§ 26-4. Літаратура і мастацтва XVII—XVIII стст.

2. Літаратура, жывапіс і архітэктура

Крушэнне ідэальнага свету эпохі Адраджэння — адзін з цэнтральных матываў літаратуры барока. Творчасць англійскага паэта Джона Дона — самы яскравы прыклад адыходу ад рэнесанснай гармоніі. Паэт тонка адчуў супярэчнасці надыходзячай эпохі, страту чалавекам сувязі з сусветам.

Характэрная рыса барока — зварот да старазапаветных сюжэтаў. Іспанскі паэт і драматург Пэдра Кальдэрон у драме «Пакланенне крыжу» намаляваў вобраз суровага Бога. Паэт апраўдваў злачынствы, якія былі здзейснены дзеля святой рэліквіі — жыватворчага крыжа.

Метафарычнасць мовы, сімвалізм, перабольшанні і парадоксы адрозніваюць літаратурныя творы барока. Яскравым прыкладам таму служыць творчасць нямецкага пісьменніка Ганса фон Грымельсгаўзэна. У рамане «Мудрагелісты Сімпліцысімус» ён паказаў трагізм Трыццацігадовай вайны. Галоўны герой твора — «арыстакрат», які з маленства пасе свіней і коз, у рамане фігуруюць вобразы палаца з саламяным дахам, зброевай з рыдлёвак і матык у хаціне. Падобнымі абсурднымі, супярэчлівымі вобразамі багаты стыль барока. Спакойнае вясковае жыццё Сімпліцысімуса змяняецца нягодамі блуканняў. З наіўнага хлопца ён ператвараецца ў прыстасаванца і нават рабаўніка.

Літаратурныя і жывапісныя творы барока родніць драматызм, які дасягаўся з дапамогай разнастайных прыёмаў. Гульня святла і цені ў работах італьянца Караваджа і галандца Рэмбрандта, адлюстраванне руху на палотнах італьянскай мастачкі Артэмізіі Джэнтылескі, багатая палітра фарбаў і іх ззянне ў творах нідэрландскага жывапісца Рубенса, дынамізм скульптурных кампазіцый італьянца Берніні — вось няпоўны спіс таго, чым карысталіся мастакі барока.

Адчуванне безабароннасці і блізкай гібелі, гратэск, змешванне высокага і нізкага, трагедыі і камедыі, грэбаванне рацыянальнасцю, яркасць, каляровасць, вычварная вобразнасць мастацкай мовы, а таксама ўскладненасць кампазіцыі літаратурных твораў сталі неад'емнымі элементамі барока.

Асабліва шырокае распаўсюджанне барока атрымала ў архітэктуры. Яшчэ ў 1575 г. архітэктарам Джакомо Бароці да Віньёла ў гэтым стылі была ўзведзена царква Іль-Джэзу ў Рыме. У архітэктуры палацаў Мадрыда, Вены, Прагі і Бруселя пераважала барока.

Стыль барока ўвекавечыў у архітэктуры Франсуа Мансар. Круты дах з заломам, прапанаваны ім, стаў прадвеснікам з'яўлення мансард. Імкнучыся да дасканаласці, Мансар нярэдка разбураў ужо ўзведзеныя ім будынкі і пачынаў усё нанова. Яго праекты былі настолькі марнатраўныя, што практычна ні аднаго будынка ён самастойна не скончыў. Ці ледзь не адзіным завершаным будынкам гэтага майстра стаў замак Мэзон-Лафіт у прыгарадзе Парыжа.

Найярчэйшымі ўзорамі венскага барока сталі тварэнні Фішара фон Эрлаха і яго сына: летняя рэзідэнцыя аўстрыйскіх Габсбургаў Шанбрун і венскі касцёл Карлскірхэ.

Барока праявіла сябе і ў музыцы. Пад большым ці меншым яго ўплывам былі напісаны творы такіх знакамітых кампазітараў, як Іаган Себасцьян Бах, Антоніа Вівальдзі, Георг Фрэдэрык Гендэль. У эпоху барока з'явіўся новы музычны жанр — опера.