§ 26-3. Вялікая французская рэвалюцыя

5. Рэвалюцыйная Францыя і Еўропа

Рэвалюцыйныя падзеі ў Францыі не на жарт устрывожылі еўрапейскіх манархаў, занепакоеных захаваннем парадку ва ўласных уладаннях. У жніўні 1791 г. аўстрыйскі імператар і прускі кароль падпісалі дэкларацыю аб гатоўнасці іх краін да сумесных дзеянняў з мэтай аднаўлення ўлады французскага караля. Англія і Расія падштурхоўвалі Аўстрыю і Прусію, якія яшчэ нядаўна варагавалі паміж сабой, да хутчэйшага ўварвання ў Францыю. З гэтага часу знешняя пагроза стала найважнейшым фактарам у развіцці Вялікай французскай рэвалюцыі.

Для барацьбы з рэвалюцыйнай Францыяй еўрапейскія дзяржавы стваралі часовыя ваенна-палітычныя саюзы, вядомыя як «антыфранцузскія кааліцыі». З 1792 па 1802 г. у Еўропе разгарнулася серыя войн, накіраваных супраць Францыі. Сярод яе праціўнікаў асабліва вылучаліся Аўстрыя, Прусія, Англія і Расія.

У красавіку 1792 г. Францыя абвясціла вайну Аўстрыі. Апошнюю падтрымала Прусія. Нагодай для вайны паслужыў канфлікт паміж Францыяй і нямецкімі князямі, якіх рэвалюцыя пазбавіла зямельнай уласнасці ў Эльзасе. Спачатку баявыя дзеянні развіваліся не на карысць французаў. Французская армія была дрэнна арганізаваная, не мела належнага забеспячэння. Многія афіцэры і генералы паўставалі на шлях здрады. Праблемы стварала і рэвалюцыйная дэмакратыя. Справа даходзіла часам да кур'ёзаў. Так, адзін рэвалюцыйна настроены полк запатрабаваў правесці галасаванне з нагоды таго, атакаваць непрыяцеля ці не.

У жніўні 1792 г. аўстра-прускія войскі перайшлі мяжу Францыі і пачалі прасоўвацца да Парыжу. На пагрозу захопу сталіцы французскі народ адказаў патрыятычным уздымам.

Паведамленне пра пакаранне смерцю Людовіка XVI выклікала перапалох у еўрапейскіх сталіцах. Манархі былі занепакоеныя і прасоўваннем рэвалюцыйных войскаў. Да 1793 г. французская армія дабілася пэўных поспехаў. Яна захапіла Брусэль і пагражала Галандыі і Прусіі. Больш за тое, Канвент выдаў пракламацыю, што абяцала дапамогу «ўсім народам, якія жадаюць атрымаць свабоду».

У сакавіку 1793 г. Вялікабрытанія, Галандыя і Іспанія далучыліся да Аўстрыі і Прусіі ў іх барацьбе супраць Францыі. Немцы і галандцы адцяснілі французаў за Рэйн, Іспанія даслала войскі ў Паўднёвую Францыю, а англічане захапілі порт Тулон.

Сітуацыя змянілася ў 1796 г., калі французскую армію ўзначаліў Напалеон Банапарт. Яго поспехі ў Італіі прадвызначылі перамогу Францыі ў Першай рэвалюцыйнай вайне, якая скончылася падпісаннем у 1797 г. Аўстрыйскага міру. На наступны год Англія і Аўстрыя пры падтрымцы Расіі сфарміравалі другую антыфранцузскую кааліцыю. Вайна другой кааліцыі завяршылася падпісаннем у 1802 г. міру паміж Францыяй і Англіяй. Французы дасягнулі пэўных палітычных поспехаў у Еўропе. У той жа час Англія атрымала найбольшы выйгрыш, набыўшы багатыя ўладанні Галандыі і Францыі.

Вялікая французская рэвалюцыя азнаменавала крах феадальных адносін і станаўленне новага буржуазнага грамадства. Акрамя таго, рэвалюцыйная Францыя паставіла манархічныя рэжымы Еўропы перад тварам буйнамаштабнага ваеннага канфлікту. У Францыі былі абвешчаныя асноўныя свабоды чалавека, замацаваныя ў канстытуцыі, другой у Еўропе. Дзень узяцця народам Бастыліі — 14 чэрвеня — цяпер адзначаецца французамі як галоўнае нацыянальнае свята, а «Марсельеза» стала гімнам сучаснай Францыі.