§ 26-3. Вялікая французская рэвалюцыя

2. Устанаўленне Рэспублікі

У кастрычніку 1791 г. Заканадаўчы сход, абраны паводле канстытуцыі, сабраўся на першае пасяджэнне. Найбольш рэвалюцыйная група — якабінцы — патрабавала ўстанаўлення дэмакратыі, пры якой усе грамадзяне мелі б права голасу. Па меры развіцця Вялікай французскай рэвалюцыі якабінцы і іх лідар Максімільян Рабесп'ер узялі верх у палітычнай барацьбе.

Уварванне аўстра-прускіх войскаў прымусіла Заканадаўчы сход 11 ліпеня 1792 г. прыняць дэкрэт «Айчына ў небяспецы». Тысячы валанцёраў з усіх канцоў Францыі рушылі да Парыжу. У гэтыя ліпеньскія дні парыжане пачулі баявую песню марсельскага батальёна, якая атрымала назву «Марсельеза» і стала гімнам усіх патрыятычных сіл Францыі. У пачатку жніўня 48 секцый (адміністрацыйных раёнаў) Парыжа запатрабавалі звяржэння караля і склікання Нацыянальнага Канвента. Неўзабаве яны абвясцілі сябе рэвалюцыйнай камунай Парыжа, а 10 жніўня ўзначалілі народнае паўстанне. Батальёны Нацыянальнай гвардыі з рабочых прадмесцяў узялі штурмам палац Цюільры — рэзідэнцыю караля. Кароль і каралева апынуліся ў турме.

Заканадаўчы сход прыняў дэкрэты аб адрачэнні караля ад улады і скліканні на падставе выбараў Нацыянальнага Канвента.

Першым актам Канвента стаў дэкрэт аб знішчэнні каралеўскай улады. 22 верасня 1792 г. Францыя была абвешчана рэспублікай. Радыкальна настроеныя якабінцы патрабавалі судзіць караля. Умераныя рэвалюцыянеры прапаноўвалі пакінуць яго ў турме да канца вайны.

У лістападзе Канвент абвясціў, што выяўленыя пісьмы, якія сведчаць пра здраду караля. Гэта вырашыла лёс былога манарха. Большасцю галасоў Канвент выказаўся за смяротнае пакаранне. 21 студзеня 1793 г. кароль узышоў на эшафот. «Людзі, я паміраю невінаватым!» — такімі былі апошнія словы Людовіка XVI, звернутыя да натоўпу.