§ 26-3. Вялікая французская рэвалюцыя

1. Падзенне феадальнай манархіі

З сярэдзіны XVIII ст. Францыя сутыкнулася з нарастаючым крызісам. Эканоміка перажывала сур'ёзныя цяжкасці. Спробы вырашыць праблемы стрымліваліся традыцыйнай палітычнай і сацыяльнай сістэмай, якую гісторыкі называюць Старым парадкам.

Цяжкі эканамічны крызіс і супраціўленне прывілеяваных саслоўяў любым рэформам пераканалі Людовіка XVI прыняць смелае рашэнне. Восенню 1788 г. ён абвясціў аб скліканні Генеральных штатаў. Кароль не падазраваў, да якіх сацыяльных узрушэнняў прывядзе гэты крок.

Калі адкрылася пасяджэанне Генеральных штатаў, дэпутаты трэцяга саслоўя запатрабавалі, каб прадстаўнікі ўсіх саслоўяў засядалі разам, а не паасобку, і галасаванне адбывалася пайменна, а не пасаслоўна.

Кароль адхіліў гэтую прапанову, настойваючы на раздзельных пасяджэннях. Тады дэпутаты трэцяга саслоўя 17 чэрвеня 1789 г. абвясцілі сябе Нацыянальным сходам і заявілі пра сваё права на стварэнне канстытуцыі. Людовік XVI і на гэты раз не саступіў, забараніўшы ім збірацца ў Версальскім палацы.

Радыкальна настроеныя прыхільнікі рэформ патрабавалі роўнасці ўсіх сацыяльных класаў перад законам, скасавання тытулаў і ўсіх феадальных павіннасцяў. Яны імкнуліся пазбавіць караля ўлады.

9 ліпеня Нацыянальны сход абвясціў сябе Устаноўчым. Такім чынам дэпутаты падкрэслівалі сваё права на ўстанаўленне новага палітычнага ладу на аснове канстытуцыі. Тады кароль загадаў сцягнуць да Парыжа войскі. Абураныя парыжане выйшлі на вуліцы горада.

14 ліпеня 1789 г. вялізны натоўп паўстанцаў захапіў арсенал, разабраўшы дзясяткі тысяч стрэльбаў, а затым рушыў да Бастыліі — магутнай крэпасці-турмы, якую ахоўваў невялікі ваенны гарнізон. Бастылія лічылася сімвалам несправядлівасці і дэспатызму Старога парадку. Штурм быў непрацяглым, гарнізон амаль не супраціўляўся, і крэпасць здалася.

Неўзабаве беспарадкі перакінуліся ў вёску. Сяляне нападалі на дваранскія сядзібы, захоплівалі збожжасховішчы і знішчалі падатковыя запісы, кляліся больш ніколі не выконваць феадальныя павіннасці.

Рэвалюцыйныя падзеі ў Парыжы і «сялянская рэвалюцыя» ў вёсцы прымусілі Устаноўчы сход дзейнічаць неадкладна. Адно з самых працяглых паседжанняў, у ноч на 4 жніўня, адрознівалася асаблівым напалам. «Ноч цудаў» — так яе сталі называць у гісторыі — у рэшце рэшт завяршылася прыняццем рашэння аб скасаванні большасці феадальных прывілеяў і павіннасцяў. Былі ліквідаваныя рэшткі прыгону, а дваран абавязалі плаціць падаткі. З гэтага часу ўсім грамадзянам мужчынскага полу дазвалялася займаць урадавыя і царкоўныя пасады.

26 жніўня Устаноўчы сход прыняў «Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна». Гэты найважнейшы дакумент Вялікай французскай рэвалюцыі абвяшчаў дэмакратычныя прынцыпы, якія пасля былі пакладзены ў аснову канстытуцыі Францыі: свабода кожнай асобы, свабода слова, веравызнання, палітычных перакананняў, права на ўласнасць, на бяспеку і на супраціўленне прыгнёту.

Пакуль юрысты спрачаліся аб канстытуцыі ў палацы, за акном бушаваў парыжскі натоўп. У кастрычніку велізарная калона пратэстуючых, якая складалася з рабочых, крамнікаў і рамеснікаў, рушыла на Версаль. Яны патрабавалі, каб кароль з сям'ёй вярнуўся ў Парыж і знаходзіўся пад іх кантролем. Услед за дэманстрантамі ў Версаль прыбыла Нацыянальная гвардыя Парыжа пад камандаваннем маркіза Лафаета. Народ уварваўся ў палац, і 6 кастрычніка Людовік XVI вымушаны быў пагадзіцца на пераезд каралеўскага двара і Устаноўчага сходу ў Парыж. Пасля гэтых падзей усё часцей адбывалася ўцёкі дваран за мяжу.

У самім Устаноўчым сходзе працягвалася барацьба паміж дзвюма асноўнымі палітычнымі групоўкамі. Найбольш уплывовымі былі памяркоўныя прыхільнікі канстытуцыйнай манархіі, на чале якіх стаялі граф Мірабо, абат Сіес, маркіз Лафает. Самая рэвалюцыйная група складалася з радыкалаў. Сярод іх вылучаўся паслядоўнік ідэй Русо малады адвакат Максімільян Рабесп'ер.

Барацьбу адлюстравалі розныя палітычныя клубы, якія сталі фарміравацца ў гэты перыяд. У ходзе рэвалюцыі ўзнік «Саюз сяброў канстытуцыі», які атрымаў назву якабінскага клуба (ад назвы бібліятэкі манастыра Св. Якава, дзе праходзілі яго пасяджэнні). Затым быў заснаваны клуб кардэльеры («Саюз сяброў правоў чалавека і грамадзяніна»). Яго актыўнымі дзеячамі былі адвакат Жорж Дантон і журналіст Каміль Дземулен. Вялікай папулярнасцю карысталася газета «Сябар народа», якую выдаваў лекар і журналіст Жан Поль Марат.

Рэвалюцыйная Францыя знішчыла старыя звычаі і прывілеі. Устаноўчы сход абвясціў свабоду сумлення, адмяніў асобыя прывілеі каталіцкай царквы і пачаў прадаваць царкоўныя зямлі. Гэтыя дзеянні прымусілі многіх католікаў, якія да гэтага часу падтрымлівалі рэвалюцыю, асудзіць яе.

3 верасня 1791 г. Устаноўчы сход прыняў першую канстытуцыю Францыі. У краіне ўстанаўлівалася канстытуцыйная манархія і ўводзіўся прынцып падзелу ўладаў. Кароль меў права адтэрмінаваць любы закон, але заканадаўцы маглі адмяніць каралеўскае вета.

Былі ліквідаваныя ўсе адрозненні паміж саслоўямі. Канстытуцыя гарантавала ўсім грамадзянам роўныя правы перад законам. Яна ўрачыста абвяшчала: «Феадальная сістэма ў Францыі адменена назаўсёды». Аднак выбарчае права было абмежавана высокім маёмасным цэнзам і двухступенчатай сістэмай выбараў.

Усталяванне канстытуцыйнай манархіі не магло супакоіць незадаволеных простых людзей: рэвалюцыя не дала ім таго, чаго ад яе чакалі. Радыкальныя рэвалюцыянеры хацелі ўстанаўлення рэспублікі, а большасці дваран прыняцце канстытуцыі 1791 г. здавалася занадта рашучым крокам.

Людовік XVI з сям'ёй вырашыў бегчы з краіны, але на мяжы быў затрыманы і дастаўлены ў Парыж. Будучы палонным Устаноўчага сходу, кароль падпісаў канстытуцыю.