§ 26-4. Літаратура і мастацтва XVII—XVIII стст.

3. Французскі класіцызм

Да сярэдзіны XVII ст. у Францыі адначасова з барока атрымаў распаўсюджанне новы стыль — класіцызм, нормы якога канчаткова сфарміраваліся ў XVIII ст. У многіх творах класіцызму XVII ст. адчуваўся ўплыў барока.

Ля вытокаў паэзіі класіцызму стаяў Франсуа Малерб. Ён займаўся перакладам антычных аўтараў, служыў пры французскім двары. Дзякуючы Малербу вядучым класіцыстычным жанрам паэзіі стала ода. У сваіх вершах ён звяртаўся да антычных вобразаў. Паэт цаніў яснасць думкі і дакладнасць яе перадачы. Ён таксама праславіўся тым, што ўвёў новыя каноны французскай паэтычнай мовы.

У гэты ж час кадыфікацыяй моўных нормаў стала займацца створанае ў 1625 г. прыватнае таварыства — Французская акадэмія. Дзякуючы намаганням кардынала Рышэлье акадэмія была ўзятая пад патранаж кароны. Яна стала вызначаць, якіх моўных стандартаў прытрымлівацца, а ад чаго варта адмовіцца.

Асаблівае месца ў станаўленні класіцызму заняла драматургія. Выдатнымі драматургамі французскага класіцызму XVII ст. былі Жан Батыст Расін і Мальер. Дзякуючы ім тэатр стаў прэстыжным месцам, дзе бавілі вольны час і дзе адбываліся свецкія сустрэчы.

Расін і Мальер сталі тыповымі прадстаўнікамі класіцызму. Калі першы з'яўляўся майстрам класічнай трагедыі («Андрамаха», «Брытанік»), то апошні стаў заснавальнікам і непераўзыдзеным віртуозам класічнай камедыі («Тарцюф, або Ашуканец», «Дон Жуан, або Каменны пір»).

У жывапісе станаўленне французскага класіцызму было звязана з творчасцю Нікала Пусэна. У сваіх палотнах ён звяртаўся да гістарычных, міфалагічных і біблейскіх сюжэтаў. Ідэалізм, гармонія і парадак адрозніваюць работы гэтага выбітнага мастака.

Апроч гістарычнага жанру, у класіцызме карысталіся папулярнасцю пейзажы. Майстрам «ідэальнага пейзажу» стаў французскі мастак Клод Ларэн. На сваіх палотнах ён, звяртаючыся да сюжэтаў антычнай гісторыі, біблейскай тэматыкі, сярэднявечнага эпасу, імкнуўся перадаць ідэю ўнутранай гармоніі прыроды і чалавечага грамадства.

Для архітэктуры класіцызму былі характэрныя складнасць планіроўкі, адсутнасць дэкаратыўных празмернасцяў, гарманічнасць прапорцый, лагічнасць. Не выпадкова тыповымі прыкладамі класіцызму сталі геаметрычна арыентаваныя палацава-паркавыя ансамблі.

Самым знакамітым помнікам архітэктуры класіцызму з'яўляецца ўсходні фасад Луўра, збудаваны ў 1660-х гг. архітэктарам Клодам Перо.