай палове 1780-х гг. Гэта быў час узнікнення і развіцця руху, вядомага як «Бура і націск». Культывуючы пачуцці і эмацыянальнасць, гэты рух быў накіраваны супраць рацыяналізму Асветніцтва і класіцызму. Аўтараў, якія адносілі сябе да «Буры і націску», празвалі «бунтарамі». Яны адстойвалі перавагу шчырай жывой веры над рацыяналізмам і дагматызмам. Філасофія «бунтароў» натхняла такіх сусветных знакамітасцяў, як Іаган Вольфганг Гётэ і Фрыдрых Шылер.


У Францыі акрамя палітычных трактатаў і філасофскіх твораў усё большай папулярнасцю стаў карыстацца раман, асабліва павучальны. Асаблівую цікавасць уяўляюць творы французскага сатырыка і раманіста Алена Рэнэ Лесажа. У рамане «Кульгавы бес» аўтар пад выглядам іспанскіх рэалій выкрываў побыт і норавы Францыі. Распавядаецца, як студэнт Леандра ляціць у кампаніі д'ябла Асмадэя над горадам. Д'ябал па чарзе здымае з дамоў дахі і паказвае Леандру карціны незвычайнай раскошы і крайняй галечы, разнастайную палітру настрояў ад гора да радасці — усе магчымыя праявы жыцця французскага грамадства той эпохі.

У еўрапейскім жывапісе і архітэктуры акрамя класіцызму з'явіўся яшчэ адзін стыль — ракако (ад фр. rocaille — дэкаратыўная ракушка). Ён узнік у Францыі ў пачатку XVIII ст. За пэўнае падабенства да барока некаторыя мастацтвазнаўцы разглядаюць яго як позняе барока.

Стыль ракако супрацьпаставіў свецкасць, лёгкасць, вытанчанасць узнёслай рэлігійнасці барока. Ракако ўласцівыя дэкаратыўнасць, арнаментальнасць, кідкасць, асіметрыя, вытанчанасць, багацце завіткоў, перавага прыродных тэкстур і міфалагічных сюжэтаў. У архітэктуры стыль характарызаваўся адмовай ад знешняй пышнасці і параднасці, але пры гэтым увасобіў дух унутранай раскошы і святочнасці. Ён аддаваў перавагу ўтульнасці невялікіх памяшканняў з багатым дэкорам. Лёгкія насценныя панэлі, ляпніна, залатыя гірлянды на фоне белых сцен дазваляюць з лёгкасцю распазнаць ракако.

Партрэты, пейзажы і нацюрморты — улюбёныя жанры мастакоў, што працавалі ў стылі ракако.

У цэлым еўрапейскі жывапіс XVIII ст. адрозніваўся шматпланавасцю. У Францыі стыль ракако змяніўся работамі грамадзянскай, патрыятычнай накіраванасці. У Англіі мастакі ўсё больш імкнуліся да рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці.

У Іспаніі ж у творчасці Франсіска Гойі паступова пачалі праступаць контуры рамантызму. Маляўнічыя, напоўненыя сонечным святлом і цяплом карціны вялікага майстра паступова змяніліся цёмнымі змрочнымі малюнкамі.

Пачынаючы з сярэдзіны XVIII ст. прастата і элегантнасць сталі характэрнай рысай музычных твораў. Шырокае распаўсюджванне атрымаў такі жанр, як сімфонія. У канцы XVIII ст. ён дасягнуў апагею ў творчасці Франца Ёзэфа Гайдна і Вольфганга Амадэя Моцарта. Гайдн вядомы як адзін з заснавальнікаў венскай класічнай школы. Ён давёў да дасканаласці сімфонію, квартэт, санату.

Моцарт быў дзіцём-геніем. Ён пачаў пісаць музыку ў 5 гадоў. У шасцігадовым узросце іграў для імператрыцы Аўстрыі Марыі Тэрэзіі. Ён памёр у 35 гадоў, але паспеў скласці больш за 600 музычных твораў, у тым ліку сімфоніі, оперы і царкоўную музыку. У яго творчасці найбольш поўна адбіліся перадавыя ідэі эпохі Асветніцтва.

Мастацтва і літаратура XVII—XVIII стст. сталі адлюстраваннем складанай і супярэчлівай эпохі геніяльных вынаходніцтваў і адкрыццяў, палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў, маштабных і кровапралітных войнаў. Імкненне царквы захаваць свае пазіцыі ў грамадстве і свядомасці людзей увасобілася ў стылі барока. Цягу да парадку і абсалютысцкія памкненні манархаў адлюстраваў класіцызм. Жаданне ўтульнасці і бяздзейнасці ўгадваецца ў пышных формах ракако.