Print bookPrint book

§ 26-4. Літаратура і мастацтва XVII—XVIII стст.

Як ідэі Адраджэння і Асветніцтва паўплывалі на развіццё літаратуры і мастацтва?

Якія асноўныя стылі зарадзіліся і атрымалі развіццё ў XVII—XVIII стст.? У якіх краінах і чаму менавіта там? У чым заключаюцца адрозненні паміж архітэктурай класіцызму і барока? (Гісторыя Новага часу: XVI—XVIII стст., 7 клас; гісторыя Новага часу: XIХ — пачатак XХ ст., 8 клас)

Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Book: § 26-4. Літаратура і мастацтва XVII—XVIII стст.
Printed by: Гость
Date: Sunday, 19 May 2024, 2:22 AM

1. Барока і класіцызм

Наступленне эпохі Асветніцтва азнаменавалі два шмат у чым процілеглых мастацкіх стылі — барока і класіцызм.

Вытокі барока ляжаць у Італіі канца XVI — пачатку XVII ст. Узнікшы ў Рыме, стыль барока хутка распаўсюдзіўся па Еўропе і атрымаў асаблівую папулярнасць у Францыі, Іспаніі, а крыху пазней — у Аўстрыі.

У барока знайшлі адлюстраванне ўяўленні аб складаным унутраным свеце чалавека. Гэты стыль паказаў крызіс у свядомасці людзей XVII ст.: сутыкненне навуковага і рэлігійнага светаразумення. Часцяком прадстаўнікі культуры барока пачыналі свой творчы шлях вальнадумцамі, але затым прыходзілі да рэлігійнасці. Барока ўвасабляла дух каталіцкай Контррэфармацыі. Не выпадкова гэты стыль знаходзіўся пад патранажам каталіцкай царквы. Напрыклад, у архітэктуры барока быў адлюстраваны каталіцкі пратэст супраць прастаты і строгасці пратэстанцкіх храмаў. Дзякуючы царкве барока стала папулярным у каталіцкай Еўропе і пранікла ў Лацінскую Амерыку.

Класіцызм жа ў першую чаргу ўвасобіў трыумф еўрапейскіх абсалютных манархій. Узнікшы ў Францыі ў другой палове XVII ст., ён хутка набыў папулярнасць. Вытокі класіцызму можна знайсці ў эпосе Адраджэння, калі еўрапейцы звярнуліся да грэчаскай і рымскай спадчыны. Яснасць, прастата, гармонія і выразнасць ліній, гэтак характэрныя для гэтага стылю, былі сугучныя ідэалам рацыяналізму эпохі Асветніцтва. Класіцызм паўстаў як супрацьлегласць барока з яго вычварнасцю, кантраснасцю і асіметрыяй.

У жывапісе класіцызм знайшоў выражэнне ў прэваліраванні агульнага над дэталямі, формы над колерам, прамых ліній над крывымі, франтальных кампазіцый над дыяганальнымі, статыкі над дынамікай.

2. Літаратура, жывапіс і архітэктура

Крушэнне ідэальнага свету эпохі Адраджэння — адзін з цэнтральных матываў літаратуры барока. Творчасць англійскага паэта Джона Дона — самы яскравы прыклад адыходу ад рэнесанснай гармоніі. Паэт тонка адчуў супярэчнасці надыходзячай эпохі, страту чалавекам сувязі з сусветам.

Характэрная рыса барока — зварот да старазапаветных сюжэтаў. Іспанскі паэт і драматург Пэдра Кальдэрон у драме «Пакланенне крыжу» намаляваў вобраз суровага Бога. Паэт апраўдваў злачынствы, якія былі здзейснены дзеля святой рэліквіі — жыватворчага крыжа.

Метафарычнасць мовы, сімвалізм, перабольшанні і парадоксы адрозніваюць літаратурныя творы барока. Яскравым прыкладам таму служыць творчасць нямецкага пісьменніка Ганса фон Грымельсгаўзэна. У рамане «Мудрагелісты Сімпліцысімус» ён паказаў трагізм Трыццацігадовай вайны. Галоўны герой твора — «арыстакрат», які з маленства пасе свіней і коз, у рамане фігуруюць вобразы палаца з саламяным дахам, зброевай з рыдлёвак і матык у хаціне. Падобнымі абсурднымі, супярэчлівымі вобразамі багаты стыль барока. Спакойнае вясковае жыццё Сімпліцысімуса змяняецца нягодамі блуканняў. З наіўнага хлопца ён ператвараецца ў прыстасаванца і нават рабаўніка.

Літаратурныя і жывапісныя творы барока родніць драматызм, які дасягаўся з дапамогай разнастайных прыёмаў. Гульня святла і цені ў работах італьянца Караваджа і галандца Рэмбрандта, адлюстраванне руху на палотнах італьянскай мастачкі Артэмізіі Джэнтылескі, багатая палітра фарбаў і іх ззянне ў творах нідэрландскага жывапісца Рубенса, дынамізм скульптурных кампазіцый італьянца Берніні — вось няпоўны спіс таго, чым карысталіся мастакі барока.

Адчуванне безабароннасці і блізкай гібелі, гратэск, змешванне высокага і нізкага, трагедыі і камедыі, грэбаванне рацыянальнасцю, яркасць, каляровасць, вычварная вобразнасць мастацкай мовы, а таксама ўскладненасць кампазіцыі літаратурных твораў сталі неад'емнымі элементамі барока.

Асабліва шырокае распаўсюджанне барока атрымала ў архітэктуры. Яшчэ ў 1575 г. архітэктарам Джакомо Бароці да Віньёла ў гэтым стылі была ўзведзена царква Іль-Джэзу ў Рыме. У архітэктуры палацаў Мадрыда, Вены, Прагі і Бруселя пераважала барока.

Стыль барока ўвекавечыў у архітэктуры Франсуа Мансар. Круты дах з заломам, прапанаваны ім, стаў прадвеснікам з'яўлення мансард. Імкнучыся да дасканаласці, Мансар нярэдка разбураў ужо ўзведзеныя ім будынкі і пачынаў усё нанова. Яго праекты былі настолькі марнатраўныя, што практычна ні аднаго будынка ён самастойна не скончыў. Ці ледзь не адзіным завершаным будынкам гэтага майстра стаў замак Мэзон-Лафіт у прыгарадзе Парыжа.

Найярчэйшымі ўзорамі венскага барока сталі тварэнні Фішара фон Эрлаха і яго сына: летняя рэзідэнцыя аўстрыйскіх Габсбургаў Шанбрун і венскі касцёл Карлскірхэ.

Барока праявіла сябе і ў музыцы. Пад большым ці меншым яго ўплывам былі напісаны творы такіх знакамітых кампазітараў, як Іаган Себасцьян Бах, Антоніа Вівальдзі, Георг Фрэдэрык Гендэль. У эпоху барока з'явіўся новы музычны жанр — опера.

3. Французскі класіцызм

Да сярэдзіны XVII ст. у Францыі адначасова з барока атрымаў распаўсюджанне новы стыль — класіцызм, нормы якога канчаткова сфарміраваліся ў XVIII ст. У многіх творах класіцызму XVII ст. адчуваўся ўплыў барока.

Ля вытокаў паэзіі класіцызму стаяў Франсуа Малерб. Ён займаўся перакладам антычных аўтараў, служыў пры французскім двары. Дзякуючы Малербу вядучым класіцыстычным жанрам паэзіі стала ода. У сваіх вершах ён звяртаўся да антычных вобразаў. Паэт цаніў яснасць думкі і дакладнасць яе перадачы. Ён таксама праславіўся тым, што ўвёў новыя каноны французскай паэтычнай мовы.

У гэты ж час кадыфікацыяй моўных нормаў стала займацца створанае ў 1625 г. прыватнае таварыства — Французская акадэмія. Дзякуючы намаганням кардынала Рышэлье акадэмія была ўзятая пад патранаж кароны. Яна стала вызначаць, якіх моўных стандартаў прытрымлівацца, а ад чаго варта адмовіцца.

Асаблівае месца ў станаўленні класіцызму заняла драматургія. Выдатнымі драматургамі французскага класіцызму XVII ст. былі Жан Батыст Расін і Мальер. Дзякуючы ім тэатр стаў прэстыжным месцам, дзе бавілі вольны час і дзе адбываліся свецкія сустрэчы.

Расін і Мальер сталі тыповымі прадстаўнікамі класіцызму. Калі першы з'яўляўся майстрам класічнай трагедыі («Андрамаха», «Брытанік»), то апошні стаў заснавальнікам і непераўзыдзеным віртуозам класічнай камедыі («Тарцюф, або Ашуканец», «Дон Жуан, або Каменны пір»).

У жывапісе станаўленне французскага класіцызму было звязана з творчасцю Нікала Пусэна. У сваіх палотнах ён звяртаўся да гістарычных, міфалагічных і біблейскіх сюжэтаў. Ідэалізм, гармонія і парадак адрозніваюць работы гэтага выбітнага мастака.

Апроч гістарычнага жанру, у класіцызме карысталіся папулярнасцю пейзажы. Майстрам «ідэальнага пейзажу» стаў французскі мастак Клод Ларэн. На сваіх палотнах ён, звяртаючыся да сюжэтаў антычнай гісторыі, біблейскай тэматыкі, сярэднявечнага эпасу, імкнуўся перадаць ідэю ўнутранай гармоніі прыроды і чалавечага грамадства.

Для архітэктуры класіцызму былі характэрныя складнасць планіроўкі, адсутнасць дэкаратыўных празмернасцяў, гарманічнасць прапорцый, лагічнасць. Не выпадкова тыповымі прыкладамі класіцызму сталі геаметрычна арыентаваныя палацава-паркавыя ансамблі.

Самым знакамітым помнікам архітэктуры класіцызму з'яўляецца ўсходні фасад Луўра, збудаваны ў 1660-х гг. архітэктарам Клодам Перо.

4. Літаратура і мастацтва XVIII ст.

Еўрапейская культура XVIII ст. развівалася пад уплывам французскіх філасофскіх і палітычных твораў Вальтэра, Жана Жака Русо, Дэні Дзідро, Шарля дэ Мантэск'ё.

Мастацтва і літаратура XVIII ст. былі прасякнутыя ўплывам дзвюх супрацьлегласцяў — розуму і пачуццяў, што адбілася на развіцці стыляў класіцызму і барока. Разумны, рацыянальны пачатак у літаратуры быў звязаны са стварэннем сатыры і прозы. Узнёслая паэзія і псіхалагічны раман увасаблялі палкасць і пачуццёвасць.

Творчасць Джонатана Свіфта ў Англіі была багатая сатырай, досціпам і імкненнем да аргументаваных довадаў. Дзякуючы творам Даніэля Дэфо раман заняў цэнтральнае месца ў англійскай літаратуры.

У Германіі важную ролю ў развіцці літаратурнай традыцыі адыграў паэт, літаратурны крытык і драматург Эфраім Лесінг. Ён стаў заснавальнікам нямецкай класічнай літаратуры. Яго твор «Мінна фон Барнхельм, або Салдацкае шчасце» стаў адпраўным пунктам у развіцці нямецкай класічнай камедыі. У камедыі знайшла выражэнне канцэпцыя Лесінга пра чалавечнасць. Твор раскрывае ўзаемаадносіны прускага афіцэра Цельхейма і дваранкі Мінны, якія апынуліся ў варагуючых лагерах падчас Сямігадовай вайны.

Дзіўны перыяд у нямецкай літаратуры наступіў у 1760-х — першай палове 1780-х гг. Гэта быў час узнікнення і развіцця руху, вядомага як «Бура і націск». Культывуючы пачуцці і эмацыянальнасць, гэты рух быў накіраваны супраць рацыяналізму Асветніцтва і класіцызму. Аўтараў, якія адносілі сябе да «Буры і націску», празвалі «бунтарамі». Яны адстойвалі перавагу шчырай жывой веры над рацыяналізмам і дагматызмам. Філасофія «бунтароў» натхняла такіх сусветных знакамітасцяў, як Іаган Вольфганг Гётэ і Фрыдрых Шылер.


У Францыі акрамя палітычных трактатаў і філасофскіх твораў усё большай папулярнасцю стаў карыстацца раман, асабліва павучальны. Асаблівую цікавасць уяўляюць творы французскага сатырыка і раманіста Алена Рэнэ Лесажа. У рамане «Кульгавы бес» аўтар пад выглядам іспанскіх рэалій выкрываў побыт і норавы Францыі. Распавядаецца, як студэнт Леандра ляціць у кампаніі д'ябла Асмадэя над горадам. Д'ябал па чарзе здымае з дамоў дахі і паказвае Леандру карціны незвычайнай раскошы і крайняй галечы, разнастайную палітру настрояў ад гора да радасці — усе магчымыя праявы жыцця французскага грамадства той эпохі.

У еўрапейскім жывапісе і архітэктуры акрамя класіцызму з'явіўся яшчэ адзін стыль — ракако (ад фр. rocaille — дэкаратыўная ракушка). Ён узнік у Францыі ў пачатку XVIII ст. За пэўнае падабенства да барока некаторыя мастацтвазнаўцы разглядаюць яго як позняе барока.

Стыль ракако супрацьпаставіў свецкасць, лёгкасць, вытанчанасць узнёслай рэлігійнасці барока. Ракако ўласцівыя дэкаратыўнасць, арнаментальнасць, кідкасць, асіметрыя, вытанчанасць, багацце завіткоў, перавага прыродных тэкстур і міфалагічных сюжэтаў. У архітэктуры стыль характарызаваўся адмовай ад знешняй пышнасці і параднасці, але пры гэтым увасобіў дух унутранай раскошы і святочнасці. Ён аддаваў перавагу ўтульнасці невялікіх памяшканняў з багатым дэкорам. Лёгкія насценныя панэлі, ляпніна, залатыя гірлянды на фоне белых сцен дазваляюць з лёгкасцю распазнаць ракако.

Партрэты, пейзажы і нацюрморты — улюбёныя жанры мастакоў, што працавалі ў стылі ракако.

У цэлым еўрапейскі жывапіс XVIII ст. адрозніваўся шматпланавасцю. У Францыі стыль ракако змяніўся работамі грамадзянскай, патрыятычнай накіраванасці. У Англіі мастакі ўсё больш імкнуліся да рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці.

У Іспаніі ж у творчасці Франсіска Гойі паступова пачалі праступаць контуры рамантызму. Маляўнічыя, напоўненыя сонечным святлом і цяплом карціны вялікага майстра паступова змяніліся цёмнымі змрочнымі малюнкамі.

Пачынаючы з сярэдзіны XVIII ст. прастата і элегантнасць сталі характэрнай рысай музычных твораў. Шырокае распаўсюджванне атрымаў такі жанр, як сімфонія. У канцы XVIII ст. ён дасягнуў апагею ў творчасці Франца Ёзэфа Гайдна і Вольфганга Амадэя Моцарта. Гайдн вядомы як адзін з заснавальнікаў венскай класічнай школы. Ён давёў да дасканаласці сімфонію, квартэт, санату.

Моцарт быў дзіцём-геніем. Ён пачаў пісаць музыку ў 5 гадоў. У шасцігадовым узросце іграў для імператрыцы Аўстрыі Марыі Тэрэзіі. Ён памёр у 35 гадоў, але паспеў скласці больш за 600 музычных твораў, у тым ліку сімфоніі, оперы і царкоўную музыку. У яго творчасці найбольш поўна адбіліся перадавыя ідэі эпохі Асветніцтва.

Мастацтва і літаратура XVII—XVIII стст. сталі адлюстраваннем складанай і супярэчлівай эпохі геніяльных вынаходніцтваў і адкрыццяў, палітычных і сацыяльных пераўтварэнняў, маштабных і кровапралітных войнаў. Імкненне царквы захаваць свае пазіцыі ў грамадстве і свядомасці людзей увасобілася ў стылі барока. Цягу да парадку і абсалютысцкія памкненні манархаў адлюстраваў класіцызм. Жаданне ўтульнасці і бяздзейнасці ўгадваецца ў пышных формах ракако.

Пытанні

1. Як вы лічыце, барока і ракако — гэта розныя стылі ці не? Свой пункт гледжання аргументуйце. Параўнайце барока і ракако, вынік працы прадстаўце ў выглядзе табліцы.

2. Ахарактарызуйце асноўныя ідэі, якія ўплывалі на развіццё літаратуры ў XVII—XVIII стст.

3. Растлумачце выказванне Жана Жака Русо пра барока: «Тая музыка з'яўляецца барочнай, у якой гармонія парушаная і напоўнена пераходамі і дысанансамі. Спевы рэзкія і ненатуральныя, інтанацыя складаная, рух абмежаваны».

4. Ахарактарызуйце мастацтва і літаратуру XVIII ст. у форме сінквейна.

5. Падрыхтуйце прэзентацыю (буклет, лэпбук) аб адным з мастацкіх стыляў XVII ст. Упрыгожце яе ілюстрацыямі з вобласці архітэктуры (жывапісу).

6. Падрыхтуйце віртуальную экспазіцыю, прысвечаную мастацтву XVII—XVIII стст. Мэта — паказаць усе найважнейшыя асаблівасці мастацтва гэтага перыяду. Віртуальная экспазіцыя можа быць створана ў любым прыкладанні і павінна ўключаць: назву экспазіцыі, выявы твораў мастацтва (рэпрадукцыі карцін, фатаграфіі архітэктурных аб'ектаў, скульптур, вокладак кніг) з прозвішчамі і імёнамі іх стваральнікаў, кароткае апісанне твораў. Кожны аб'ект павінен мець карэктны подпіс. Можна прадугледзець выкарыстанне не толькі ілюстрацый, але таксама аўдыё- і відэа-матэр'ялаў.